Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.11.2023

Генпракуратура: у гады ВАВ нацысты правялі ў Беларусі не менш як 187 карных аперацый

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У гады Вялікай Айчыннай вайны нацысты правялі на тэрыторыі Беларусі не менш як 187 карных аперацый. Аб гэтым заявіла старшы пракурор упраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Валерыя Таратынка ў час прэс-канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа было вядома аб 140 карных аперацыях, праведзеных акупантамі на нашай тэрыторыі. Сёння мы маем магчымасць сцвярджаць, што нацысцкімі злачынцамі было праведзена не менш як 187 карных аперацый. Апошнія атрыманыя звесткі і дакументы сведчаць, што нацысты і іх памагатыя не толькі вешалі, спальвалі і расстрэльвалі нашых людзей, але і скідвалі на іх атрутныя рэчывы з самалётаў", - сказала Валерыя Таратынка.

"У ходзе эксперыментаў знаходзіліся самыя дзейсныя спосабы знішчэння насельніцтва. У поўнай меры ажыццяўлялася насільная дэпартацыя беларускага народа ў Германію і іншыя краіны Заходняй Еўропы для прыцягнення да рабскай працы. Нацысцкія акупанты нярэдка для ўтойвання сапраўдных мэт ужывалі цынічныя назвы для праводзімых імі карных аперацый, напрыклад, "Зімовае чараўніцтва", "Вясенняе свята" або "Паляванне на зайцоў", - адзначыла Валерыя Таратынка.

Валерыя Таратынка. Фота Генпракуратуры
Валерыя Таратынка. Фота Генпракуратуры

Яна дадала, што Генеральная пракуратура на сістэмнай аснове інфармуе грамадскасць аб атрыманых у ходзе расследавання новых доказах, а вынікі расследавання ўкараняюцца ва ўсе сферы дзейнасці грамадства, у тым ліку заканадаўчую, ідэалагічную, адукацыйную і інфармацыйную.

"Адна з форм рэалізацыі такой работы - выпуск зборнікаў інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і іншых дакументаў пад агульнай рэдакцыяй генпракурора "Генацыд беларускага народа". Сёння мы маем магчымасць прадставіць чарговае выданне гэтай серыі пад назвай "Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі", у якім паказаны раней невядомыя шырокай грамадскасці матэрыялы аб планаванні і рэалізацыі нацысцкай Германіяй палітыкі генацыду на тэрыторыі БССР шляхам правядзення масавых карных аперацый. У першай главе кнігі прадстаўлена інфармацыя аб планаванні і падрыхтоўцы нацысцкай Германіяй карных аперацый на тэрыторыі БССР. Са зместу гэтай главы відаць, што вайна на знішчэнне, якая ўключае беспрэцэдэнтныя па сваёй жорсткасці формы і метады знішчэння нашага народа, планавалася нацыстамі задоўга да рэальнага ваеннага ўварвання на тэрыторыю Савецкага Саюза", - растлумачыла Валерыя Таратынка.

Паводле яе слоў, у другой главе прыведзены доказы, якія сведчаць аб тым, што з першых дзён вайны нацысты не проста прымянялі формы масавага знішчэння нашых грамадзян, але і знаходзілі самыя эфектыўныя і дзейсныя сярод іх. "Трэцяя глава прыводзіць доказы ўдзелу калабарацыяністаў у нацысцкіх злачынствах і карных аперацыях. Таксама апісаны канкрэтныя прыклады падрыхтоўкі нацыстамі карнікаў з ліку беларускіх нацыяналістаў, якія пасля абучэння ў спецыяльных разведвальна-дыверсійных школах служылі ў інтарэсах рэалізацыі нацысцкай палітыкі генацыду. У канцы кнігі прыводзіцца спіс, які змяшчае пералік карных аперацый. Па меры пашырэння расследавання ён будзе дапаўняцца. Кніга, як і папярэднія два выданні названай серыі, выдадзена на дзвюх мовах: рускай і англійскай. Гэта зроблена для таго, каб як мага большая колькасць насельніцтва не толькі нашай краіны, але і замежжа даведаліся аб выніках праводзімага Генеральнай пракуратурай расследавання", - падкрэсліла старшы пракурор.

"Кніга выклікала шырокі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У прыватнасці, высокую ацэнку нашы выданні атрымалі ад вышэйшых службовых асоб Германіі, Бразіліі, Ірана і шэрага іншых дзяржаў", - заўважыла Валерыя Таратынка. Паводле яе слоў, асаблівасць выдання заключаецца ў тым, што яно напісана на даступнай, зразумелай шырокаму колу людзей мове. Гэта дае магчымасць распаўсюдзіць яго сярод шырокага кола асоб, а не толькі гісторыкаў, архівістаў і даследчыкаў. У выданні таксама прыводзяцца паказанні жывых сведак генацыду беларускага народа.