Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
04.09.2023

Лукашэнка павіншаваў жыхароў Ліды і Лідскага раёна з 700-годдзем горада

2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жыхароў Ліды і Лідскага раёна з 700-гадовым юбілеем горада. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Гісторыя горада сваімі каранямі ідзе ўглыб стагоддзяў. Вы атрымалі ў спадчыну багатыя традыцыі, духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, сярод якіх знакаміты Лідскі замак, які даўно стаў візітнай карткай рэгіёна і штогод прыцягвае тысячы турыстаў", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння Ліда - гэта горад, накіраваны ў будучыню. "Будуецца жыллё, развіваецца сацыяльная сфера, абнаўляецца інфраструктура. Дзякуючы стараннай стваральнай працы жыхароў раён знаходзіцца сярод лідараў у вобласці і рэспубліцы па многіх эканамічных паказчыках як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы. Лідскія прадукты добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Самых добрых слоў заслугоўваюць вашы любоў да сваёй малой радзімы, павага да памяці продкаў, клопат пра захаванне непарыўнай сувязі часоў і пакаленняў. Упэўнены, так будзе і ў далейшым", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў жыхарам Ліды і Лідскага раёна моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, новых дасягненняў і поспехаў на карысць лідскага краю і любімай Беларусі.