Галоўная / Аб раёне / Гісторыка-культурная спадчына

Гісторыка-культурная спадчына

ПОМНІКІ, УКЛЮЧАНЫЯ Ў ДЗЯРЖАЎНЫ СПІС ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь па Свіслацкаму раёну ўнесена 23 помніка. З іх: 5 - помнікаў архітэктуры (2 катэгорыя каштоўнасці), 11 - помнікаў археалогіі (3 катэгорыя каштоўнасці), 1 - помнік К.Каліноўскаму (2 катэгорыя каштоўнасці), 1 - царква Успення Прысвятой Багародзіцы ў в.Доброволя (3 катэгорыя каштоўнасці) і 5 - помнікаў гісторыі (3 катэгорыя каштоўнасці).

Будынак былой гімназіі (бальніца)
Помнік архітэктуры. Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак накрыты двухсхільным дахам. Заходні тарцовы фасад аформлены каланадай дарычнага ордэра з атыкам. Два ўваходы на бакавым фасадзе завершаны ў выглядзе порцікаў з дзвюма парамі квадратных у сячэнні слупоў. Унутраная планіроўка і дэкор інтэр’ера не захаваліся. У цяперашні час тут размяшчаецца дзіцячае аддзяленне УАЗ “Свіслацкая цэнтральная раённая бальніца”.

Брацкая магіла
У цэнтры г. Свіслач па вул. 17 Верасня знаходзіцца брацкая магіла. Па свайму тыпу належыць да помнікаў гісторыі. На магіле ўстаноўлены помнік – фігура салдата з карабінам ля трохграннай стэлы на пастаменце з мемарыяльнай дошкай. Выраблены з бетона, агароджаны металічнымі ланцугамі. Пахаваны 398 воінаў 190-га стралковага палка 5-й стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту, а таксама воіны 336-га стралковага палка і партызан, якія загінулі пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод пахаваных - Герой Савецкага Саюза Мікалай Паўлавіч Масонаў.

Помнік Кастусю Каліноўскаму
Нерухомая гісторыка-культурная каштоўнасць: помнік гісторыі. Па вул. Леніна г.Свіслач у 1958 г. устаноўлены помнік Кастусю (Канстанціну Вікенцію Сямёнавічу) Каліноўскаму. Работа вядомага беларускага скульптара Заіра Азгура, бронза; вышыня бюста 1,05 м, пастамента 3 м. Пагрудны бюст К.Каліноўскага пастаўлены на высокім пастаменце пірамідальнай формы. Стрыманы парыў, ганаровая незалежнасць, духоўная актыўнасць героя перададзены ў павароце галавы, смелым позірку, у рысах твару. Кампазіцыя бюста ажыўлена рухам рукі, якая трымаецца за штрыфель фрака. Стараная прапрацоўка форм, дэталей касцюма (фрак, шырокі гальштук) надае вобліку жыццёвую канкрэтнасць і верагоднасць.
Брацкая магіла
У в. Ханявічы па вул. Школьная знаходзіцца брацкая магіла. Помнік гісторыі – скульптурная кампазіцыя: воін і партызанка. Пахаваны 75 воінаў і адзін партызан, што загінулі ў ліпені 1944 г. у баях за вызваленне Свіслацкага раёна ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў, а таксама мірныя жыхары вёскі, растраляныя 12 ліпеня 1941г. нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Царква Успення Прасвятой Багародзiцы
Царкава пабудавана ў 1840 годзе ў цэтры вёскі Дабраволя з дрэва, трохзрубная, на падмурку Помнік драўлянага дойлідства. Цэнтральны кубападобны зруб накрыты шатровым дахам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай на васьмігранным барабане. Па падоўжнай восі далучаны квадратныя пад двухсхільнымі пакрыццямі аднолькавыя па габарытах прытвор і апсіда. Сцены ашаляваны гарызантальна. У дэкаратыўнай аздобе выкарыстаны разныя фрызы, падзоры, ліштвы аконных праёмаў і дзвярэй.

Фрагменты былой сядзібы
Помнік архітэктуры, знаходзіцца у в. Вердамічы. Комплекс збудаваны ў XIX ст. на землях, набытых Юльянам Эдуардавічам Талочкам, упершыню маёнтак пазначаны як маёмасць Талочкаў у 1817 г. Будынак не захаваўся. У 1840 г. пры маёнтку заснаваны бровар, які базіраваўся на старым бровары. У 1862 г. галоўны вытворчы будынак быў аднапавярховы, мураваны. У 1905 г. з паўночна-ўсходняга боку да старога будынка прыбудоўваецца двухпавярховая частка. Паўночна-ўсходні фасад спіртзавода з’яўляецца ўнікальным прыкладам прамысловай архітэктуры канца XIX – пачатку XX ст. Захаваўся ў паўразбураным стане.

