Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.09.2023

"Дзяржаўная ўзнагарода - гэта сімвал даверу". Прэм'ер-міністр Беларусі ўручыў дзяржузнагароды

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў Палацы Рэспублікі заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды сёння ўручаны прадстаўнікам розных сфер дзейнасці, тым людзям, якія сваёй працай уносяць важкі ўклад у развіццё сучаснай Беларусі.

"Сёння па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі напярэдадні дзяржаўнага свята - Дня народнага адзінства - дзяржаўныя ўзнагароды ўручаны прафесіяналам, чые заслугі і ўклад у развіццё роднай краіны адзначаны дзяржавай", - сказаў Раман Галоўчанка.

"Чаму мы прымеркавалі гэта ўрачыстае мерапрыемства да, напэўна, самага маладога нашага дзяржаўнага свята? Таму што сіла і будучыня нашай краіны менавіта ў адзінстве. Адзінства мае шмат вымярэнняў, але ў гэтым кантэксце я хацеў бы сказаць аб адзінстве як зладжанай рабоце працавітых людзей і людзей, якія неабыякавыя да рэчаіснасці і будучыні нашай краіны. Прысутныя ў гэтай зале людзі розных прафесій, пасад, званняў, але ўсіх іх аб'ядноўвае адно - добрасумленныя адносіны да даручанай справы і адданасць прызванню", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што сёння сярод узнагароджаных "асабліва шмат дзяржаўных служачых, удастоеных узнагарод за ўзорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў і значныя дасягненні ў дзяржаўнай цывільнай службе".

"Дзяржаўны служачы, маючы ролю правадніка пераўтварэнняў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, з'яўляецца своеасаблівым люстэркам, якое адлюстроўвае палітыку дзяржавы. Тут прысутнічаюць прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў, але ўсіх вас аб'ядноўвае тое, што кожны дзень вы стаіце на варце дзяржаўных інтарэсаў. Са здавалася б невялікіх спраў, якія вы выконваеце і рэалізуеце, - менавіта з іх і фарміруецца дзяржаўная палітыка. Да вас нездарма прад'яўляюцца павышаныя патрабаванні, а ваша дзейнасць нязменна знаходзіцца пад пільнай увагай як з боку вашага кіраўніцтва, так і ўсяго грамадства, таму што вы - гэта аблічча ўлады, аблічча тых, каго народ выбраў кіраваць гэтай краінай", - падкрэсліў кіраўнік урада і пажадаў з годнасцю насіць званне дзяржаўнага служачага.

Таксама прэм'ер звярнуўся і да прысутных у зале работнікаў сферы культуры, чыя праца адзначана медалём Францыска Скарыны. "Мы ўшаноўваем ваш уклад у захаванне духоўнай, гістарычнай і культурнай спадчыны. Беларускі народ не толькі ганарыцца сваёй шматвяковай культурай, але і радуецца таму, што яе ўнікальнасць і багацце толькі прымнажаюцца дзякуючы працы прадстаўнікоў гэтай цудоўнай прафесіі", - сказаў Раман Галоўчанка.

Словы падзякі гучалі і ў адрас работнікаў прамысловасці, банкаўскай сферы, вучоных.

Звяртаючыся да ўсіх, хто сабраўся сёння на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод, Раман Галоўчанка падкрэсліў: "Дзяржаўная ўзнагарода - гэта не толькі знак прызнання працоўных дасягненняў, гэта сімвал даверу і падзякі з боку ўсяго нашага грамадства за работу тым, хто ў гэты няпросты час гатовы паставіць інтарэсы краіны вышэй за свае ўласныя. З працы кожнага складаецца плённая, мірная і стваральная праца на карысць нашай роднай краіны".

Сёння дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі больш за 40 чалавек.