Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.10.2023

"Без бюракратыі і цяганіны". Лукашэнка абазначыў новы фармат прыватнай жылой забудовы

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Мінскі раён азнаёміўся з падыходамі ў будаўніцтве індывідуальнага жылля для грамадзян індустрыяльным метадам. Пры гэтым было абазначана галоўнае - усё неабходна рабіць без цяганіны і без лішніх затрат, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як узнікла гэта пытанне?

Аляксандр Лукашэнка прыехаў у будуемы мікрараён малапавярховай жылой забудовы Новая Аколіца. "Тэма нашага сённяшняга мерапрыемства - будаўніцтва жылля без бюракратыі і цяганіны, - з такіх слоў Прэзідэнт пачаў рабочую паездку. - Людзі скардзіліся, што доўга будуем. І справа нават не ў тым, што мы доўга будуем нейкае жыллё: каб пачаць будаўніцтва, трэба хадзіць па чыноўніках, прасіць нейкія дазволы. Хто на МНС, хто на міліцыю скардзіўся і гэтак далей".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней быў зроблены першы крок - прыватным забудоўшчыкам дазволілі будаваць так, як яны хочуць. Як некалі ў сельскіх населеных пунктах будавалі аднапавярховыя дамы, і пры гэтым людзі "ні ў кога не пыталіся, як будаваць".

"Таму было прынята рашэнне: хочаш будаваць - калі ласка, будуй. Можаш наогул ні ў кога дазвол не браць. Адзінае патрабаванне - каб дом больш-менш выглядаў нармальна і ўпісваўся ў вёску. Калі хочаце параіцца з міліцыяй, МНС, якімі-небудзь архітэктарамі - калі ласка, райцеся. Ваша справа. Але вы адказваеце - у вас дах, столь над галавой, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нічога не абвалілася. Людзі будуюць. Але яшчэ нейкія размовы ідуць. Усё нечага там не хапае. Але і ў нейкай ступені яны маюць рацыю. Мабыць, мы нешта не дарабілі".

Што Лукашэнка даручыў ураду?

У пачатку года віцэ-прэм'еру Анатолю Сіваку было даручана ў Новай Аколіцы пабудаваць пасёлак на тэрыторыі амаль 50 га. "І я яму сказаў: ідзі і будуй па-гаспадарску, так, як ты палічыш патрэбным, прымай рашэнне. Але я яго папрасіў, каб тут быў не асфальт, а бетон (пад'язныя дарогі. - Заўвага БЕЛТА) - гэта навекі. Без усякіх празмернасцей. Тут з розумам павінен быць пабудаваны пасёлак. Так, як трэба людзям. Без лішніх затрат", - заявіў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на азеляненне прылеглай да дамоў тэрыторыі, уздоўж дарог і на развязках. Ён даў канкрэтныя даручэнні, каб усё рабілася па-гаспадарску і эканомна. А што датычыцца тэрыторый каля прыватных дамоў, то тут ужо справа за самімі жыльцамі, і іх трэба на гэта арыентаваць.

"Па-гаспадарску трэба падыходзіць да ўсяго. А па-гаспадарску - гэта эканомія мільёнаў-мільёнаў рублёў. Таму мэта была і задача для віцэ-прэм'ера (ён прымае рашэнне): як вырашыце, так павінна быць, але па-гаспадарску", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак заўважыў, што ў чалавека, які мае ўласны дом і ўчастак, зусім іншы ўзровень жыцця.

"Ты маеш рацыю, гэта іншы чалавек. Я беларусам увесь час гавару: у Беларусі ўсе ўчастачкі, кавалачкі зямлі - гэта падарунак, шчасце. Я іх увесь час падштурхоўваю: купіце - у вёсках, далёкіх, неперспектыўных, закінутых. Гэта для людзей падарунак. Няхай будзе кавалачак гэтай зямлі, яна ж амаль бясплатна цяпер. Расіяне пачулі, цяпер шалёныя грошы плацяць. Нашы - туды-сюды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Якія дамы прапануюць дзяржзабудоўшчыкі і што з цэнамі?

Дзяржаўныя прадпрыемствы пакуль практычна не працуюць на рынку прыватнай жылой забудовы. І праект мікрараёна Новая Аколіца - гэта спроба выправіць сітуацыю і патанніць будаўніцтва для людзей. "Гэты пасёлак - першы этап. 12 нашых арганізацый будуюць тут дамы. У гэтай сітуацыі мы абкатваем і пэўныя тэхнічныя рашэнні", - далажыў Анатоль Сівак.

Напрыклад, па вуліцах унутры забудовы прадугледжаны аднабаковы рух, а грузавы і тэхнічны транспарт будзе рухацца толькі па ўскраіне тэрыторыі. У дамах ужо ёсць вада і каналізацыя, электраацяпленне. Кошт квадратнага метра пачынаецца з Br2,4 тыс. "Гэта цалкам гатовы дом", - заявіў віцэ-прэм'ер.

