Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.10.2023

Беларускія палярнікі адправяцца ў Антарктыду ў пачатку лістапада

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Авангардная каманда 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) адправіцца на лядовы кантынент у пачатку лістапада. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова з удзельнікамі экспедыцыі. Мерапрыемства было прысвечана пытанням падрыхтоўкі да новага сезона, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

Уладзімір Гусакоў у час сустрэчы адзначыў: "Галоўнае, каб экспедыцыя была з'яднанай і была гатова выконваць важныя дзяржаўныя задачы. І асноўная задача - развіццё нашай станцыі ў Антарктыдзе". Звяртаючыся да ўдзельнікаў экспедыцыі, ён падкрэсліў: палярнікі павінны памятаць, што прадстаўляюць краіну, і працаваць зладжана і эфектыўна.

Як далажыў начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, работа па рэалізацыі лагістычных, тэхнічных, арганізацыйных і даследчых задач 16-й БАЭ праходзіць у планавым рэжыме. У бягучым годзе ў Антарктыду адправяцца 13 чалавек. У камандзе - 7 спецыялістаў, якія ўжо маюць вопыт работы ў Антарктыдзе, і 6 навічкоў. Важны момант - навуковыя супрацоўнікі складаюць палову складу экспедыцыі.

На сустрэчы ў НАН Беларусі былі падрабязна абмеркаваны ўсе пытанні па рэалізацыі комплексу арганізацыйных і матэрыяльна-тэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на падрыхтоўку і правядзенне сезона 2023/2024. Разгледжаны навукова-тэхнічныя мерапрыемствы, якія павінны выканаць удзельнікі экспедыцыі ў адпаведнасці з падпраграмай "Развіццё дзейнасці беларускай антарктычнай станцыі" дзяржаўнай праграмы "Навукова-інавацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" на 2021-2025 гады.