Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.02.2022

Галоўчанка аб спыненні Літвой транзіту беларускага калію: меры ў адказ будуць жорсткімі

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка расказаў аб плануемых беларускім бокам мерах у адказ пасля спынення транзіту беларускага калію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сапраўды, літоўскі бок перастаў прымаць нашы паязды, якія транспартавалі калій у порт Клайпеды для адгрузкі. Меры ў адказ будуць жорсткімі. Мы, як прынята гаварыць, адкажам сіметрычна. Рашэнне прынята, яно закране чыгуначны транспарт, які ідзе з тэрыторыі Літвы, - сказаў Раман Галоўчанка. - Мы прапанавалі літоўскім калегам дыялог па гэтым пытанні, дзверы ніколі не закрыты. Мы звярнуліся з прапановай у прававым полі правесці кансультацыі і вызначыць далейшыя нашы ўзаемаадносіны. На нашу думку, Літва, прыняўшы такое рашэнне ў аднабаковым парадку, парушыла міжурадавае пагадненне аб чыгуначных зносінах, не гаворачы ўжо аб дакументах, якія рэгулююць пытанні транзіту для краін, якія не маюць выхаду да мора. Мы прапанавалі варыянт. Калі нам не адкажуць, у бліжэйшыя дні ўвядзём меры ў адказ".

Прэм'ер-міністр Беларусі падкрэсліў, што эканоміка Літвы цяпер нясе страты з-за прынятага рашэння, у прыватнасці транспартны сектар (чыгункі, порт). "Мы даўно да гэтай сітуацыі рыхтаваліся, свае пастаўкі пераарыентавалі. За кошт больш доўгага лагістычнага пляча ў РФ нашы вытворцы крыху страцілі ў маржынальнасці, але яна будзе кампенсавана ростам сусветных цэн. Таму мы, па сутнасці, нічога не страцілі, страціла эканоміка Літвы. Больш таго, мы спагонім усе штрафы, якія нам належаць за скасаванне кантрактаў на перавозку з іх боку. Адпаведныя іскавыя заявы пададзены. Спагонім з іх у тым ліку ўпушчаную выгаду. Гэта вялікія сумы", - адзначыў ён.