Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
13.01.2023

Галоўчанка: курс на інтэграцыю з Расіяй прыносіць Беларусі эканамічныя дывідэнды

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Курс на інтэграцыю з Расіяй прыносіць Беларусі эканамічныя дывідэнды. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях выканання інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік беларускага ўрада перакананы, што ўзяты раней курс на інтэграцыю з Расіяй і рэалізацыю саюзных праграм быў выбраны правільна і своечасова.

Ён нагадаў, што ў свой час праграмы абмяркоўваліся і прымаліся крыху ў іншай геапалітычнай абстаноўцы. "Я не думаю, што гэта супадзенне, - што мы выбралі менавіта такі курс, узялі такі напрамак, які цяпер прыносіць нам пэўныя эканамічныя дывідэнды. Гэта было свядомае рашэнне, якое зацвердзілі кіраўнікі дзвюх дзяржаў. Абазначылі траекторыю руху, задачы, якія стаяць перад тымі дзяржаўнымі органамі, якія рэалізуюць саюзныя праграмы. Ва ўрадзе мы сышліся на думцы, што праграмы працуюць на карысць Беларусі", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Вобразна кажучы, ён адзначыў, што сёння на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы быў "пастаўлены канчатковы дыягназ": пры рэалізацыі саюзных праграм Беларусь не страціла ні грама суверэнітэту, па-ранейшаму абсалютна самастойна прымае на нацыянальным узроўні рашэнні ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

У частцы рэалізацыі саюзных праграм абедзве краіны, паводле слоў прэм'ер-міністра, рухаюцца наперад нядрэнна. Выкананы поўнасцю 7 з 28-мі. "Больш вязка ідзе работа па так званых энергетычных праграмах (мы першапачаткова гэта ведалі і былі гатовы)", - сказаў Раман Галоўчанка. І асноўнае пытанне тут у асноўных інстытуцыйных падыходах да таго, як павінны функцыянаваць аб'яднаныя рынкі газу і нафты. "Мы цяпер гаворым аб нейкай сістэме, якая будзе працаваць у далейшым і не будзе патрабаваць, дапусцім, штогадовага або кожныя тры гады ўдакладнення нейкіх параметраў", - дадаў ён.

Прэм'ер-міністр нагадаў, што работа над саюзнымі праграмамі ў частцы падаткаабкладання і мытнага рэгулявання таксама ішла няпроста, але ў выніку яны рэалізаваны. Гэтак жа будзе і з энергетычнымі праграмамі, перакананы ён. "Мы ўсё роўна завершым гэту работу. Яна не вельмі простая. Хоць работа па падатковых і мытных картах таксама была складанай. Калі мы яе пачыналі, то пытанняў і няяснасцей было значна больш, чым адказаў. Але на сёння можна канстатаваць: дагавор па ўскосных падатках падпісаны, сёння аб гэтым падрабязна даложана кіраўніку дзяржавы, у тым ліку аб тым, што адчувальныя фінансавыя рэзультаты атрымала Беларусь ад рэалізацыі мерапрыемстваў, закладзеных у гэты дагавор", - сказаў Раман Галоўчанка.