Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
12.01.2023

Дэлегацыя Пакістана прыбыла з візітам у Беларусь

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Пакістана прыбыла з візітам у Беларусь, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

Візіт праходзіць з 11 па 14 студзеня. Узначальвае дэлегацыю федэральны міністр энергетыкі Пакістана Хурам Дастгір. У яе склад таксама ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці, Міністэрства эканамічных сувязей, Міністэрства гандлю Пакістана.

У час візіту пакістанскай дэлегацыі ў Мінск адбудзецца шостае пасяджэнне сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сустаршыня камісіі з беларускага боку - міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

У ходзе пасяджэння бакі абмяркуюць актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, навуцы, адукацыі і іншых сферах. Запланаваны да падпісання шэраг двухбаковых пагадненняў.

Праграмай візіту прадугледжана наведванне пакістанскай дэлегацыяй Мінскага трактарнага завода, ААТ "БЕЛАЗ", Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.