Фрагменты былога касцёла
Касцёл пабудаваны ў в. Грынявічы з цэглы пры кляштары францысканцаў. У 1832 г. перароблены пад праваслаўную царкву і перабудаваны. Храм трохнефавы, базілікальны, з бязвежавым фасадам і прамавугольнай апсідай. Накрыты пакатым (раней высокім) двухсхільным дахам. Крывалінейны галоўны фасад трох’ярусны, дэкарыраваны карнізнымі паячамі, спаранымі пілястрамі і завершаны фігурным франтонам. Дзверы галоўнага ўвахода з каванымі фігурнымі накладкамі. Інтэр’ер меў выцягнутую па падоўжнай восі кампазіцыю. Галоўны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, бакавыя – плоскія з драўлянымі перакрыццямі. Над уваходам размяшчаны хоры. Сцены расчлянёны спаранымі пілястрамі і шырокім карнізным поясам. Захаваўся ў паўразбураным стане, зберагліся фрагменты мураванай агароджы і брама XVIIIст.

Міхайлаўскі касцёл: скульптура і дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера, звон з гравіраванымі рэльефамі
Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Касцёл пабудаваны ў г.п. Поразава ў 1825 – 1828 гг. Прамавугольны ў плане будынак, крыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завяршаны трохвугольным франтонам з галоўкай. Сцены складзены з часанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз, франтон галоўнага фасада цагляныя, атынкаваныя, Інтэр’ер зальны, столь плоская, драўляная. Уздоўж заходняй сцяны – хоры. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (XVIII ст.) – характэрныя ўзоры народнага манументальна – дэкаратыўнага мастацтва. У надбрамнай званіцы – звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749г.У цяперашні час касцёл дзейнічае.

Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, парк у г.п. Поразава
Прамавугольны ў плане будынак з драўлянага бруса на падмурку, накрыты высокім ламаным дахам. Сцены звонку ашаляваныя, унутры атынкаваныя. Вокны прамавугольныя. Тры рэзаліты (над сярэднім мансарда) вылучаны на галоўным фасадзе прамавугольнымі выступамі, з боку парку – гранёнымі эркерамі з ламанымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі шатровымі дахамі.
Цэнтральны ўваход аформлены ганкам на чатырох слупах. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Планіроўка дома калідорная Перад галоўным фасадам круглы партэр. За домам – парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Парадная частка мае сіметрычна-восевую пабудову. На восі размешчана шырокая (10 м.) уязная ліпавая алея. За дрэвамі адкрываецца адкрываецца партэр сядзібным домам. Вось сіметрыі перад партэрам падкрэслена дзвюва шчыльнымі групамі клёну. Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца сядзібны дом з высокай ламанай страхой, пабудаваны з бруса. Сцены ашалёваныя, у сярэдзіне атынкованыя. Будынак мае складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Бакавыя фасады фланкіраваны двухпавярховымі вежамі, падобнымі на альковы і завершанымі шатровымі стрэхамі. Паркавы фасад мае гранёны эркер з ламанай страхой, парадны фасад упрыгожвае ганак на чатырох слупах, якія трымаюць мансарду. З усходняга і паўночнага бакоў дом абкружае пейзажны парк. Да яго з заходняга боку ў выглядзе баскета прымыкае сад і гаспадарчы двор. Ад партэра праз парк да гаспадарчага двара праходзіць ліпавая алея, якая заніруе заходнюю частку парку з маляўнічымі рэдкімі пасадкамі старых дрэў (елка, граб, ясень, таполя белая, дуб, конскі каштан, лпа, клён, бяроза). Аллея (ахаваліся 23 дрэвы), відавочна, элемент старой кампазіцыі. Яна прадстаўленая дрэвамі ва ўзросце 150 – 180 гадоў. Паўночна-усходнюю частку парку займае вялікая паляна, абсаджаная нешырокай паласой дрэў з чаромхай. Уздоўж яе, перпендыкулярна пойме, праходзіць другая ліпавая алея шырынёй 4 м.

Брацкая магіла
Па вуліцы 1 Мая, у скверы г.п.Поразава размяшчаецца брацкая магіла, устаноўленая ў 1960г. Помнік гісторыі – фігура маці з сынам на пастаменце з мемарыяльнай дошкай і барэльефам ў ніжняй частцы помніка.

