Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
31.01.2024

Амаль 39,5 тыс. абітурыентаў прымуць ССНУ на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2024 годзе

30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 39,5 тыс. абітурыентаў будуць прыняты на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2024 годзе. Аб гэтым у прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі - начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова.

"Згодна з аператыўнай інфармацыяй па фарміраванні планаў прыёму ў 2024 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць каля 39,5 тыс.чалавек (у 2023 годзе план складаў 39,5 тыс. чалавек), з іх за кошт сродкаў бюджэту - каля 28,4 тыс. чалавек (у 2023 годзе - амаль 27,4 тыс. чалавек), платна - каля 11,1 тыс. чалавек (у 2023 годзе - каля 12,2 тыс. чалавек)", - расказала Аляксандра Пятрова.

На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі папярэдне плануецца прыняць каля 26,6 тыс. чалавек (у 2023 годзе план складаў каля 26,5 тыс. чалавек, фактычна было прынята амаль 26,1 тыс.). Найбольшая колькасць абітурыентаў традыцыйна прымаецца на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі па такіх профілях адукацыі, як "інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны" (больш як 30 працэнтаў), "бізнес, кіраванне і права" (каля 16 працэнтаў), "ахова здароўя і сацыяльная абарона"  (больш як 13 працэнтаў), "сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя" (каля 9 працэнтаў) і "педагогіка" (каля 8 працэнтаў)", - дадала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.

У 2024 годзе на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі з’явяцца новыя спецыяльнасці - "тэхнічная эксплуатацыя мехатронных сістэм электроннай вытворчасці", "вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі" і "эксплуатацыя сродкаў вымярэння".

У структуры прыёму на ўзровень прафтэхадукацыі лідзіруюць такія профілі адукацыі, як "інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны" (больш за 70 працэнтаў) і "сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя" (больш за 13 працэнтаў). Спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі ў структуры падрыхтоўкі складаюць каля 75 працэнтаў. Істотных змяненняў у структуры прыёму для атрымання прафтэх- і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па профілях адукацыі ў 2024 годзе, паводле папярэдніх даных, не чакаецца.

Павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі адбудзецца ў асноўным за кошт павелічэння прыёму па спецыяльнасцях профіляў адукацыі "інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны", "ахова здароўя і сацыяльная абарона", на ўзроўні прафтэхадукацыі - па профілі адукацыі "інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны".