Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
21.12.2022

Галоўчанка: цана для Беларусі на прыродны газ будзе зафіксавана на трохгадовы перыяд

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цана для Беларусі на прыродны газ будзе зафіксавана на трохгадовы перыяд. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, каменціруючы ўчарашнія перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што цана для Беларусі на прыродны газ з'яўляецца выгаднай і камфортнай. "Хачу супакоіць, што для жыхароў Беларусі, для прамысловасці ўсё будзе стабільна і камфортна. Лічу, што трэба адыходзіць ад вылучэння гэтага пытання. Гэта рабочае пытанне. Камерцыйная цана, якая сфарміравана і аб якой учора дамовіліся прэзідэнты, яна грунтуецца на беларускай прапанове", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, у бліжэйшы час падпішуць адпаведныя міністэрствы камерцыйныя пагадненні на пастаўку прыроднага газу ў Беларусь. "Упершыню цана будзе зафіксавана на трохгадовы перыяд, каб была пэўная стабільнасць і мы ў сваіх макраэканамічных разліках маглі зыходзіць з канкрэтнай лічбы. Цана не з'яўляецца краевугольным каменем", - звярнуў увагу кіраўнік урада.