Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.04.2023

Губернатар Калужскай вобласці: прамкааперацыя Беларусі і Расіі дае магчымасць замяшчаць імпартныя камплектуючыя

4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прамкааперацыя Беларусі і Расіі дае магчымасць замяшчаць імпартныя камплектуючыя. Аб гэтым заявіў губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша ў час сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы даражым нашымі даўнімі і добрымі адносінамі з Беларуссю. Бадай, няма такой сферы, у якой у нас не было б супрацоўніцтва. Амаль трэць усяго гандлю Калужскай вобласці з краінамі СНД прыпадае на Беларусь. Разам з тым мы не замыкаемся ў рамках гандлю. Паспяховы прыклад супрацоўніцтва - работа ў нас беларускіх будаўнікоў, мы актыўна развіваем гэты напрамак, будуюцца цэлыя мікрараёны, сацыяльныя аб'екты (дзіцячыя сады, школы)", - сказаў Уладзіслаў Шапша.

Шмат наглядных прыкладаў і прамысловага супрацоўніцтва, у прыватнасці з МАЗам. "Разлічваем, што планы нашай кампаніі ў Калузе па пашырэнні вытворчасці камунальнай тэхнікі знойдуць падтрымку ў тым ліку і з боку МАЗа. Акрамя таго, з яго дапамогай мы змаглі абнавіць парк грамадскага транспарту ў Обнінску. Плануем набыць для Калугі больш за 330 аўтобусаў і разлічваем, што МАЗ зможа прыняць удзел у гэтай праграме. Мы аддаём прыярытэт аўтобусам, якія працуюць на газаматорным паліве, з мэтай паляпшэння экалагічнай абстаноўкі. У МАЗа гэты вопыт ёсць", - адзначыў губернатар.

"З улікам нашага вопыту ёсць усе магчымасці для таго, каб сістэмна вырашаць пытанні адыходу ад імпартных камплектуючых. Разлічваем у гэтай сферы актыўна дапамагаць прадпрыемствам Беларусі і атрымліваць падтрымку ў адказ. Сёння калужскія прадпрыемствы ўжо вырабляюць вузлы, дэталі, камплектуючыя для БЕЛАЗа і МАЗа", - звярнуў увагу Уладзіслаў Шапша.

На палях Калужскай вобласці даўно працуе сельскагаспадарчая тэхніка беларускай вытворчасці. "Практычна ўвесь выраб кармоў ідзе з дапамогай беларускай тэхнікі. Яна задавольвае і па цане, і па якасці. Мы разлічваем на практычную рэалізацыю праектаў калі не па будаўніцтве вытворчых магутнасцей, то ўжо дакладна па стварэнні дыстрыб'ютарскіх цэнтраў і цэнтраў сэрвіснага абслугоўвання беларускай тэхнікі ў Калужскай вобласці", - падкрэсліў губернатар.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што брэнды беларускіх прадуктаў харчавання вядомы і любімыя ў Калужскай вобласці. "Мы гатовы шырока супрацоўнічаць у гэтым напрамку", - дадаў Уладзіслаў Шапша.