26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Насуперак прагназістам з заходніх агенцтваў, беларуская эканоміка набрала нядрэнны тэмп. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, выступаючы сёння ў Авальнай зале Дома ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён прывёў асноўныя вынікі работы за чатыры месяцы. "Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту склаў 102,5 працэнта да ўзроўню мінулага года, забяспечаны высокі рост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці - 111 працэнтаў - пры мінімальным узроўні складскіх запасаў. Захавана ўстойлівасць у знешнім сектары, высокімі тэмпамі расце экспарт, забяспечана дадатнае сальда знешняга гандлю - больш за $800 млн. Гэта рэкордны паказчык за апошнія 10 гадоў. Значна палепшыліся фінансавыя вынікі работы прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Чысты прыбытак перасягнуў Br3,3 млрд супраць чыстых страт у першым квартале мінулага года, а тыя арганізацыі, якія да гэтага часу захоўваюць стратнасць, агульная сума іх страт скарацілася больш як у 10 разоў", - адзначыў прэм'ер.
Выконваюцца ўсе сацыяльныя задачы дзяржавы. "За мінулы перыяд даходы насельніцтва ў рэальным выражэнні выраслі амаль на 3 працэнты, заработная плата - на 6 працэнтаў, пенсіі - на 2,7 працэнта. У бюджэтнай сферы выкананы асноўны крытэрый - гэта суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне амаль 82 працэнты. Не дапушчана росту беспрацоўя. На фоне ажыўлення эканомікі расце занятасць. Амаль 13 тыс. чалавек працаўладкаваны на новыя рабочыя месцы", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Аднак гэтыя вынікі вельмі не падабаюцца тым, хто, пацярпеўшы няўдачу ў спробах вулічнага бліцкрыгу, зрабіў стаўку на разбурэнне эканомікі нашай краіны і зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. "Нас метадычна спрабуюць на зуб і шукаюць слабыя месцы, не грэбуючы ніякімі метадамі. Першая спланаваная аперацыя па разбурэнні фінансавай сістэмы краіны, якая пачалася адразу пасля правалу вулічнай фазы, з трэскам правалілася. Мэта была простая - адрэзаўшы ад заходніх фінансавых рэсурсаў, адначасова праз шырокую сетку правакатараў і агентаў пасеяць чуткі аб хуткай абвальнай дэвальвацыі, замарозцы ўкладаў і іншых жахах. І тым самым паралізаваць фінансава-банкаўскую сістэму краіны. Гэты план не ўдаўся. Беларускі рубель не толькі стабільны, але і паступова ўмацоўваецца да сусветных валют. Прыток валюты ў банкі на працягу ўсяго перыяду гэтага года большы, чым адток. А золатавалютныя рэзервы толькі за красавік выраслі на $338 млн і на 1 мая склалі $7,3 млрд", - канстатаваў прэм'ер.
У сувязі з гэтым Захад вырашыў фарсіраваць санкцыйны ўдар. "На гэты раз мішэнню павінны стаць беларускія прадпрыемствы. Пры гэтым пад увагу не прымаецца, што ў канчатковым выніку гэта ўдарыць па нашых людзях, пра дабрабыт якіх яны нібыта клапоцяцца, - заявіў Раман Галоўчанка. - Але мы - суверэнная і самастойная дзяржава і можам абараніць сваіх грамадзян і свае прадпрыемствы. Урадам па даручэнні Прэзідэнта падрыхтаваны комплекс спецыяльных ахоўных мер у поўнай адпаведнасці з нашым заканадаўствам. Я не буду цяпер раскрываць увесь пералік. Але лічу, што ён будзе вельмі балючым для краін, якія занялі адкрыта варожую пазіцыю , - ад эмбарга на ўвоз тавараў да абмежавання транзіту. Але мы ўсё ж разлічваем на разважлівасць тых, хто спяшаецца прайсці кропку незвароту, і прапануем працвярэзіцца і падумаць яшчэ раз перад тым, як стаць на слізкую сцежку эканамічнай вайны, у якой не будзе пераможцаў".
Урад разумее тое, што санкцыі не будуць бязбольнымі. "Нам давядзецца і паскорана займацца дыверсіфікацыяй экспарту, і скарачаць расходы на непершачарговыя задачы, і вырашаць шэраг іншых пытанняў. Але суверэнітэт і незалежнасць ніколі не даваліся лёгка. За іх трэба змагацца і быць гатовым да цяжкасцей. Хачу нагадаць, што абсалютна ўсе сцэнарыі каляровых рэвалюцый апошняга дзесяцігоддзя, ад Туніса да Украіны, заканчваліся аднолькава - рэзкім зніжэннем узроўню жыцця ў параўнанні з дарэвалюцыйным перыядам, крывавым перадзелам уласнасці, спаўзаннем у пазыковую яму. І фактычным пераходам пад знешняе кіраванне. Такі вынік насільнай дэмакратызацыі, плаціць за які заўсёды вымушаны простыя людзі", - сказаў на заканчэнне прэм'ер.