Летась замак у Лідзе наведала больш за 72 тысячы чалавек.
Гэта амаль у два разы больш, чым у 2020 годзе, але ўсё роўна не так шмат, як у дапандэмійны 2019 год. У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, у структуры якога знаходзіцца крэпасць, звярнулі ўвагу, што трэба ўлічваць новыя турыстычныя тэндэнцыі. Яны, дарэчы, бязлітасныя ў адносінах да ўсяго свету, але карэспандэнты "Звязды" паспрабавалі даведацца аб мясцовых «выкліках», якія вырашаюць лідскія навуковыя супрацоўнікі.
Час аскетызму
Першае, на што звяртае ўвагу Вольга Піліпчук, дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея, гэта эпоха Сярэднявечча, у якую быў узведзены замак. Выдатны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя яшчэ называюць замкам князя Гедыміна, які па яго загадзе быў закладзены ў 1323 годзе. Крэпасць ўваходзіла ў лінію абароны супраць крыжакоў Наваградак — Крэва — Меднікі — Трокі і мела чыста функцыянальнае значэнне.Таму крэпасць пабудавана з каменя і цэглы ў форме няправільнага чатырохвугольніка з двума вуглавымі вежамі. Тут няма архітэктурных тонкасцяў. Вядома, што ў канцы XIV стагоддзя Лідскі замак уяўляў сабой чатырохвугольнае каменнае збудаванне з мурамі агульнай даўжынёй 340 м, вышынёй 12 м, з зубцамі ў верхняй частцы і баявой галерэяй. У паўднёвым куце замкавага двара стаяла каменная вежа вышынёй больш за дваццаць метраў з шатровым дахам. Там жа былі кухня, кузня, невялікая драўляная праваслаўная царква.У паўночным куце размяшчаўся калодзеж, а ўздоўж муроў прыціскаліся вузкія драўляныя казармы, якія раздзяляліся перагародкамі на пакоі, у кожным з якіх мелася невялікая кафельная печка. У вежы, на верхніх паверхах, меліся жылыя памяшканні. У паўднёвым і паўночным замкавых мурах былі закрытыя брамамі праёмы для заезду. Лідскі замак атачаўся балоцістымі берагамі рэк Лідзеі і Каменкі, бо часта станавіўся надзейным сховішчам для сярэднявечных князёў і іх палітычных саюзнікаў. Старажытныя муры памятаюць, як жылі ў іх сам Гедымін і Вітаўт, спраўлялася вяселле польскага караля Ягайлы і маладой прыгажуні Соф’і Гальшанскай, як воіны адбівалі нашэсце ворагаў-заваёўнікаў.— Турысты вельмі часта параўноўваюць Лідскі замак з Мірскім і Нясвіжскім. Пры гэтым, не ўлічваючы, што будаваліся крэпасці ў розныя эпохі, калі пышнае ўбранне і прыгажосць набываліся паслядоўна. Мы — час аскетызму. Перыяд, калі галоўнай задачай была абарона, таму тут так мала разнастайнага строю: дарагіх ваз або габеленаў, карцін або музычных інструментаў. Аднак наша музейная калекцыя захоўвае ўнікальныя археалагічныя знаходкі, у кожнай з якіх свая гісторыя, — заўважае Вольга Віктараўна.У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваюцца многія прадметы прыкладна тых часоў, знойдзеныя пры раскопках на тэрыторыі Лідскага замка. Сярод іх мноства фрагментаў керамічнага посуду, кафляў, чарапіцы, кароткі меч (корд), каваны кінжал, кальчуга, каменныя ядры, стрэлы, наканечнікі арбалетных стрэл, падкоўка ад рыцарскіх ботаў, рыцарская шпора, шахматная і шашачная фігуркі, касцяныя і жалезныя прадметы.Дырэктар музея звяртае ўвагу, што Лідскаму замку было б нядрэнна працаваць з Крэўскім замкам, таму з нецярпеннем чакаецца яго аднаўленне.Эклектыка даспехаў
Сёння ў Лідскім замку для наведванняў даступныя абедзве вежы: паўночна-ўсходняя, або вежа Вітаўта, і паўднёва-заходняя — вежа Гедыміна. На кожным паверсе свая ўнікальная экспазіцыя з экспанатамі, якія адносяцца да XIV-XVI стагоддзяў. Сярод іх найбольш вядомая цэгла-пальчатка і меч-корд са знакам пасаўскага ваўка. Такіх ва ўсім свеце няшмат. Усяго тут прадстаўлена каля ста сапраўдных артэфактаў.Экспазіцыю ў Лідскім замку спрабуюць трохі асучасніць, хоць да Сярэднявечча складана прывязаць сучасныя тэхналогіі, заўважае дырэктар музея. Так, усталёўваюцца інтэрактыўныя карты, якія адлюстроўваюць самыя важныя падзеі — войны і іншыя перыпетыі, якія ўсё ж дазволілі захаваць пераемнасць пакаленняў і духоўнае багацце. Такім чынам, можна зразумець, у якую складаную эпоху жылі нашы продкі, а галоўнае, на якой цікавай тэрыторыі, бо абараняцца ім даводзілася як ад крыжакоў, так і ад набегаў татараў.— Таму такі ўплыў вельмі добра адбіваецца на ўзорах даспехаў. Яны сапраўдны прыклад эклектыкі, паколькі ўвабралі ўплыў, як Усходу, так і Захаду, — кажа Вольга Віктараўна.