Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
01.02.2024

Гендырэктар БМЗ: у завод укладзена больш за $1 млрд інвестыцый, і ўсе яны акупіліся

31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе інвестыцыі, укладзеныя ў Беларускі металургічны завод, а іх было больш за $1 млрд, акупіліся. Аб гэтым заявіў генеральны дырэктар ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" Дзмітрый Корчык у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага".
"За апошнія 12-14 гадоў былі ўкладзены сур'ёзныя інвестыцыі ў прадпрыемства - больш за $1 млрд. Пабудаваны дзве новыя вытворчасці - трубапракатны і сортапракатны цэхі, - расказаў кіраўнік. - Укладзены сур'ёзныя інвестыцыі, усе яны акупіліся. Спачатку, калі ішоў працэс тэхналагічнага асваення, было складана, але на сённяшні момант патрэбнасць у гэтай прадукцыі вельмі высокая".

"Рашэнні (па інвесціраванні. - Заўвага), безумоўна, прыняты правільна, - падкрэсліў ён. - Так, рызыкі вельмі высокія. Тым больш калі гаварыць пра сённяшнюю сітуацыю. Вельмі складана ацаніць усе рызыкі, асабліва ў частцы рэалізацыі прадукцыі. Але на сённяшні момант я абсалютна ўпэўнены (і гэта ўсё пацвердзілася), што рашэнні былі прыняты правільна".

У той час, вядома, арыентаваліся на еўрапейскі рынак як асноўны рэгіён для пастаўкі прадукцыі. Але пасля ўвядзення санкцый сітуацыя змянілася, і БМЗ давялося пераарыентавацца на іншыя рынкі. "Дзякуючы таму, што БМЗ вырабляе шырокую гаму прадукцыі, ёсць магчымасць нівеліраваць тыя ці іншыя моманты, - растлумачыў Дзмітрый Корчык. - Нават у перыяд COVID, калі былі сур'ёзныя абмежаванні, прадпрыемства працавала стабільна і можна было нарасціць вытворчасць той ці іншай прадукцыі, пераарыентавацца. У адрозненне ад нашых канкурэнтаў, якія арыентаваны на адзін-два прадукты".

БМЗ прадаўжае асвойваць і развіваць вытворчасць новых відаў прадукцыі. За мінулы год доля інавацыйнай прадукцыі склала 41 працэнт.

У бягучым годзе прадпрыемства плануе прадаўжаць рэалізацыю інвестпраектаў. Цяпер яны накіраваны ў асноўным на паляпшэнне экалагічнага складніка вытворчасці, так званай зялёнай металургіі, эканоміі энергарэсурсаў, і датычацца пыла- і газаўлоўных установак. У планах - завяршыць такі праект на адной з печаў і пачаць другую ўстаноўку.

"На гэты момант у нас асноўныя задачы - тэхнічная мадэрнізацыя з улікам асваення вытворчасці новых відаў вырабаў. Гэта значыць экалогія, новыя віды прадукцыі, якія запатрабаваны на рынку", - адзначыў генеральны дырэктар.