Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.02.2024

Эксперт: Ваенная дактрына Беларусі дэкларуе гатоўнасць адстойваць нацыянальныя інтарэсы

1 лютага, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Ваеннай дактрыне дэкларуецца гатоўнасць Беларусі адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Аб гэтым журналістам заявіў начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Генштаба УС Арцём Буторын перад сустрэчай з актывам Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне, каб была як мага больш адкрытая пазіцыя дзяржаўнай улады, давесці асноўныя моманты аб ходзе работы над дакументам (Ваеннай дактрынай. - Заўвага БЕЛТА) і тыя палажэнні ваеннай палітыкі, якія ў ім захаваюцца і будуць закладзены для далейшага зацвярджэння Усебеларускім народным сходам", - сказаў Арцём Буторын.
Ён дадаў: "Мы практычна з кожнай пляцоўкі і трыбуны гаворым аб тым, што Ваенная дактрына захавала сваю міралюбную накіраванасць. Мы ніводную дзяржаву не разглядаем у якасці свайго ворага. Але ў той жа час у Ваеннай дактрыне мы дэкларуем гатоўнасць адстойваць нацыянальныя інтарэсы ўсімі сіламі і сродкамі, якія ёсць у распараджэнні дзяржавы".

"Я разумею, што перапрацоўка Ваеннай дактрыны адразу выклікае апасенні ў насельніцтва ў плане таго - ці не збіраемся мы ваяваць. Хачу супакоіць усіх - ваяваць мы не збіраемся. Мы абнаўляем палажэнні дакумента, каб ён больш адпавядаў тым выклікам і пагрозам, якія існуюць на сённяшні момант. Што датычыцца ядзернай зброі, то Ваенная дактрына не гаворыць аб механізмах, спосабах, формах і тактычных прыёмах прымянення гэтай зброі. Мы ў дактрыне дэкларуем палітычныя моманты, што ядзерная зброя з’яўляецца сродкам стратэгічнага стрымлівання ад развязвання агрэсіі супраць нашай дзяржавы", - адзначыў эксперт.

Ён звярнуў увагу на важнасць данесці да несельніцтва актуальную інфармацыю па Ваеннай дактрыне. "А мэта сённяшняга мерапрыемства - забяспечыць адкрытасць дзеянняў улады, тых рэчаў, якія адбываюцца ў рэалізацыі ваеннай палітыкі дзяржавы, каб прысутны тут актыў вобласці, службовыя асобы данеслі да сваіх калектываў праўдзівую інфармацыю аб тых палажэннях, якія будуць закладзены", - рэзюмаваў Арцём Буторын.