Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
07.12.2023

Больш за 140 выпадкаў адру зарэгістравана за год у Беларусі, большасць захварэлых не прышчэплены

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 140 выпадкаў адру зарэгістравана ў 2023 годзе ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

Уздым захваральнасці на адзёр стаў адзначацца з лістапада (ужо зарэгістравана больш за 90 выпадкаў). Цяпер эпідэміялагічная сітуацыя развіваецца на тэрыторыі чатырох рэгіёнаў - Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцей і Мінска.

Ва ўзроставай структуры захварэлых дзеці ва ўзросце да 18 гадоў складаюць 48 працэнтаў. Вялікая ўдзельная вага дзяцей да аднаго года. У структуры дарослых пацыентаў 37 працэнтаў прыпадае на 20-49-гадовых.

Большасць - 74 працэнты - захварэлых не прышчэплены альбо не маюць звестак аб вакцынацыі ў анамнезе. Што датычыцца захварэлых дзяцей, практычна 90 працэнтаў не былі прышчэплены. Яны альбо не дасягнулі ўзросту вакцынацыі, альбо не былі прышчэплены з-за адмовы бацькоў.

Як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, на бягучы момант можна гаварыць аб наяўнасці практычна аднамомантнага распаўсюджвання віруса сярод непрышчэпленых асоб. Спецыялістамі рэгіструюцца адзінкавыя заносы інфекцыі ў паліклінікі, дзённыя стацыянары і ўстановы адукацыі.

Метадаў спецыфічнага лячэння адру не існуе, але захворванне можна прадухіліць пры дапамозе вакцынацыі як самага бяспечнага і эфектыўнага спосабу абароны. У Міністэрстве аховы здароўя падкрэслілі, што вакцыны супраць адру высокаэфектыўныя. Пасля ўвядзення адной дозы вакцыны з кампанентам адру, у больш як 95 працэнтаў прышчэпленых фарміруецца доўгачасовая імунная абарона арганізма, пасля ўвядзення другой дозы эфектыўнасць дасягае практычна 100 працэнтаў. Такім чынам, для забеспячэння працяглай абароны патрабуецца дзве дозы вакцыны.

У Беларусі вакцынацыя супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі праводзіцца ў адпаведнацсі з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак і складаецца з дзвюх прафілактычных прышчэпак ва ўзросце 12 месяцаў і 6 гадоў.

Усім грамадзянам ад 18 гадоў і старэйшым спецыялісты рэкамендуюць удакладніць свой прышчэпачны статус супраць адру ў тэрытарыяльнай паліклініцы, амбулаторыі або ФАПе. Зрабіць прафілактычныя прышчэпкі супраць адру неабходна, калі няма дакументальных звестак аб вакцынацыі супраць адру, аб перанесеным адры, аб выніках сералагічнага даследавання крыві, што пацвярджае наяўнасць ахоўных узроўняў IgG-антыцел да віруса адру, калі ёсць дакументальныя звесткі толькі аб адной прафілактычнай прышчэпцы супраць адру.