Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.05.2023

Бюджэт пражытачнага мінімуму павышаецца з 1 мая ў Беларусі

1 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 мая павышаецца памер бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ), паведамляе БЕЛТА.

Новыя памеры БПМ у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах будуць дзейнічаць з 1 мая па 31 ліпеня 2023 года.

Як раней тлумачылі ў Мінпрацы і сацабароны, памер БПМ у сярэднім на душу насельніцтва складзе Br352,13. У параўнанні з нарматывам, устаноўленым на перыяд з 1 лютага па 30 красавіка бягучага года, гэта вышэй на 3,1 працэнта.

Што датычыцца БПМ для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп, у адносінах да працаздольнага насельніцтва яго памер будзе Br389,53 (раней - Br377,14); пенсіянераў - Br265,96 (раней - Br256,7); дзяцей ва ўзросце да трох гадоў - Br224,26 (раней - Br217,39); дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў - Br308,56 (раней - Br300,03); дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў - Br378,15 (раней - Br365,76).

Змяненне БПМ аўтаматычна вядзе да перагляду розных надбавак і павышэнняў, убудаваных у сістэму сацабароны, а таксама асобных сацыяльных выплат, якія залежаць ад памеру БПМ. Так, змяняюцца памеры дзярждапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, павышэнні да пенсій для асобных катэгорый пенсіянераў, даплаты і надбаўкі пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацабароне, а таксама дапамогі па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, і сацыяльныя пенсіі.