Удзельники свята вадзілі "казу", каб на полі быў добры ўраджай, "мядзведзя", каб у сям'і ўсе былі здаровыя і багатыя. Віншавалі гаспадароў. Наладжвалі варажбу, розныя забавы і гульні, спявалі песні -- калядкі, шчадроўкі. Сярод калядоўшчыкаў абавязкова быў і зорканоша, які насіў зорку -- сімвал дабра і свята.
На Гродзеншчыне другі год запар рыхтуюцца да маштабнага падзейна-культурнага праекту “Сход калядоўшчыкаў”. Упершыню ён адбыўся напрыканцы 2020 года ў “сялянскай хаце” – музейным пакою Абухаўскага цэнтра культуры, і стаў новай культурнай падзеяй у раёне. Лепшыя калядоўшчыкі з усяго раёна прыехалі ў Абухава, дзе іх чакалі ў народных строях гаспадар Віктар Саковіч і гаспадыня Ірына Стральчэня. Спявалі, калядавалі, жадалі людзям ладу ды шчасця ў новым годзе. А потым варажылі, выконвалі народныя танцы: “Дробна полька”, “Чорна галка”, “Ойра”, вальсок, “Падыспан”, “Кадрыля”.
Кожная вёска і яе жыхары маюць асаблівасці святкавання калядавання. Напрыклад, у Адэльску на Куццю рабілі ламанцы, а ў сапоцкінскім рэгіёне – "кокоры" – спецыяльна прыгатаваная на вігілійную вячэру страва з бульбы. Напрыканцы снежня калядоўшчыкі ўжо пабывалі ў Зарачанцы Гродзенскага раёна. І не толькі жадалі прысутным шчаслівага, удалага, багатага Новага года, але і праспявалі мясцовы адметны распеў “Многая лета”!
Імправізаваную галаву бусла прымацоўваюць на палку. Чалавек носіць яе над сабой уверсе, а сам хаваецца пад белай прасціной. У афарбоўцы касцюма бусла дамініравалі тры колеры — белы, чырвоны і чорны. Гэта наогул старажытная колеравая трыяда Гарадзенскай вопраткі. Як раз у гэтым годзе Бусел упершыню будзе ўведзены ў абрадавыя дзеянні.
У гэтым годзе на другі дзень свята Нараджэння Хрыстова калядоўшчыкі і фалькларысты накіруюцца ў Скідзель, Каробчыцы, Абухава. А на бібліёбусе завітаюць і да жыхароў аддаленных населеных вёсак раёна, не забудуцца наведаць і сваіх чытачоў у доме-інтэрнаце для састарэлых, інвалідаў у вёсцы Белыя Балата, каб падарыць пацыентам калядныя песні, пажаданні здаро’ўя і салодкія падарункі.
Абыход двароў, рытуальнае застолле, моладзевыя вечарынкі, гульні ды ігрышчы — гэта ўсё беларускія Каляды, жывая традыцыя народу, якую можна пабачыць на ўласныя вочы ў Гродзенскім раёне, а яшчэ цікавыя майстар-класы ад майстроў аддзела этнаграфіі, фальклора і раместваў па вырабе каляднай зоркі, ланцужкоў і ёлачных цацак з матэрыялаў, якімі карысталіся нашыя продкі.