Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
03.10.2023

Як беларусы ацэньваюць работу сістэмы школьнай адукацыі: даныя сацапытання

2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў тэлефоннае сацыялагічнае апытанне з мэтай вывучэння стаўлення насельніцтва краіны да сістэмы школьнай адукацыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

Ацэньваючы работу сістэмы школьнай адукацыі Беларусі, 71,7 працэнта грамадзян краіны адгукнуліся пра яе ў станоўчым ключы. Нейтральна да работы гэтай сістэмы ставіцца кожны пяты апытаны (20,9 працэнта), адмоўна - усяго 5,6 працэнта. Не змаглі даць адказ 1,8 працэнта.

Пры гэтым рэспандэнтам было зададзена пытанне аб тым, ад чаго, на іх думку, залежыць узровень адукацыйнай падрыхтоўкі вучня. Самым важным удзельнікі апытання лічаць жаданне самога дзіцяці адказна вучыцца (80,3 працэнта). На другім месцы размясціўся ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў (61,2 працэнта), а на трэцім - імкненне саміх бацькоў даць дзіцяці адукацыю (48,4 працэнта). Апытаныя таксама звярталі ўвагу на здольнасці дзіцяці (42,4 працэнта), наяўнасць магчымасці наведваць бясплатна гурткі/заняткі па выбары (26,2 працэнта), узровень адукацыі бацькоў дзіцяці (18,9 працэнта) і матэрыяльны дабрабыт сем'яў у цэлым (14,1 працэнта). Варыянт "Іншае" выбралі 2,2 працэнта апытаных. Не змаглі адказаць 1,6 працэнта.

Меркаванні апытаных аб тым, якім чынам неабходна праводзіць адбор ва ўстановы вышэйшай адукацыі, размеркаваліся наступным чынам: за вяртанне школьных экзаменаў і замену цэнтралізаванага тэсціравання на класічныя ўступныя экзамены выступілі 30 працэнтаў рэспандэнтаў. Таксама падтрымліваюць вяртанне экзаменаў пасля заканчэння школы, але з захаваннем цэнтралізаванага тэсціравання, 21,2 працэнта ўдзельнікаў апытання. Лічаць, што неабходна аб'яднаць школьныя экзамены з уступнымі экзаменамі, 16,7 працэнта рэспандэнтаў. Толькі кожны дзясяты ўдзельнік апытання (11,7 працэнта) выступае за тое, каб пакінуць цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне. Мяркуюць, што неабходна замяніць усе цэнтралізаваныя тэсціраванні на цэнтралізаваныя экзамены, 8,7 працэнта апытаных. Варыянт "Іншае" выбралі 2 працэнты рэспандэнтаў. Цяжкасць пытанне выклікала ў 9,8 працэнта.

Даследаванне праводзілася 21 чэрвеня - 11 ліпеня 2023 года ва ўсіх абласных гарадах і Мінску, асобных раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах. Мэтавая выбарачная сукупнасць склала 900 рэспандэнтаў ва ўзросце да 60 гадоў (памылка выбаркі ±3,3 працэнта).