Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.08.2022

Якіх урачоў праходзіць перад школай і ці падыдуць заключэнні з прыватных медцэнтраў

5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якіх урачоў праходзіць перад школай і ці падыдуць заключэнні з прыватных медыцынскіх цэнтраў, расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі Алена Матвеева.

Для атрымання адукацыі, у тым ліку дашкольнай і агульнай сярэдняй, па месцы вучобы неабходна прадаставіць медыцынскую даведку аб стане здароўя. Яе афармляе ўрач-педыятр у паліклініцы па месцы жыхарства. Пастановай Міністэрства аховы здароўя нумар 92 ад 9 ліпеня 2010 года ўстаноўлена форма такой медыцынскай даведкі і зацверджана інструкцыя аб парадку яе запаўнення. Падчас правядзення штогадовай дыспансерызацыі ўрач-педыятр складае індывідуальны план на кожнае дзіця, як патрабуе таго пастанова Міністэрства аховы здароўя нумар 96 ад 12 жніўня 2016 года.

Як растлумачыла Алена Мацвеева, у індывідуальным плане дыспансерызацыі адлюстраваны пералік неабходных абследаванняў, які ўключае агляды вузкіх спецыялістаў, агульнаклінічныя лабараторныя і функцыянальныя даследаванні. Урач-педыятр абавязкова павінен азнаёміць аднаго з бацькоў (законнага прадстаўніка) з гэтым індывідуальным планам дыспансерызацыі дзіцяці ў бягучым годзе.

Паводле слоў намесніка галоўнага ўрача, пералік абследаванняў вызначаецца індывідуальна для кожнага дзіцяці з улікам яго дыягназаў. Абавязковымі пры афармленні дзіцяці ў школу будуць агляды неўролага, хірурга, акуліста, гінеколага (для дзяўчынак, калі раней яны не праходзілі такі агляд), стаматолага і лагапеда. З агульнаклінічных даследаванняў неабходна здаць агульны аналіз крыві, агульны аналіз мачы, аналіз крыві на глюкозу, аналіз на гельмінты, прайсці электракардыяграму і ацэнку антрапаметрычных даных (рост, вага, ацэнка фізічнага развіцця).

Меддаведка аб стане здароўя афармляецца па выніках праведзеных дыспансерных аглядаў, аглядаў урачоў-спецыялістаў, праведзеных на працягу 12 месяцаў, што папярэднічаюць месяцу, у якім афармляецца такая даведка. "Урач-педыятр аналізуе медыцынскую дакументацыю. Калі на працягу года дзіця праходзіла спецыялістаў і няма ніякіх скаргаў, зразумела, усе агляды і вынікі аналізаў за гэты перыяд падыдуць для афармлення даведкі", - удакладніла Алена Мацвеева.

Калі па жаданні бацькоў дзіця было кансультавана спецыялістамі ў прыватным медыцынскім цэнтры, то ўрачу-педыятру ў паліклініцы дастаткова прадаставіць заключэнне ўрача з медцэнтра.

Па выніках агляду спецыялістаў педыятр абавязкова ўносіць звесткі аб групе здароўя, размеркаванні ў асноўную, падрыхтоўчую, спецыяльную медыцынскую групу або групу лячэбнай фізічнай культуры, а таксама рэкамендацыі па рассадцы ў класе. У даведку ўносяцца і звесткі аб праведзеных прафілактычных прышчэпках.

Дарэчы, згодна з планам дзіця ў шэсць гадоў павінна прайсці рэвакцынацыю супраць адру, паратыту, краснухі, а таксама дыфтэрыі, слупняка. Прышчэпкі робяцца ў адзін дзень, але ўводзяцца ў розныя месцы.

Алена Мацвеева звярнула ўвагу, што ў медыцынскай даведцы аб стане здароўя пры афармленні дзіцяці ў школу павінны быць два подпісы - участковага ўрача-педыятра і загадчыка аддзялення. Такая даведка дзейнічае на працягу аднаго года.