3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З любымі выклікамі краіны могуць справіцца, супрацоўнічаючы і паважаючы інтарэсы адна адной, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка 2 красавіка на адкрыцці другой сесіі сёмага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ва ўмовах глабалізацыі прынцып нацыянальнага эгаізму не працуе. І з пандэміяй, і з сусветным крызісам, і з іншымі выклікамі можна справіцца толькі ў тым выпадку, калі ўсе краіны будуць супрацоўнічаць, паважаючы інтарэсы адна адной, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Назіраючы за працэсамі, якія адбываюцца на планеце, мы разумеем, што свет уступае ў абсалютна новую эпоху. Пандэмія наглядна паказала, чаго варта сучасная сістэма міжнароднай бяспекі. У свеце пануе разгубленасць, урады дзейнічаюць паасобку, а міжнародная супольнасць дэманструе няздольнасць аб'яднаць намаганні".
Паводле слоў спікера, з улікам выпрацоўкі стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе неабходна ўважліва аналізаваць, як усе гэтыя тэндэнцыі могуць паўплываць на будучую архітэктуру светаўладкавання. "Сітуацыя ж і да гэтага была няпростая. Але на сённяшні дзень эканамічны складнік міжнародных адносін яшчэ больш ускладніўся. Па сутнасці, свабоднае перамяшчэнне людзей, тавараў і капіталу амаль спынілася. Для Беларусі, безумоўна, прынцыповае значэнне мае тое, як у гэтых умовах будуць праходзіць інтэграцыйныя працэсы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Саюзнай дзяржавы", - адзначыў ён.
Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што ў гэтым плане вельмі важна помніць урокі гісторыі. "Выдатную падставу для гэтага нам дае юбілей Вялікай Перамогі, які свет будзе адзначаць у бягучым годзе. 75 гадоў таму вялікія дзяржавы змаглі пераадолець узаемны недавер і аб'яднацца, каб зберагчы свет ад фашызму. Гэта дазволіла ім не толькі за даволі кароткія тэрміны справіцца з наступствамі Другой сусветнай вайны, але і перажыць небывалы эканамічны ўздым. Гэты факт як нельга лепш сведчыць аб выгадзе адносін, пабудаваных на прынцыпах добрасуседства, раўнапраўя, узаемнага даверу і развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым вядучыя сусветныя ігракі павінны пачуць не толькі адзін аднаго, але і тыя дзяржавы, якія, не маючы глабальных амбіцый, гатовы і могуць выступаць актыўнымі суб'ектамі пабудовы больш справядлівага, бяспечнага і паспяховага свету", - заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў.