Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
31.01.2024

Баскаў: развіццё патрыятычнага турызму ў СД важна для выхавання маладога пакалення

30 студзеня, Масква /Эдуард Півавар – БЕЛТА/. Развіццё патрыятычнага турызму ў Саюзнай дзяржаве важна для выхавання маладога пакалення. Такое меркаванне выказаў журналістам намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па маладзёжнай палітыцы, спорце і турызме Дзмітрый Баскаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дзмітрый Баскаў лічыць, што ў Саюзнай дзяржаве неабходна больш удзяляць увагі развіццю маладзёжнага турызму, у тым ліку патрыятычнага. "Калі сёння не знаёміць нашу моладзь з той гісторыяй, якую перажылі нашы краіны, у тым ліку ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі мы не перададзім маладому пакаленню нашу гістарычную памяць, то мы проста страцім тое, што мы маем", - падкрэсліў ён.

Парламентарый канстатаваў, што ў Беларусі і Расіі зроблена шмат для развіцця турызму. "У нашых краінах вельмі шмат месцаў, якія з задавальненнем наведвае наша моладзь. І ва ўмовах неабгрунтаванага знешняга націску з’яўляецца жаданне і магчымасць, каб убачыць і зразумець лепш сваю краіну, убачыць шмат цудоўных мясцін, на якія па нейкіх прычынах мы не звярталі ўвагі", - адзначыў Дзмітрый Баскаў.

30 студзеня ў Смаленску Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі праводзіць парламенцкія слуханні на тэму "Развіццё супрацоўніцтва ў сферы турысцкай дзейнасці ў рамках Саюзнай дзяржавы". Яны прысвечаны ўмацаванню ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў сферы турысцкай дзейнасці. Удзельнікі мерапрыемства разглядаюць стан і перспектывы супрацоўніцтва ў турыстычнай галіне Саюзнай дзяржавы, абмяркоўваюць дзейнасць па сумесным фарміраванні і развіцці турыстычных маршрутаў з мэтай далейшага павелічэння ўнутранага і ўязнога турпатокаў у Саюзнай дзяржаве.