Сёння ў замку працуе некалькі відаў экскурсійных і забаўляльных праграм, а таксама інтэрактываў і квэстаў, разлічаных на аўдыторыю рознага ўзросту. Экскурсіі праводзяць навуковыя супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея.Правядзенне рыцарскіх і конных турніраў ужо даўно не з’яўляецца фішкай Лідскага замка, хоць гэтая тэма пачала развівацца менавіта тут з 2005 года — з першага рыцарскага спаборніцтва «Меч Лідскага замка». У наступныя гады яно не аднойчы збірала ўдзячных гледачоў, рыцарскія клубы, гасцей з іншых краін. Рабілася ўсё, каб пра жамчужыну краю ведалі не толькі ў горадзе, краіне, але і за яе межамі.Сёння ж турыста даводзіцца прыцягваць больш выдасканаленымі спосабамі — ладзіць займальныя пастаноўкі, квэсты і інтэрактывы. Для наведвання распрацавана некалькі відаў экскурсій, у залежнасці ад таго, якім часам валодае турыст. Вялікім попытам карыстаецца тэатралізаваная «Вандроўка ў мінулае». Яе ўдзельнікам, акрамя пазнавальнага экскурсу ў гісторыю, прапануецца пагуляць у сярэднявечныя гульні, знайсці ключ, каб адкрыць вежу Вітаўта. І дарослым, і дзецям вельмі падабаецца анімацыйная праграма «Цвярдыня Гедыміна», бо яны могуць убачыць сапраўдных рыцараў, «пазмагацца» з імі на мячах, зрабіць сэлфі ў вобразе ваяра.Дырэктар музея заўважыла, што асаблівая цікаўнасць у гасцей выклікае праект «Замкавы гасцінец», які па традыцыі выходзіць за межы замкавых сцен. Тут музыкі «гуляюць у шапку», рамеснікі выстаўляюць свае вырабы, а мастакі прапануюць намаляваць партрэт.Нязменная гісторыя
Са слоў Вольгі Піліпчук у дапандэмійны 2019 год у Лідзе пабывала каля 92 тысяч падарожнікаў, якія ў асноўным прыбылі ў горад з-за мяжы — гэта былі расіяне, літоўцы і палякі. У той перыяд музейным работнікам было вельмі проста зразумець і ацаніць турыстычныя патокі і рытмы, ведаючы, калі варта чакаць гасцей, а калі можна выдыхнуць і падрыхтаваць новыя праекты.— Сур’ёзныя змены адбыліся ў 2020 годзе, калі ў Лідскім замку пабывала толькі 36 тысяч гасцей. Хоць у цэлым для Гродзенскай вобласці гэта былі адны з самых высокіх паказчыкаў па наведвальнасці. Але летась мы не ведалі да чаго рыхтавацца і аказалася, што актывізаваўся наш беларускі турыст. Гэта была вялікая нечаканасць, бо за год нашы музейныя экспазіцыі змаглі паглядзець 72 тысячы 222 чалавекі, — дзеліцца кіраўнік.Пры гэтым, змяніўся сам турыст. Раней у большасці гэта былі дарослыя або дзіцячыя групы, аднак у 2021 годзе паглядзець Лідскі замак у асноўным прыязджалі сем’і групамі ад двух да пяці-сямі чалавек. Таму мясцовым экскурсаводам і навуковым супрацоўнікам прыйшлося скарэктаваць схему дзейнасці.— Калі працуеш з вялікай групай, то разумееш, што часцей за ўсё гэта будзе дэманстрацыя экскурсійнага матэрыялу з малой магчымасцю дыялогу, — разважае Вольга Піліпчук.— Але нават так першыя некалькі хвілін ты выступаеш як псіхолаг — ацэньваеш групу, спрабуючы зразумець, як будзеш з ёй камунікаваць — уцягнеш у гульню ці ўладкуеш квэст. Варта разумець, што некаторай групе могуць зусім не падысці згадкі дат, а іншыя будуць гэта патрабаваць.Сямейныя турыстычныя групы для мясцовых экскурсаводаў сталі зусім новым фарматам. Па-першае, паміж наведвальнікам і гідам фарміруецца больш цесны кантакт і абавязковы дыялог. Па-другое, часцей за ўсё гэта падрыхтаваны падарожнік, які аперыруе ведамі, сабранымі ў медыя. Па-трэцяе, група з’яўляецца рознаўзроставай — часцей за ўсё гэта дарослыя і дзеці, таму вельмі важна выбудаваць экскурсію такім чынам, каб ніхто не адстаў і не стаміўся, каб кожнаму было цікава.Супрацоўнікі музея заўважылі, што пастаянная экспазіцыя ідзе ў разрэз з тэндэнцыямі, асабліва калі гаворка ідзе пра Сярэднявечча, бо турысты кожны раз хочуць убачыць нешта новае. Таму экспазіцыі ў Лідскім замку імкнуцца мяняць кожныя паўгода. Пастаянна дадаюцца новыя прадметы, а некаторыя экспанаты вандруюць з адной выставы ў іншую.— Адзінае застаецца нязменным — гісторыя, — усміхаецца дырэктар Лідскага музея.
Да слова
Сярэднявечны замак Гедыміна з’яўляецца візітнай карткай Ліды. Паўстаць з руін яму дапамагла дзяржпраграма «Замкі Беларусі». Сёння выдатны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
zviazda.by