Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.06.2024

Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа адзначылі ў Беларусі

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі 22 чэрвеня адзначаюць самотную дату - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. У краіне ўспамінаюць тых, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне Радзімы, усіх загінулых ад рук фашыстаў і памерлых у тыле ад голаду і нягод.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі нумар 117 ад 23 сакавіка 2022 года назва памятнай даты зменена з "Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны - 22 чэрвеня" на "Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа - 22 чэрвеня". Указ быў падрыхтаваны на аснове Закона ад 5 студзеня 2022 года "Аб генацыдзе беларускага народа", у адпаведнасці з якім факты ўчынення нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынстваў, накіраваных на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа, прызнаны генацыдам беларускага народа.

Першыя дні вайны і цяжкія абарончыя баі ў Беларусі

На світанні 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, вераломна парушыўшы Дагавор аб ненападзенні, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Пачалася рэалізацыя плана "Барбароса", згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці маланкавую вайну і адным ударам разграміць СССР. На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады.

22 чэрвеня першымі рух каля савецкай граніцы заўважылі пагранічныя нарады. Лінейныя заставы пагранатрадаў у 4.00 зведалі моцны артылерыйскі і мінамётна-кулямётны абстрэл. Пасля першых ашаламляльных залпаў, непазбежнага хвіліннага замяшання пачуліся галасы камандзіраў: "Застава, у ружжо!"
Пад прыкрыццём артылерыі нямецка-фашысцкія войскі пачалі фарсіраваць пагранічныя рэкі. Ад заходняга берага сталі адплываць лодкі, плыты з пяхотай праціўніка, на ўсходні бераг пачалі выбірацца плаваючыя танкі, якія рушылі на ўсход, выходзячы да асноўных магістралей і дарог. Для знішчэння пагранічных застаў былі вылучаны спецыяльныя атрады аўтаматчыкаў.

Ужо ў 10.45 22 чэрвеня намеснік начальніка Заходняй пагранічнай акругі камбрыг Курлыкін дакладваў у штаб: "Баі ідуць па ўсім фронце, амаль ва ўсіх атрадах парушана сувязь, пагранічнікі змагаюцца да канца".

Стойкасць пагранічнікаў, іх масавы гераізм парушылі планы германскага камандавання, якое выдзеліла на падаўленне пагранічных застаў 30 мінут. Гітлераўцы захапілі Брэст і поўнасцю акружылі крэпасць, аднак яе абаронцы аказалі ўпартае супраціўленне захопнікам. Асобныя групы савецкіх воінаў прадаўжалі ваяваць у крэпасці да 20-х чысел ліпеня 1941 года.

Моцнае супраціўленне сустрэлі нямецкія войскі і на поўдзень ад Брэста, дзе 22 чэрвеня 1941 года савецкая 75-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Сямёна Іванавіча Нядвігіна сумесна з караблямі Пінскай ваеннай флатыліі ў раёне Маларыты спыніла наступленне 53-га нямецкага армейскага корпуса. Дзякуючы ўмелым дзеянням савецкай групоўкі на гэтым напрамку тры нямецкія дывізіі, у тым ліку танкавая, былі вымушаны 23-27 чэрвеня перайсці да тактыкі вядзення абарончых баёў.

У першыя дні вайны войскі Заходняга фронту вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі, наносілі контрудары. Байцы Чырвонай Арміі прадэманстравалі бяспрыкладную мужнасць і самаадданасць, што прывяло да поўнага крушэння плана маланкавай вайны.

У гады вайны на франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Вайсковымі злучэннямі ў час вайны камандавалі 217 генералаў і адміралаў - беларусаў. Імёны многіх нашых суайчыннікаў сталі легендарнымі, іх ведалі на ўсіх франтах. У баях пад Масквой вызначыліся Даватар, Лізюкоў, Сычэнка і многія іншыя. У адным з баёў на Курскай дузе лётчык Аляксандр Гаравец збіў дзевяць варожых самалётаў. Зінаіда Тусналобава-Марчанка вынесла з поля бою 128 параненых байцоў.

У вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара - памяць пра іх будзе жыць вечна

Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

У Беларусі нямала зроблена для захавання памяці аб загінулых і гэта работа прадаўжаецца. У 2016 годзе падпісаны ўказ "Аб увекавечанні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў". У лютым 2021 года пастановай урада зацверджана дзяржаўная праграма "Увекавечанне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны" на 2021-2025 гады.

Асноўнымі формамі ўвекавечвання загінулых у ходзе войнаў з'яўляюцца дзяржаўны ўлік, добраўпарадкаванне і ўтрыманне воінскіх пахаванняў, пахаванняў ахвяр войнаў, унясенне даных у аўтаматызаваны банк даных "Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь", стварэнне музеяў, мемарыяльных комплексаў, устаноўка помнікаў і памятных знакаў, прысвечаных важнейшым падзеям ВАВ, прысваенне імёнаў загінулых пры абароне Айчыны геаграфічным аб'ектам і арганізацыям.
На канстытуцыйным узроўні замацавана, што абавязак грамадзян Рэспублікі Беларусь - захоўваць гістарычную памяць аб подзвігу беларускага народа.

У Беларусі распрацаваны і прыняты законы "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" і "Аб генацыдзе беларускага народа", якія накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і спыненне фальсіфікацыі гістарычных падзей. Генеральнай пракуратурай Беларусі вядзецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе расследавання былі ўстаноўлены новыя факты. Спіс вёсак, якія раздзялілі трагічны лёс Хатыні, гэта значыць тых, якія былі спалены поўнасцю з жыхарамі і не аднавіліся пасля вайны, дапоўнены новымі населенымі пунктамі. На гэты момант іх налічваецца не менш за 288. На тэрыторыі Беларусі было праведзена каля 180 карных аперацый, дзейнічала больш за 580 лагераў смерці. У іх ліку самы буйны на ўсёй захопленай савецкай тэрыторыі лагер смерці "Трасцянец", дзе згодна з апошнімі данымі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь загінулі не менш як 546 тыс. чалавек. У гады нацысцкай акупацыі з 1941-га па 1944-ы на тэрыторыі Беларусі было знішчана не менш як 3 млн мірных грамадзян і ваеннапалонных, выгнана ў нямецкае рабства пад пагрозай смерці больш за 380 тыс. чалавек, з якіх многія загінулі ў выніку нясцерпных умоў працы, нягод і катаванняў.

За праяўленыя масавыя гераізм і мужнасць у барацьбе супраць агрэсараў сталіцы Беларусі гораду Мінску было прысвоена ганаровае званне "Горад-герой". Званне "Крэпасць-герой" атрымала Брэсцкая крэпасць. Узнагародамі адзначаны і іншыя гарады Беларусі. Аб ахвярах вайны і подзвігу народа нагадваюць шматлікія абеліскі, помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курган Славы. Важнай навуковай і культурнай установай з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У лютым 2024 года кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб устанаўленні юбілейнага медаля "80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Узнагароджваць ім будуць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі і непасрэдна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ўзнагарода прызначана для ваеннаслужачых Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі, работнікаў дзяржаўных органаў і іншых асоб, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян краіны, увекавечанне памяці загінулых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У памяць аб першым дні вайны кожны год па ўсёй рэспубліцы праходзяць памятныя і ўрачыстыя мерапрыемствы.-0-

Брэсцкая крэпасць


Мінск

Ускладанне кветак і Усебеларуская мінута маўчання ў Хатыні


Віцебская вобласць


Усебеларуская мінута маўчання ў Віцебску


Гомельская вобласць


Гродзенская вобласць


Магілёўская вобласць


Фота Паўла Арлоўскага, Леаніда Шчаглова, Аляксандра Хітрова, Сяргея Халадзіліна, Алега Файніцкага, Сяргея Шэлега, Максіма Гучака