Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.12.2022

Дэпутаты прынялі ў двух чытаннях законапраект аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання прынялі ў двух чытаннях законапраект "Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праект закона ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў. Ён накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства аб грамадзянстве з улікам практыкі яго прымянення, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, вырашэнне задач дзяржавы ў сферы міграцыйнай палітыкі.

Законапраект у Авальнай зале прадставіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў - начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка.

"Інстытут грамадзянства - адзін з важнейшых элементаў дзяржаўнасці, які вызначае ўстойлівую прававую сувязь чалавека з Рэспублікай Беларусь і выяўляецца ў сукупнасці іх узаемных правоў, абавязкаў і адказнасці. Праектам прапануецца змяненне і дапаўненне шэрага палажэнняў закона аб грамадзянстве ў мэтах забеспячэння ўнутранай бяспекі дзяржавы, стабільнасці грамадска-палітычнай сістэмы, лібералізацыі асобных яе палажэнняў, а таксама карэкціроўка з улікам практыкі прымянення", - адзначыў Юрый Назаранка.

Асноўныя навацыі праекта закона - устанаўленне абавязку прынясення прысягі асобамі, якія набываюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь, а таксама вызначэнне дадатковай падставы для адмены рашэння аб набыцці грамадзянства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі асоба адмовілася ад прынясення прысягі, а таксама рэгламентацыя вызначэння парадку ацэнкі ўзроўню ведання адной з дзяржаўных моў пры прыёме ў грамадзянства. Замацоўваюцца абавязкі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь пісьмова або ў электроннай форме інфармаваць кампетэнтныя органы краіны аб наяўнасці грамадзянства замежнай дзяржавы, пасведчання на права жыхарства або іншага дакумента замежнай дзяржавы, што прадастаўляе права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю.

Устанаўліваецца новая падстава страты грамадзянства - у сувязі з наяўнасцю прыгавора суда Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу і пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне ім цяжкага ўрону інтарэсам Рэспублікі Беларусь, калі такая асоба знаходзіцца за межамі краіны.

З шасці месяцаў да года павялічваецца тэрмін разгляду заяў аб выхадзе з грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Замацоўваецца магчымасць звароту з заявай аб прыёме ў грамадзянства асобы, якая знаходзілася за межамі Рэспублікі Беларусь больш за 90 сутак у каляндарным годзе на працягу апошніх пяці гадоў, у выпадку калі такое знаходжанне абумоўлена не залежнымі ад асобы прычынамі.

Акрамя таго, у мэтах аднастайнага тлумачэння і прымянення на практыцы карэкціруецца арт.8 закона "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь" у частцы вызначэння кола асоб, якія набылі грамадзянства Рэспублікі Беларусь па нараджэнні.

"Прыняцце закона будзе садзейнічаць забеспячэнню абароны нацыянальных інтарэсаў, бяспецы нашай краіны, а таксама далейшаму ўдасканаленню рэгулявання адносін у галіне грамадзянства", - падкрэсліў Юрый Назаранка.