21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект рэспубліканскага бюджэту і разліковыя паказчыкі па бюджэтах абласцей і Мінска на 2022 год распрацаваны на аснове палажэнняў праграмных дакументаў па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны з улікам існуючай эканамічнай сітуацыі. Законапраектам прапануецца вызначыць аб'ёмы даходаў, расходаў і дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту.
"Безумоўна, пры падрыхтоўцы бюджэту разглядаліся розныя сцэнарыі развіцця эканомікі ў наступным годзе, уплыў санкцыйнага націску, узаемаадносіны, якія сёння выбудоўваюцца з Захадам, улічвалася ўзмацненне экспартнага патэнцыялу і арыенціроўка рынку ў нашым традыцыйным напрамку - Расійская Федэрацыя, краіны Азіі, Кітай", - расказала старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла Ніжэвіч.
Даходы рэспубліканскага бюджэту на 2022 год прагназуюцца ў суме Br27 827 460 695. Структуру даходаў рэспубліканскага бюджэту складаюць падатковыя даходы, непадатковыя даходы, бязвыплатныя паступленні. Асноўнымі падатковымі крыніцамі даходаў рэспубліканскага бюджэту ў 2022 годзе з'яўляюцца падатак на дабаўленую вартасць, падатак на прыбытак, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.
Расходы рэспубліканскага бюджэту на 2022 год складуць Br30 672 181 344.
У 2022 годзе асноўнымі мэтамі для сектара дзяржаўных фінансаў будуць з'яўляцца забеспячэнне эканамічнага росту на аснове павышэння эфектыўнасці выкарыстання знешніх і ўнутраных рэсурсаў у інтарэсах росту дабрабыту насельніцтва Беларусі і скарачэння рэгіянальных дыспрапорцый.
Захаваецца сацыяльная накіраванасць расходаў бюджэту. Значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, выплату пенсій, стыпендый, дапамог, іншыя выплаты, а таксама на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Бюджэтнае фінансаванне дасць магчымасць забяспечыць стабільнае функцыянаванне галін адукацыі і аховы здароўя.
На 2022 год фарміраванне рэспубліканскага бюджэту ажыццёўлена з дэфіцытам Br2 844 720 649.