Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.02.2024

Іванец пра ЦЭ: выпускнікі адаптаваліся да новай формы падагульняючай атэстацыі

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выпускнікі адаптаваліся да новай формы падагульняючай атэстацыі. Аб гэтым міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, пасля пасяджэння калегіі аб выніках работы Міністэрства адукацыі за 2023 год і задачах на 2024-ы.

"Мы падвялі ўжо вынікі правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену. Улічваючы вопыт мінулага года, усе арганізацыйна-тэхнічныя пытанні ў гэтым годзе праведзены яшчэ на больш высокім узроўні. Павялічваецца і колькасць педагогаў, экспертаў, якіх мы прыцягваем для кантролю забеспячэння справядлівых, празрыстых і роўных умоў для правядзення падагульняючай атэстацыі нашых школьнікаў. Што датычыцца непасрэдна саміх вынікаў, мы сёння бачым, што нашы школьнікі, выпускнікі фактычна адаптаваліся да такой формы падагульняючай атэстацыі. У пераважнай большасці, а гэта больш за 85 працэнтаў, альбо пацвердзілі сваю ацэнку, альбо здалі рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену на больш высокую ацэнку, чым у іх была за чвэрць. Гэта сведчыць аб тым, што ўсе тыя падыходы, якія для Міністэрства адукацыі ставіў кіраўнік дзяржавы, а менавіта жалезабетонная адпаведнасць школьнай праграме, забеспячэнне празрыстасці і якаснай падрыхтоўкі без рэпетытараў і нейкіх дадатковых затрат для бацькоў да здачы гэтага экзамену, выкананы", - расказаў Андрэй Іванец.

Адукацыйнае ведамства праводзіць поўны аналіз заданняў, якія выклікалі найбольшыя цяжкасці ў навучэнцаў пры рэпетыцыі ЦЭ. "Мы зрабілі поўную аналітыку ў разрэзе кожнага раёна і кожнай школы. Гэтыя матэрыялы мы перадаём у педагагічныя калектывы, каб яны правялі, назавём так, работу над памылкамі, каб дзеці кожнай школы змаглі ўбачыць, над якімі тэмамі, па якіх прадметах ім яшчэ трэба ўзмоцнена папрацаваць. У нас да канца мая ёсць паўтары чвэрці для таго, каб працаваць і яшчэ больш сур'ёзна падрыхтавацца да здачы цэнтралізаванага экзамену", - падкрэсліў міністр адукацыі.