Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
21.07.2022

Іваноў: правільная ўборка ўраджаю з палёў забяспечыць харчовую бяспеку краіны

20 ліпеня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Правільная ўборка ўраджаю з палёў забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны. Аб гэтым сказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта Валерый Іваноў у час раённага свята "Зажынкі", якое прайшло на полі ААТ "Александрыйскае" ў Шклоўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Збожжавыя палі ў гэтым годзе радуюць вока. Гэта дзякуючы таму, што ўсе вы прыклалі максімум намаганняў, каб вырасціць добры ўраджай. Але гаварыць пра ўраджай можна толькі тады, калі гэта збожжа ляжа ў засекі, - падкрэсліў ён. - Адказнасць, якая была ў час вясенніх палявых работ, апрацоўкі пасеваў, цяпер падвоіцца".

Валерый Іваноў адзначыў, што бесталковае стаўленне да ўборкі ўраджаю можа паставіць крыж на ўсіх папярэдніх затратах і працы. "Першыя вынікі абнадзейваюць - амаль 70 ц/га. Патэнцыял Шклоўскага раёна я ведаю не па чутках. І гэты патэнцыял павінен праявіцца ў рэзультатах", - сказаў ён.

У час уборкі нельга дапускаць страт. "Страты, як сказаў кіраўнік дзяржавы, - гэта злачынства. Я звяртаюся да механізатараў. Вы на гэта поле вяртаецеся некалькі разоў, пачынаючы ад яго падрыхтоўкі, апрацоўкі пасеваў, а цяпер ужо на камбайнах. Таму я прашу: цаніце сваю працу. Я жадаю нам выканаць тыя задачы, якія перад намі ставіць кіраўнік дзяржавы, наша краіна. Правільная ўборка ўраджаю забяспечыць харчовую бяспеку, у краіне будзе хлеб і дастатак", - падкрэсліў Валерый Іваноў.-0-