Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.11.2023

"Гэта не чарговае жорсткае рэгуляванне цэн". Галоўчанка аб новай сістэме маніторынгу

28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Укараненне сістэмы аналізу цэн на спажывецкія тавары не з'яўляецца чарговым жорсткім рэгуляваннем цэн. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Укараненне сістэмы аналізу цэн на тавары - гэта не чарговае жорсткае рэгуляванне цэн. Гэта не нейкая дадатковая сістэма кантролю. Гэта сістэма падтрымкі прыняцця рашэнняў. Таму што мы абсалютна дакладна разумеем, што ўсе рашэнні павінны быць узважанымі і выверанымі. З аднаго боку, мы не можам дапусціць рэзкага спаду рэнтабельнасці ў гандлі - ні ў аптовым, ні ў рознічным, у гэтай сферы занята шмат чалавек, і павінен быць разумны прыбытак. З другога боку, нельга дапусціць некантралюемы рост цэн замест росту эфектыўнасці продажаў", - растлумачыў журналістам прэм'ер-міністр.

Рэалізацыя пілотнага праекта па выбудоўванні сістэмы аўтаматызаванага аналізу цэн на тавары замежнай вытворчасці, што пастаўляюцца на ўнутраны рынак, стала тэмай рабочай сустрэчы ў Дзяржаўным мытным камітэце з удзелам Рамана Галоўчанкі. У нарадзе ў ДМК прынялі ўдзел прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў і арганізацый. Прэм'ер-міністр паведаміў, што цяпер неабходна дапрацаваць прапанаваны праект па выбудоўванні гэтай сістэмы аналізу цэн, на гэта спатрэбіцца ад 3 да 6 месяцаў.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што надышоў час адыходзіць ад ручнога рэгулявання цэн на карысць аўтаматызаваных працэсаў. "На змену ручному рэгуляванню і дырэктыўнаму ўстанаўленню параметраў цэнаўтварэння павінна прыйсці сістэма аўтаматызаванага аналізу гэтых цэн, якая падказвала б органам-рэгулятарам тыя напрамкі, дзе неабходна нейкае ўмяшанне з мэтай устаранення перакосаў і дысбалансаў", - абазначыў ён.

Як адзначыў прэм'ер-міністр, задача стварыць эфектыўную сістэму аналізу кантролю цэн на імпартныя тавары ў мэтах недапушчэння іх паставак па завышаных цэнах была пастаўлена кіраўніком дзяржавы ў ходзе даклада ўрада па пытаннях цэнаўтварэння. У аснове новай сістэмы - выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій для аператыўнага аналізу тых даных аб цэнах на тавары, якія ўжо ёсць у дзяржаўных інфармацыйных сістэмах, перш за ўсё ў мытных і падатковых органаў. Такі аналіз дасць магчымасць фарміраваць разліковыя даныя, абапіраючыся на якія ўрад зможа прымаць абгрунтаваныя рашэнні ў сферы цэнавага рэгулявання.

Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, сістэма пабудавана на алгарытмах работы з Big Data (вялікімі данымі). "Гэта вялізная колькасць статыстычнай інфармацыі, якая сцякаецца ў адно месца, і на аснове змяненняў бачны не толькі бягучыя тэндэнцыі - штучны інтэлект можа спрагназаваць і развіццё падзей у далейшым. Напрыклад, наколькі сезонныя ваганні цэн будуць раўнамерныя на працягу будучых гадоў. Зыходзячы з паступлення тавараў у краіну сістэма можа прагназаваць лішак або, наадварот, пагрозу дэфіцыту таго ці іншага тавару. Тут маю на ўвазе не фізічны дэфіцыт, а скарачэнне прапанавання, якое выклікае цэнавы рост па зразумелых прычынах", - растлумачыў ён.

У рамках пілотнага праекта па асобных групах тавараў бачны ўвесь ланцужок цэнаўтварэння - ад увозу ў краіну да продажу ў канкрэтным гандлёвым аб'екце. "Складанасць была ў тым, каб злучыць у адну сістэму інфармацыю з розных дзяржаўных інфармацыйных сістэм - гэта і электронныя рахункі-фактуры, і мытныя дэкларацыі, і кантрольна-касавае абсталяванне, якое падключана да сістэмы МПЗ. Фактычна ўсё гэта зведзена разам. Пра кожны канкрэтны прадукт мы можам убачыць, як ён трапіў у краіну, якое павышэнне цаны і на якой стадыі адбылося", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Цяпер дзейнічае сістэма рэгулявання гандлёвых надбавак імпарцёра, а таксама ў аптовым і рознічным звяне. "Калі ставіцца пытанне, ці дастаткова такой надбаўкі, рэальнай інфармацыі не хапае. А ў сістэме мы бачым, што тавар імпартуе, дапусцім, 10 кампаній. З іх 8 спраўляецца з надбаўкай да 20 працэнтаў, а дзве маюць надбаўку 30 працэнтаў і вышэй. Адпаведна, аргументы, што нельга працаваць з надбаўкай 30 працэнтаў і менш, не вытрымліваюць крытыкі. Гэта як прыклад адной з функцый сістэмы", - абазначыў кіраўнік урада.

Канчатковая мэта - патанніць паступленне імпартнага тавару ў краіну. "Прадукты харчавання, экзатычныя фрукты, якія не вырошчваюцца ў нас, імпартуюць розныя кампаніі з розных краін. Цана бананаў, што імпартуюцца з Эквадора, дзе яны вырошчваюцца, чакана ніжэйшая, чым на тыя тавары, што ідуць да нас праз некалькі іншых краін. Такім чынам, можна ўплываць на імпартныя цэны, выбіраючы найбольш эфектыўны спосаб увозу. Мы бачым усе стадыі росту цаны на тавар, бачым, дзе ёсць нейкія перакосы", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

Той жа функцыянал можа быць прыменены да экспартных цэн. "Часта ставіцца пытанне аб эфектыўнасці экспартнай дзейнасці. Важна не проста прадаць тавар, а з добрай рэнтабельнасцю. Кожны будзе запэўніваць, што эфектыўна прадае, але мы будзем бачыць, ці так гэта, у супастаўленні тавараў-аналагаў", - дадаў прэм'ер-міністр.

"Гэта сістэма адпавядае сусветным аналагам у сферы лічбавізацыі работы з аналізам імпартных і экспартных патокаў. Тое, што яна будзе ўкаранёна, не выклікае сумненняў. Каб яна пачала працаваць на поўную сілу, неабходна прыняць шэраг рашэнняў па дапрацоўцы дзяржаўных інфармацыйных сістэм, каб усе даныя былі рэлевантнымі і прадастаўляліся па адным узоры. Таксама неабходна крыху "дакруціць" ідэнтыфікацыю тавараў. Акрамя таго, трэба дапрацаваць заканадаўства, некаторыя нарматыўныя акты паправіць, каб сістэма верыфікавана магла выкарыстоўваць даныя. Усе ўдзельнікі настроены на тое, каб зрабіць гэта максімальна хутка", - рэзюмаваў кіраўнік урада.