Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.09.2022

БРСМ анансаваў акцыі да Дня народнага адзінства

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі правядзе шэраг акцый, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Аб гэтым сказаў на прэс-канферэнцыі першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лук'янаў адзначыў, што БРСМ да Дня народнага адзінства правядзе шэраг тэматычных мерапрыемстваў. У прыватнасці, ужо сёння напярэдадні юбілею Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў Мінску ў скверы Марата Казея ля помніка піянеру-герою прайшоў святочны мітынг. Моладзь усклала кветкі да бронзавага манумента Героя Савецкага Саюза юнага партызана-разведчыка. Затым упершыню адбылася ўрачыстая цырымонія развітання з піянерскім гальштукам з далейшым уручэннем маладзёжных білетаў наваспечаным членам БРСМ.

Паводле слоў першага сакратара, 17 верасня пройдзе маштабная працоўная акцыя каля памятных мясцін, прымеркаваных не толькі да падзей Вялікай Айчыннай вайны, але і гісторыка-культурнай спадчыны. "У фінальным мерапрыемстве - маштабным суботніку - мы запрашаем прыняць удзел усіх неабыякавых грамадзян у навядзенні парадку, а таксама ў будаўніцтве музея і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу "Хатынь", - сказаў ён.

"Заўтра адбудзецца святочнае мерапрыемства, прысвечанае не толькі Дню народнага адзінства, але і 20-годдзю нашай арганізацыі. На тэрыторыі Лошыцкага парку будуць выстаўлены ансамблі, якія сімвалізуюць напрамкі дзейнасці пярвічных арганізацый. Кожны раён прадставіць сваю экспазіцыю. Затым пройдзе маштабны оpen аir для моладзі, студэнтаў і школьнікаў, які будзе накіраваны на кансалідацыю і раскрыццё творчага патэнцыялу нашых маладых людзей", - паведаміў Аляксандр Лук'янаў.

Як адзначыў першы сакратар, традыцыйнай акцыяй БРСМ стала зборка на хуткасць карт-пазлаў, так званых спілс-карт, з веданнем рэгіёнаў краіны. Таксама будзе запушчаны фотаконкурс "Малая радзіма".

Акрамя таго, будуць арганізаваны і рэгіянальныя праекты. У прыватнасці, з 12 па 16 верасня ў Віцебску, Гомелі, Брэсце, Магілёве, а таксама ў Мінскай вобласці пройдзе рэгіянальны форум моладзі "Адзінства моладзі - сіла Беларусі".