"Было даручана зрабіць розныя тыпы дамоў, каб чалавек мог выбраць", - нагадаў Прэзідэнт.

"Ёсць і драўляныя дамы. Ёсць шчытавы, з цэглы, газасілікатны", - далажыў Анатоль Сівак.

"У нас будуецца 19 тыпаў жылых дамоў, але асартымент будзе павялічвацца. Нашы вытворцы прапануюць новыя канфігурацыі, новыя плошчы. Самая маленькая плошча - 70 квадратных метраў, самая вялікая - 140 квадратных метраў", - удакладніў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.

У час будаўніцтва быў адзначаны шэраг бюракратычных перашкод, з-за якіх падагульняючы кошт дома атрымліваецца вышэйшы. Кіраўніку дзяржавы прапанавалі ўнесці змяненні ў існуючыя нарматыўныя прававыя акты, каб зняць гэтыя недахопы. Акрамя таго, урад прапануе прыняць стымулюючыя меры, у тым ліку пашырыць ільготнае крэдытаванне, каб зацікавіць людзей у куплі дома ў вёсцы.

"Уносьце, каб мы ў бліжэйшы час прынялі нарматыўныя прававыя акты і працавалі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер у Беларусі распрацоўваецца канцэпцыя будаўніцтва жылля на наступную пяцігодку. Анатоль Сівак лічыць, што трэба больш заходзіць у існуючую інфраструктуру. "У нас сёння застаюцца дамы, якія трэба капітальна рамантаваць. Яны ў памежным стане. Можна пяціпавярховы дом-хрушчоўку знесці, каробку, пакінуўшы фундамент, і на яго паставіць", - прапанаваў ён.

"Уносьце прапановы. Лічыце, што гэта прынята. Гэта якраз гаспадарскі падыход", - адказаў кіраўнік дзяржавы.

Што паказалі Прэзідэнту ў Новай Аколіцы?

Заслухаўшы даклад, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з рознымі варыянтамі дамоў, якія будуюцца ў мікрараёне.

"Добры домік. Я паглядзеў планіроўку: тры-чатыры пакоі. Тры спальні, асобна кухня, сумешчаная з гасцінай. Выдатныя праекты. Ідэальна на зямлі", - пазітыўна ацаніў убачанае Прэзідэнт.

"Падыходзіць. Калі вы гаворыце, што гэта нармальна, ніякай цяганіны, дык трэба і будаваць. Каб вы не бегалі і не ўгаворвалі нікога. Прыйшоў, дамовіўся са спажыўцом, пабудаваў. І кошт вызначаны. Але гэта цана не на страту?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы ў будаўнікоў.

Як праінфармавалі Прэзідэнта, дамы пабудаваны з пяціпрацэнтнай рэнтабельнасцю.

"А калі ты пастараешся, сэканоміш, можа і 7 працэнтаў?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Працуем у гэтым плане", - адказаў падрадчык.

"На людзях не трэба нажывацца. Мы ж і цэны прытрымліваем, абмяжоўваем. Але не на страту, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Самае галоўнае, што гэта добры для вас дадатковы заработак. Рэнтабельнасць няхай невялікая, але ёсць".

Знаёмячыся з жылой забудовай, Прэзідэнт яшчэ раз запатрабаваў разабрацца з бюракратычнай цяганінай пры будаўніцтве дамоў. "Будзем яшчэ паглыбляцца. Уносьце прапановы. Вы лепш ведаеце, дзе трэба нешта зрэзаць, каб вы не бегалі, не кланяліся і не прасілі. І вам будзе добра, і людзям", - падкрэсліў ён.

Генеральны план забудовы жылога раёна Новая Аколіца агульнай плошчай 210 га шляхам далучэння да вёскі Аколіца новых зямель знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Пачата асваенне гэтай тэрыторыі на плошчы 46 га, тут плануецца ўзвесці 228 індывідуальных жылых дамоў з інжынерна-транспартнай інфраструктурай. Цяпер выконваецца паралельнае праектаванне і будаўніцтва першых двух этапаў, якія ўключаюць 65 жылых дамоў сядзібнага тыпу і інжынерна-транспартную інфраструктуру да іх.

Падраднымі арганізацыямі па будаўніцтве жылых дамоў з'яўляюцца домабудаўнічыя камбінаты Гомеля, Салігорска, Магілёва і Мінска, а таксама прадпрыемствы "Брэстжылбуд", "Гроднажылбуд", "Барысаўжылбуд", Завод газетнай паперы, Крычаўскі завод ЖБВ, "МінЛясГас", Беларуская цэментная кампанія.

У час узвядзення жылога раёна адпрацоўваюцца пытанні спрашчэння і павышэння эфектыўнасці тэхнічных патрабаванняў да будаўніцтва як інфраструктуры, так і дамоў у жылой забудове; пашырэння наменклатуры жылых дамоў па якасных, аб'ёмных і вартасных паказчыках; вызначэнне і вырашэнне праблем нізкай актыўнасці будаўніцтва індывідуальнага жылля індустрыяльным спосабам.