Брацкая магіла

На паўднёвы захад ад пасёлка Поразава пахаваны 123 воіны, 3 партызаны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Сярод пахаваных – воіны 391-га і 442-га палкоў Рэчыцкай стралковай дывізіі 48-ай арміі 1-га Беларускага фронту, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Поразава і Свіслацкага раёна. У 1957 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Брацкая магіла
Па вул. 1 Мая ў в. Новы Двор устаноўлены помнік – фігура салдата са сцягам і партызанка з аўтаматам на пастаменце з мемарыяльнай дошкай.

Каменныя магілы перыяду сярэднявечча (XIV – XVI стагоддзі)
У в. Вілейшы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000473 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, за 180 м на поўнач ад геадэзічнага знака (геаграфічныя каардынаты знака – даўг. 52˚.59΄.27΄΄.190.; шыр. - 24˚.17΄.49΄΄.203.).
Тэрыторыя помніка – 1800 м2. Паўднёва-усходняя мяжа помніка пачынаецца за 180 м на поўнач ад геадэзічнага знака, шырыня помніка (на захад) складае 30 м, даўжыня (на поўнач) – 60 м. Помнік размешчаны ў лесе на прыродным узвышшы, а таксама на схіле і ў яго падножжа.


Каменны могільнік
У в. Вялікая Свянціца Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000474 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны ва ўрочышчы Чырвоны Гай.
Тэрыторыя могільніка – 8085 м2. Могільнік размешчаны на высокім прыродным узвышшы за 180 м на паўднёвы ўсход ад царквы. Могільнік па перыметры акружаны ровам – гэта штучна зробленая мяжа з’яўляецца мяжой зоны аховы культурнага слоя і адначасова ахоўнай зонай помніка.

Селішча перыяду сярэднявечча (XII – XVII стагоддзі)
У в.Качкі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000477, у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчана на паўночнай ускраіне вёскі. Тэрыторыя селішча – 120000 м2. Помнік лакалізаваны на паўночнай ускраіне вёскі. Яго паўночнай мяжой з’яўляецца грунтовая дарога каля левага берага р. Калонкі. Усходняя мяжа знаходзіцца за 500 м ад маста праз раку, заходняя – за 250 м ад маста праз раку, паўднёва-усходняя мяжа супадае з лініяй агародаў, паўднёвая – падымаецца на ўзвышша і даходзіць да прыватных участкаў, паўднёва-заходняя мяжа знаходзіцца на адлегласці да 60 м ад дарогі з в. Гаркаўшчына ў в. Качкі.

Каменныя магілы перыяду позняга сярэднявечча (XIV – XVIII стагоддзі)
На ўсходняй ускраіне в. Палуянкі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000479 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны на ўсходняй ускраіне вёскі. Тэрыторыя могільніка – 2420 м2. Могільнік размешчаны на ўскрайку высокага марэннага ўзвышша. Натуральнымі межамі помніка з’яўляюцца схілы ўзвышша з паўднёвага, усходняга і паўночнага бакоў. Акрамя таго, паўднёвая мяжа помніка праходзіць па мяжы кар’ера. Заходняя мяжа гісторыка-культурнай каштоўнасці знаходзіцца на адлегласці 55 м ад пачатку ўзвышша.

Каменныя магілы (XIV – XVI стагоддзі)

У в.Студзенікі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000488 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны на ўсходняй ускраіне вёскі. Тэрыторыя могільнніка – 2761 м2.
Могільнік размешчаны на невысокім пагорку. Схілы пагорка з паўночна-усходняга, паўночнага і паўночна-заходняга бакоў з’яўляюцца натуральнымі межамі могільніка. З паўднёва-заходняга боку тэрыторыя могільніка абмежавана кар’ерам (які знішчыў частку гісторыка-культурнай каштоўнасці).

Гарадзішча (X – XIII стагоддзі)
У в.Хрустава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000488 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчана за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. Тэрыторыя гарадзішча – 680 м2. Гісторыка-культурная каштоўнасць займае паўночную мысавую частку марэннага ўзвышша, ад працягу якой яно адрэзана ровам шырынёй больш 20 м. Пляцоўка гарадзішча авальнай формы памерамі 40 х 17 м, выцягнута з поўначы на поўдзень.

Каменны могільнік (XIV – XV стагоддзі)
У в.Ятвеск Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000491 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны за 1,2 км на поўнач ад вёскі. Тэрыторыя могільніка – 3823,75 м2. Межы гісторыка-культурнай каштоўнасці: усходняя мяжа – грунтовая дарога ўздоўж поля, паўднёвая – па лініі нежылога дома; заходняя – на адлегласці 5-25 м ад дарогі да царквы, паўночная – мяжа прыватнай гаспадаркі.

Стаянкі перыяду каменнага і бронзавага вякоў, селішчы перыяду сярэднявечча (XIV–XVIII стст.)

Каля в.Грыцкі (Грыцкі 1/2 і Грыцкі 3) Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнікі археалогіі, з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000476 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) – гэта шматкультурны і розначасовы археалагічны комплекс, які складаецца з: Стаянка і селішча Грыцкі 1/2 размешчана праз 0,25 км амаль на поўнач і 0,5-0,7 км на паўночны-ўсход ад паўночнай ускраіны вёскі (крайняй паўночнай хаты на дарозе Свіслач-Поразава), праз 0,1-0,5 км на паўночны-ўсход і ўсход ад маста праз р. Свіслач на пясчаных павышэннях правага берага ракі. Тэрыторыя помніка – 80000 кв.м. Заходняй мяжой помніка з’яўляецца асфальтавая дарога Свіслач-Поразава. З паўднёвага боку ён абмежаваны забалочаным руслам ракі, з паўночнага – межамі пясчаных павышэнняў. Асноўная плошча знаходак прыпадае на тэрыторыю паміж дарогай і дзвюма меліярацыйнымі каналамі і дасягае памераў каля 200х400м (з Пн на Пд і З на У).

Стаянка і селішча вёска Грыцкі 3
Размешчана на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, якая выцягнута з паўночнага-захаду на паўднёвы-усход уздоўж русла р. Свіслач, праз 0,05 км на паўднёвы-ўсход ад маста на дарозе Свіслач-Поразава, на пясчаных павышэннях левага берага ракі. Заходняй мяжой помніка з’яўляецца асфальтавая дарога Свіслач-Поразава. З паўночнага боку ён абмежаваны забалочаным руслам ракі, з паўднёвага і паўднёва-ўсходняга – агародамі і гаспадарчымі пабудовамі вёскі. Асноўная канцэнтрацыя знаходак прыпадае на плошчу 200х300 м (з Пн на Пд і З на У). Тэрыторыя помніка – 60000 кв.м.

Камень-следавік перыяд бронзавага веку г.п.Поразава, 1 км на паўднёвы захад ад пасёлка.

Стаянка перыяду каменнага і бронзавага вякоў, селішча перыяду сярэднявечча
Каля в.Ранявічы (Ранявічы 1) Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000486 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размяшчаецца праз 0,1 км на поўдзень і паўднёвы-ўсход ад вёскі, 0,2 км на паўднёвы-захад ад маста праз раку на асфальтавай дарозе, на павышэннях левага берага р. Свіслач. Тэрыторыя помніка – 25000 кв.м. Помнік выцягнуты ўздоўж цячэння ракі па лініі ПнЗ–ПдУ на 0,25 км, а з ПдЗ на ПнУ на 0,1 км. Ён абмежаваны з паўночнага боку асфальтавай дарогай, з усходняга - палявой дарогай да хутара і руслам ракі. Заходняя і паўднёвая мяжа помніка вызначаюцца па канцэнтрацыі знаходак, якія заканчваюцца на вяршыні пагорка за лініяй электраперадач.

Стаянка перыяду каменнага і бронзавага вякоў, селішча перыяду сярэднявечча

Каля в.Ражкі (Ражкі 1) Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000485 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размяшчаецца праз 1,3-1,9 км на паўночны-захад-захад ад заходняй ускраіны в. Ражкі, праз 0,35-0,4 км на поўдзень і паўднёвы-усход ад маста на грунтовай дарозе Ражкі-Грыцавічы, праз 0,2 км ад дарогі ў напрамку да русла ракі, на правым і левым берагах р. Свіслач. Тэрыторыя помніка – ад 35000 да 80000 кв.м. Помнік выцягнуты ўздоўж цячэння р. Свіслач па лініі ПнЗ–ПдУ да 0,35-0,4 км, а з ПдЗ на ПнУ да 0,1-0,2 км. Асноўная канцэнтрацыя знаходак на правабярэжжы прыпадае на павышаны ўчастак паміж дзвюмя меліярацыйнымі каналамі і займае плошчу каля 100х350 м. Тут межы помніка абмежаваны прыроднымі контурамі павышэння і забалочаным руслам ракі. На левабярэжжы р. Свіслач на працягу 40 м у агаленнях берага сустракаецца значная колькасць ганчарнай керамікі і прасочваецца культурны пласт магутнасцю да 0,3 м.