Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.10.2023

Галоўчанка: беларуская эканоміка дэманструе ўстойлівасць і адаптыўнасць да знешніх шокаў

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская эканоміка дэманструе ўстойлівасць і адаптыўнасць да знешніх шокаў. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час сустрэчы ў Авальнай зале Дома ўрада з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі па разглядзе праектаў законаў "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год" і "Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У выніку прынятых мер, нягледзячы на ўсе абмежаванні, эканоміка дэманструе ўстойлівасць і адаптыўнасць да знешніх шокаў. Больш таго, дынаміка эканамічнага росту адноўлена і захоўвае дадатны трэнд. З мая штомесяц прырастае ВУП. Па выніках 9 месяцаў тэмп росту склаў 103,5 працэнта", - сказаў Раман Галоўчанка.

Ён таксама падкрэсліў, што прамысловыя прадпрыемствы працуюць стабільна. У студзені - верасні больш як у два разы павялічылася вытворчасць тэлевізараў, легкавых аўтамабіляў - у 3,8 раза, грузавых аўтамабіляў - на трэць, кар'ерных самазвалаў - на 9 працэнтаў, пральных машын - на 30 працэнтаў, ліфтаў - на 7 працэнтаў, абутку - на 13 працэнтаў.

"Па выніках работы за 9 месяцаў інвестыцыйная актыўнасць аднаўляецца. Тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал склалі амаль 112 працэнтаў, аб'ём будаўніча-мантажных работ вырас больш як на 6 працэнтаў, затраты на набыццё машын і абсталявання павялічаны на 27,4 працэнта. Прымаюцца меры па пошуку крыніц і механізмаў інвестыцыйнага фінансавання інфраструктурных праектаў. Падрыхтаваны неабходныя рашэнні кіраўніка дзяржавы аб фінансаванні маючых сацыяльнае значэнне аб'ектаў дзяржаўнай і рэгіянальных інвестыцыйных праграм, жылля, дарог", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Адрамантавана больш за 1,7 тыс. км аўтамабільных дарог, праведзена рэканструкцыя 7 маставых збудаванняў. У гэтым годзе ўведзены ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Фаніпалі і Уздзе. У Гродне пачала работу адна з самых вялікіх школ (на 1,5 тыс. дзяцей). Адкрыта 6 новых дзіцячых садоў, завершана будаўніцтва новага будынка паліклінікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы, рэканструяваны 4 раённыя бальніцы (у Полацку, Ляхавічах, Камянцы і Драгічыне). Да 7 лістапада будуць уведзены ў эксплуатацыю новая паліклініка ў Гродне і радыелагічны корпус Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера. "І гэта далёка не поўны пералік", - дадаў кіраўнік урада.