Адрас: 231969, Гродзенская вобласць, г. Свіслач, вул. Леніна, 8,
Час працы: аўторак-пятніца – 9.00-18.00, субота-нядзеля 9.00-13.00, 14.00-18.00, выхадны – панядзелак.
Тэлефон: (8-015-13) 3-32-92 (Кіраўнік - Якімец Людміла
Аляксандраўна), 3-41-48 (экспазіцыя музея)
Электронны адрас: musey-svisloch@tut.by
Сайт: http://svisloch-museum.by/
БЯСПЛАТНА наведваюць музей інваліды, ветэраны ВАВ, вайскоўцы тэрміновай службы, дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, музейныя работнікі.
Гісторыя
Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей размяшчаецца ў адным з найстарэйшых будынкаў горада, пабудаваным у 1907 годзе. Першапачаткова гэта была яўрэйская карчма, затым пасля Вялікай Айчыннай вайны размяшчалася гасцініца. Рашэннем Гродзенскага абласнога выканкама Савета дэпутатаў працоўных ад 12.04.1976 г. № 167. у г. п. Свіслач быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей, экспазіцыя пачала працаваць з 24 жніўня 1979 года.
Першым дырэктарам музея з 1976 па 1980 годзе быў Кушалевіч Яўген Францавіч. З 1981 па 2003 год - Пакутнік Мікалай Уладзіміравіч, з 2004 года - Трофімік Вольга Сяргеяўна, з 2010 года дырэктар музея – Марцінчык Наталля Станіславаўна, з 2011 года - Шапель Андрэй Вацлававіч, з 2014 – Пекар Анастасія Юр'еўна.
Агульная плошча музея 297 кв. м., экспазіцыйная – 189 кв. м., фондасховішча – 19 кв. м., выставачная – 40 кв. м..
Колькасць экспанатаў асноўнага фонду складае больш за 7,7 тысяч адзінак, навукова-дапаможнага фонду – больш за 4,6 тысяч адзінак. Штогод музей наведвае больш за 10 тысяч чалавек, праводзіцца больш за 280 экскурсій.
Першая зала «Гісторыя мястэчка Свіслач», прысвечана гісторыі Свіслаччыны з самых старажытных часоў да 1900 года. Адна з тэм дадзенай залы адлюстроўвае гісторыю роду Тышкевічаў: экспануецца макет Свіслачы канец XVIII пачатак XIX стагоддзя, дакументы і матэрыялы аб адной з першых навучальных устаноў Беларусі – Свіслацкай гімназіі, якая была адкрыта ў 1805 годзе на сродкі і пры садзейнасці графа Вікенція Тышкевіча. Асобнай тэмай прадстаўлены «Свіслацкі кірмаш».
Другая зала музея адлюстроўвае ваенныя падзеі, якія адбываліся на Свіслаччыне ў розныя перыяды гісторыі: вайна 1812 года, паўстанне К. Каліноўскага 1863-1864гг., Першая сусветная і Вялікая Айчынная вайна.
Куток прыроды адлюстроўвае жывёльны і раслінны свет Белавежскай пушчы. Экспануюцца чучалы жывёл і птушак.
З жніўня 2009 года ў музеі працуе выставачная зала. Вялікая роля ў музейнай дзейнасці адводзіцца выставам. З адкрыццём выставачнай залы з'явілася магчымасць выкарыстоўваць уласныя фондавыя калекцыі для паказу шырокай публіцы. Кожны месяц музей сустракае наведвальнікаў новай выставай.