2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Азербайджан для Беларусі - стратэгічны партнёр, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым у сувязі з завяршэннем яго дыпмісіі ў нашай краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі рада вітаць вас у Савеце Рэспублікі. На жаль, сёння сустрэча праходзіць у сувязі з завяршэннем вашай дыпламатычнай місіі ў нашай краіне. Я хацела б выказаць словы ўдзячнасці за ваша добрае стаўленне, за тое, што вы зрабілі за час работы ў Беларусі для нашых краін і народаў. Той узровень адносін, які звязвае нашы краіны, - гэта ў могім вялікая заслуга нашых прэзідэнтаў і, вядома, тых людзей, якія займаюцца ў далейшым гэтай работай. За апошнія гады мы бачым, як актывізаваліся нашы двухбаковыя кантакты: і на вышэйшым, і высокім узроўнях. Адбыліся візіты прэзідэнтаў нашых краін. Гэтыя добрыя, цёплыя адносіны, што звязваюць нашы народы, нашы краіны, павінны развівацца і далей. У гэтым няма ніякага сумнення. Таму што Азербайджан - стратэгічны партнёр для нашай краіны. І заўсёды мы падстаўлялі адзін аднаму плячо, і ў няпросты час. І за гэта вялікія словы ўдзячнасці", - сказала Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, абедзве краіны дасягнулі добрых вынікаў па многіх напрамках супрацоўніцтва.
Пасол падкрэсліў, што ўдзячны за такую высокую ацэнку двухбаковых адносін і яго дзейнасці. "Гэта вынік тых задач і ўстановак, якія былі пастаўлены прэзідэнтамі падчас візіту ў 2018-м, а таксама ў бягучым годзе. Гэты візіт быў вельмі своечасовым і важным. Гэта зверка гадзіннікаў, каб рухацца наперад. У верасні павінна адбыцца міжурадавая камісія па эканамічным супрацоўніцтве", - расказаў ён.
Лаціф Гандзілаў упэўнены, што ў нашых адносін - вялікая будучыня. "Таму што рэальныя справы ўмацоўваюць не толькі эканамічныя адносіны, але і палітычныя. Нашы мудрыя кіраўнікі на працягу 30 гадоў за гады незалежнасці стварылі высокі ўзровень адносін, у тым ліку і на ўзроўні народнай дыпламатыі. Ідзе пастаянны дыялог. Для развіцця нашых адносін ёсць усе магчымасці з боку Беларусі і Азербайджана", - сказаў ён на заканчэнне.-0-