Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.12.2023

Галоўчанка: Узбекістан для нас з'яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў у рэгіёне Цэнтральнай Азіі і СНД

5 снежня, Самарканд /Кар. БЕЛТА/. Узбекістан для нас з'яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў у Цэнтральнай Азіі і СНД. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на ўзбекска-беларускім бізнес-форуме, які праходзіць у Самаркандзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Самаркандзе стартаваў узбекска-беларускі бізнес-форум, арганізатарамі якога выступілі Гандлёва-прамысловая палата Рэспублікі Узбекістан і Беларуская гандлёва-прамысловая палата.

Удзел у рабоце ўзбекска-беларускага бізнес-форуму прынялі таксама прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і прэм'ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў.

Раман Галоўчанка і Абдула Арыпаў
Раман Галоўчанка і Абдула Арыпаў

Беларускі прэм'ер адзначыў, што ў год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі праведзены ўжо шэраг значных мерапрыемстваў. Сярод іх, у прыватнасці, беларуска-ўзбекскі медыцынскі форум, які прайшоў нядаўна ў Беларусі.

Раман Галоўчанка таксама абазначыў, што маючы адкрытую, экспартаарыентаваную эканоміку, Беларусь у сваім развіцці, у сваёй знешняй палітыцы ставіць на "эканамічную дыпламатыю", у аснове якой "адкрытая эканоміка".

Ён падкрэсліў, што імкненне выбудаваць узаемавыгадную мадэль супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі - крэда знешнегандлёвай палітыкі. Прэм'ер-міністр дадаў, што планамерная дыверсіфікацыя экспарту пры захаванні і ўмацаванні нашых пазіцый на традыцыйных рынках - адна з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі.

Узбекістан для нас з'яўляецца адным з самых значных гандлёвых партнёраў у Цэнтральнай Азіі і рэгіёне СНД (трэцім па аб'ёме тавараабароту сярод краін СНД)", - адзначыў Раман Галоўчанка на сустрэчы з бізнес-коламі, падкрэсліўшы, што дыялог Беларусі і Узбекістана - бліскучы прыклад таго, як могуць развівацца адносіны паміж дзяржавамі.

"Гэтаму садзейнічае ў тым ліку сфарміраваная структура кааперацыйных сувязей. Мы не канкурэнты адзін аднаму, эканомікі нашых краін з'яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі", - сказаў прэм'ер-міністр.

Ён акцэнтаваў увагу, што за апошнія тры гады тавараабарот паміж нашымі краінамі павялічыўся амаль у два разы, дасягнуўшы больш як паўмільярда долараў. Пры гэтым, адзначыў кіраўнік беларускага ўрада, відаць нацэленасць бакоў выкарыстоўваць у поўнай меры існуючы вытворчы, навукова-тэхнічны, інавацыйны патэнцыял нашых краін і ставіць "амбіцыйныя задачы па павелічэнні тавараабароту да аднаго мільярда долараў".

"Ключавая роля ў развіцці двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва адводзіцца бізнес-супольнасці. Здольнасць бізнесу хутка рэагаваць на змяненні рыначных умоў і спажывецкага попыту, дэманстраваць высокую манеўранасць дае магчымасць забяспечыць дадатковыя тэмпы росту эканомікі, павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці тавараў і паслуг", - заўважыў Раман Галоўчанка.

Ён таксама выказаў меркаванне, што правядзенне бізнес-форумаў - гэта добрая магчымасць паказаць адзін аднаму штосьці новае, паразмаўляць, паколькі "нішто не можа замяніць асабістых сустрэч і асабістых стасункаў".

Размаўляючы з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці, Раман Галоўчанка заўважыў, што Беларусі ёсць што прапаноўваць: гэта прадукцыя машынабудавання, харчовыя тавары, паслугі, найноўшыя навукова-тэхнічныя распрацоўкі і шмат іншага.

"У сваю чаргу, у Рэспубліцы Беларусь ведаюць і цэняць узбекскі тэкстыль, высакаякасныя фрукты і агародніну. Беларускія заводы зацікаўлены ў закупцы металаў і металапракату, частак і надбудоў для тэхнікі, якія вырабляюцца ва Узбекістане", - расказаў прэм'ер-міністр.

"Прыемна адзначыць, што апошнія гады мы назіраем істотнае павелічэнне аб'ёмаў паставак узбекскай прадукцыі на беларускі рынак", - дадаў ён.

На думку Рамана Галоўчанкі далейшае развіццё эканамічных адносін Беларусі і Узбекістана і іх канструктыўнае напаўненне - у пераходзе да ўзаемнага інвесціравання, стварэння сумесных вытворчасцей.

"Ужо цяпер ва Узбекістане мы паспяхова рэалізуем праекты па зборцы спецыяльнай тэхнікі, вытворчасці сельскагаспадарчых машын для апрацоўкі глебы і бавоўны. У гэтым годзе дадзены старт першаму беларуска-ўзбекскаму прадпрыемству па вытворчасці сухіх малочных сумесей, якое рэалізуе вырабленую на аснове беларускай сыравіны прадукцыю як вытворцам і перапрацоўшчыкам ва Узбекістане, так і пастаўляе яе ў суседнія краіны. У горадзе Каршы функцыянуе створанае з беларускім вытворцам "Марко" сумеснае прадпрыемства па выпуску абутку. Ёсць перспектывы па арганізацыі вытворчасцей ва Узбекістане трактароў "Беларус", дызель-генератарных і кампрэсарных установак, запатрабаваных на ўзбекскім рынку лекавых сродкаў", - назваў ключавыя агульныя інтарэсы прэм'ер-міністр, абазначыўшы што ёсць яшчэ вялікі патэнцыял для ўзаемадзеяння ў дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці мэблі. На думку Галоўчанкі, беларускія вытворцы абавязаны знайсці на рынку Узбекістана свайго спажыўца.

Узбекскі бок таксама выказаў гатоўнасць актыўна развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю. Тут у наступным годзе чакаюць беларускага Прэзідэнта, якога запрасіў кіраўнік узбекскай дзяржавы Шаўкат Мірзіёеў.

Як паведамлялася, у верасні на сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзілой Нарбаевай таксама ішла размова аб маючым адбыцца візіце беларускага лідара. Прэзідэнт згадаў, як раней разам са сваім калегам Шаўкатам Мірзіёевым бываў на поўдні Узбекістана, дзе надзвычай прыгожыя мясціны, і прызнаўся, што яму хацелася б наведаць горныя рэгіёны гэтай краіны зімой. "Я пастараюся вырвацца ў бліжэйшы час, каб пабываць у вас у гарах", - сказаў ён.-0-

Фота Паўла Арлоўскага