Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.04.2023

Гандлёвы дом Беларускай цэментнай кампаніі створаць у Расіі

28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ходзе афіцыйнага візіту расійскай дэлегацыі ў Беларусь кампанія ТАА "Вектар" і Беларуская цэментная кампанія ва ўрачыстай абстаноўцы падпісалі доўгатэрміновы міжнародны кантракт аб пачатку сумеснай дзейнасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінбудархітэктуры.

"Кантракт з'яўляецца важным крокам ва ўмацаванні эканамічных адносін паміж Расіяй і Беларуссю, садзейнічае павелічэнню аб'ёмаў гандлю паміж дзвюма краінамі і ўмацаванню дружалюбных узаемаадносін. Сутнасць кантракта ў тым, што на базе вытворчых магутнасцей кампаніі ТАА "Вектар" ствараецца гандлёвы дом "БЦК-Саюз", які будзе пастаўляць на расійскі рынак да 2 млн т якаснага цэменту ў год. Гандлёвы дом плануе актыўна развіваць сваю дзейнасць на расійскім рынку і прадастаўляць заказчыкам шырокі выбар якаснага цэменту. Кампанія прапануе канкурэнтаздольныя цэны на свой прадукт, што робіць яго больш даступным для спажыўцоў", - паведамілі ў прэс-службе.

Пастаўкі беларускага цэменту на расійскі рынак будуць ажыццяўляцца аўтамабільным і чыгуначным транспартам з Беларускага цэментнага завода і ААТ "Крычаўцэментнашыфер", размешчаных у Магілёўскай вобласці. Гэтыя заводы знаходзяцца ўсяго за 500 км ад Масквы, што забяспечвае хуткую дастаўку цэменту да канечнага спажыўца. Такім чынам, дзякуючы зручнаму размяшчэнню вытворчых магутнасцей і эфектыўнай лагістыцы, гандлёвы дом "БЦК-Саюз" можа забяспечыць надзейную і хуткую пастаўку якаснага цэменту на расійскі рынак.

Адметнай рысай Беларускай цэментнай кампаніі з'яўляецца высокая якасць выпускаемай прадукцыі, што пацвярджаецца мноствам узнагарод розных выставак і конкурсаў.