Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.12.2022

Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды больш як 60 прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сабраліся тут, каб па заслугах адзначыць дасягненні людзей, якія заслужылі таго, каб аб іх працоўных здзяйсненнях даведалася ўся краіна. Сёння па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ўсім прысутным у гэтай зале будуць уручаны дзяржаўныя ўзнагароды, - сказаў Раман Галоўчанка. - Нягледзячы на тое, што адыходзячы год быў няпростым як для ўсёй краіны ў цэлым, так і для кожнага прадпрыемства, кожнага ўчастка работы, мы змаглі дастойна перажыць гэты час".

Паводле яго слоў, выключнае значэнне для дабрабыту краіны мае яе народ - прафесіяналы і майстры сваёй справы, людзі, якія штодзень і з поўнай самааддачай выконваюць свае службовыя і працоўныя абавязкі.

"Прыемна бачыць у гэтай зале прадстаўнікоў самых розных прафесій. У прыватнасці, прадстаўнікоў нафтахімічнай галіны, якая ва ўмовах асабліва моцнага санкцыйнага націску ў гэтым годзе змагла забяспечыць устойлівасць і функцыянаванне ўсяго нафтахімічнага комплексу краіны, завяршыць складаныя праекты па мадэрнізацыі двух нашых нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама ажыццявіць рэалізацыю абсалютна новага праекта - будаўніцтва нафтаправода, які звязаў абодва гэтыя прадпрыемствы. Новая ўстаноўка запаволенага каксавання ў ААТ "Нафтан", якая са студзеня бягучага года працуе ўжо ў рэжыме выпуску таварнай прадукцыі, вырабіла значную колькасць новай прадукцыі з дабаўленай вартасцю, што дало магчымасць падтрымаць эканоміку прадпрыемства. На нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры пасля павелічэння аб'ёму перапрацоўкі адноўлены пускавыя аперацыі на комплексе гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў, што дасць магчымасць істотна палепшыць выхад светлых нафтапрадуктаў і станоўча выявіцца на рэнтабельнасці нафтаперапрацоўкі на гэтым прадпрыемстве. Гэта няпростыя праекты. І ў тым, што яны паспяхова рэалізуюцца, вялікая заслуга майстроў сваёй справы, якія кожны дзень працуюць на карысць развіцця адной з галоўных нашых эканамічных сфер - нафтахімічнай галіны", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Таксама былі адзначаны дасягненні беларускіх прамыслоўцаў. "Прадстаўнікі буйных айчынных прадпрыемстваў прысутнічаюць сёння ў гэтай зале. Арганізацыі Міністэрства прамысловасці ў бягучым годзе спрацавалі дастойна, забяспечаны рост аб'ёмаў вытворчасці, нягледзячы на ўсе складанасці. Прагназуецца значны рост экспарту прамысловай прадукцыі - па выніках года каля 13 працэнтаў. Прадпрыемствы не проста паспяхова працуюць, але і развіваюцца, рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты. Асабліва ўпор робіцца на вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі. Тут мы цесна працуем з нашым стратэгічным саюзнікам - Расійскай Федэрацыяй", - акцэнтаваў увагу кіраўнік урада.

Словы ўдзячнасці прэм'ер-міністр адрасаваў работнікам падатковых органаў. "Падатковыя органы краіны забяспечваюць напаўняльнасць бюджэту, сочаць за своечасовасцю, правільнасцю выплаты падатковых плацяжоў і тым самым ствараюць фінансавыя ўмовы для рэалізацыі дзяржавай сваіх задач. Таму што менавіта з бюджэту фінансуюцца ўсе самыя значныя для грамадства сферы - адукацыя, ахова здароўя, навука, культура і г.д.", - падкрэсліў ён.

Таксама Раман Галоўчанка падзякаваў за працу педагогам. "Перад вамі стаіць нялёгкая, але вельмі важная місія: выхоўваць і вучыць маладое пакаленне. Дзеці павінны мець доступ да якаснай адукацыі, а педагогі - усе неабходныя ўмовы для камфортнай і дастойнай работы. У гэтым заключаецца задача ўрада", - канстатаваў прэм'ер-міністр.

Сярод узнагароджаных - прадстаўнікі СМІ. "Адказнасць і значнасць гэтай прафесіі перад грамадствам нельга недаацэньваць. Сёння журналісты таксама ўдзельнічаюць у той барацьбе, якую вядзе наша дзяржава за права развівацца самастойна і суверэнна, ісці па сваім шляху развіцця. Менавіта журналісты павінны падаваць грамадству аб'ектыўную і адэкватную карціну таго, што адбываецца, ачышчаную ад інфармацыйнага смецця і відавочных фэйкаў", - сказаў ён.

На заканчэнне цырымоніі Раман Галоўчанка ад імя ўрада і ад сябе асабіста павіншаваў узнагароджаных з гэтай знамянальнай падзеяй у іх жыцці. "Дзяржаўная ўзнагарода - гэта знак прызнання заслуг, а таксама знак даверу. Перакананы, што ўручэнне вам сёння высокіх узнагарод - гэта толькі пачатак вашага далейшага шляху да новых вышынь і прафесійных здзяйсненняў", - рэзюмаваў ён.