Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.02.2024

Галоўчанка: парад да 80-годдзя вызвалення Беларусі пройдзе 3 ліпеня ў Мінску

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парад да 80-годдзя вызвалення Беларусі пройдзе 3 ліпеня ў Мінску. Аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час пасяджэння рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На папярэдніх пасяджэннях мы вызначылі асноўныя напрамкі работы аргкамітэта і сфармулявалі канкрэтныя даручэнні. Спынюся на асноўных пытаннях, якія мы вырашылі з мінулага пасяджэння. Так, кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аргкамітэта аб правядзенні парада войскаў Мінскага гарнізона 3 ліпеня ля стэлы "Мінск - горад-герой". Неабходна забяспечыць якасную падрыхтоўку і правядзенне гэтага парада", - сказаў Раман Галоўчанка.

Ён нагадаў, што на першым пасяджэнні аргкамітэта было вырашана нестандартна і творча падысці да афармлення вуліц і праспектаў Мінска, асабліва тых, назвы якіх звязаны з памятнымі датамі.
"Акрамя таго, трэба сёння вызначыцца наконт запрашэння замежных гасцей і дэлегацый для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах, а таксама наконт прыцягнення моладзі да арганізацыі і ўдзелу", - дадаў прэм'ер-міністр.

Яшчэ адно пытанне датычылася ўзнагароджання населеных пунктаў вымпелам "За мужнасць i стойкасць у гады Вялiкай Айчыннай вайны". Ім узнагароджаны дзевяць населеных пунктаў Беларусі. Адпаведны ўказ нумар 44 падпісаў 2 лютага кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў у сваю чаргу адзначыў, што Мінск вельмі сур'ёзна рыхтуецца да 80-годдзя вызвалення Беларусі. "Гэта сапраўды святое свята для ўсіх беларусаў. Дата гэта абавязвае нас памятаць аб людзях, якія цаной свайго жыцця дабіліся вызвалення нашай краіны, перамогшы фашызм. Мы падрыхтавалі шмат мерапрыемстваў у сталіцы, будзем афармляць усе знакавыя месцы - і плошчу Перамогі, і Кастрычніцкую плошчу, і праспект Пераможцаў, і праспект Незалежнасці. Комплексны падыход дасць магчымасць кожнаму акунуцца ў святочную атмасферу, адчуць, што сабой уяўляў Мінск тады, 80 гадоў таму, калі пераможцы ўвайшлі ў горад", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, горад плануецца святочна аформіць ужо да 1 мая.-0-

Фота Віталя Піваварчыка