Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
20.11.2023

Галоўчанка заявіў аб планах па серыйнай вытворчасці і экспарце новага гранатамётнага комплексу

17 лістапада, Барысаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў у гутарцы з журналістамі аб планах па серыйнай вытворчасці і экспарце новага гранатамётнага комплексу "Сапфір МГУ", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хачу павіншаваць усіх распрацоўшчыкаў з паспяховым завяршэннем праграмы выпрабаванняў. Цяпер мы пераходзім да выпрабаванняў у войсках. Магчыма, будуць нейкія дапрацоўкі з пункту гледжання эрганомікі, але галоўны шлях пройдзены. І сёння мы ўжо ведаем, дзе і як будзем ажыццяўляць серыйную вытворчасць гэтых вырабаў. У іх вялікую патрэбу маюць нашы Узброеныя Сілы, а таксама ёсць вялікі экспартны патэнцыял. У гэтым мы абсалютна ўпэўнены, таму што ведаем запатрабаванні нашых партнёраў і цікавасць на сусветным рынку да такога тыпу ўзбраенняў", - сказаў Раман Галоўчанка.

Ён адзначыў, што ўдалося вырашыць вельмі складаную задачу. "Мы паказвалі ўзор на выстаўцы MILEX, і былі скептыкі, якія думалі, што Беларусі не ўдасца завяршыць гэту работу. Але сёння мы ўжо можам упэўнена заявіць, што яна завершана пасяхова", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Гэта гранатамётны комплекс новага пакалення з універсальнымі магчымасцямі. "Універсальная граната дазваляе весці работу па ўсіх тыпах цэлей. Калі раней трэба было сарыентавацца і памяняць, тут адзін боепрыпас забяспечвае паражэнне ўсіх тыпаў цэлей, што скарачае час, стралок не зблытае нічога. Акрамя таго, забяспечана вельмі высокая дакладнасць дзякуючы выкарыстанню беларускага прыбора кіравання агнём. Гэта было адной з самых складаных частак работы. У выніку мінімізаваны памылкі стралка, яму застаецца толькі навесці прыбор на цэль і націснуць кнопку. І вага меншая дзякуючы прымяненню кампазітных матэрыялаў беларускай вытворчасці, што дае магчымасць выкарыстоўваць адразу некалькі вырабаў", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Гранатамётны комплекс дазваляе весці агонь як адзіночным вырабам, так і кластарам да чатырох вырабаў у залежнасці ад фізічных здольнасцей байца.

Яшчэ адна ўнікальная асаблівасць - магчыма стральба з закрытага памяшкання. "Усе ведаюць, што цяперашнімі гранатамётамі немагчыма гэта рабіць, таму што стралка пашкодзіць гукавая хваля і ціск. Тут гэтага не будзе", - звярнуў увагу кіраўнік урада.

Гэта ўласная беларуская распрацоўка ў мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта Беларусі па імпартазамяшчэнні ў сферы ўзбраення. "Вельмі дарагая штука - гэта закупляць. Напружвайце прамысловасць!" - заявіў сёння ў час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка.