Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.12.2023

"Каб не было тармажэння". Лукашэнка паставіў задачы па выніках замежных візітаў

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Палацы Незалежнасці паставіў задачы па выніках замежных візітаў. Кіраўнік дзяржавы патрабуе, каб урад і іншыя адказныя аператыўна падключыліся да рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хацеў бы з вамі сёння абмеркаваць вынікі нашай камандзіроўкі - урадавай дэлегацыі і маёй па далёкай дузе, як мы яе часта называем. Думаю, што ў людзей і ў вас сёння не павінна ўзнікаць пытанняў, што такое далёкая дуга", - сказаў Прэзідэнт.

Фактычна геаграфія візітаў расцягнулася ад Ціхага да Атлантычнага акіянаў. "Мы намалявалі рэальна гэту далёкую дугу, па якой мы павінна працаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што ў кола блізкай дугі супрацоўніцтва - суседзяў і партнёраў Беларусі - уваходзяць краіны СНД.

"Расія і КНР - дзве дзяржавы, з якімі мы маем найбольш развітыя адносіны, - гэта асобная гісторыя. Вы ведаеце, што прыняты і рэалізуюцца адпаведныя рашэнні Прэзідэнта асобна па гэтых дзяржавах, - падкрэсліў беларускі лідар. - А далёкая дуга - вось яна абазначана. На поўнач, на поўдзень размешчаны дзяржавы, якія нас вельмі цікавяць".

Аб рабоце з Індыяй

Аляксандр Лукашэнка згадаў аб развіцці супрацоўніцтва з Індыяй, хоць на гэты раз ні на вышэйшым, ні на ўрадавым узроўні ў гэту краіну візітаў не было.

"Асобнае пытанне, ніяк не можам выйсці на яго прынцыповае вырашэнне, - гэта работа з індыйскай дзяржавай. У свой час былы міністр замежных спраў пачаў прынцыпова займацца гэтым пытаннем", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў цяперашняму кіраўніку МЗС Сяргею Алейніку ў бліжэйшы час, не пазней за першы квартал будучага года, унесці свае прапановы па гэтым пытанні. "План работы з Індыяй. Менавіта план. Як гэта мы рабілі ў Афрыцы з Экватарыяльнай Гвінеяй. Нам не патрэбны турыстычныя паездкі. Нам патрэбны рашэнні канкрэтных пытанняў", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аб кантролі за рэалізацыяй дамоўленасцей у Афрыцы

"Што датычыцца Афрыканскага кантынента, я хачу ўсіх папярэдзіць. Віцэ-прэм'ераў я запрасіў, хоць яны і не былі паглыблены ў дэталі гэтых падрыхтоўчых візітаў нашых спецыялістаў, міністраў. Яны ведаюць гэта. Я вас запрасіў для таго, каб вы ўзялі на асаблівы кантроль вынікі гэтых камандзіровак", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з Экватарыяльнай Гвінеяй работа вялася па-новаму: "Усё ішло пад маім вельмі строгім кантролем. Там пабываў міністр замежных спраў, устанавіў кантакты з гэтай дзяржавай, затым спецыялісты працавалі. І міністры, напярэдадні майго візіту наведаўшы гэту краіну, выпрацавалі асноўныя напрамкі (іх 15) нашай работы і 74 канкрэтныя праекты, якія мы дамовіліся ажыццявіць разам з нашымі сябрамі ў Экватарыяльнай Гвінеі. І іх трэба рэалізаваць. Я проста катэгарычна на гэтым настойваю і папярэджваю".

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы паставіў задачу памочніку Прэзідэнта Аляксандру Косінцу ўзяць на кантроль у Адміністрацыі Прэзідэнта работу з Экватарыяльнай Гвінеяй і Кеніяй - краінамі ў Афрыцы, дзе на гэты раз пабываў кіраўнік дзяржавы. "Вы наверсе, пазначце сабе і кантралюйце, вывучыце ўсе гэтыя пытанні. Гэта тут, у Адміністрацыі Прэзідэнта, павінна быць на кантролі. Каб не было, як у нас часам бывае, што мы праводзім рэвізіі нашых адносін з тымі або іншымі дзяржавамі, нешта выключаем, нешта дабаўляем. Мы дамовіліся, і нам трэба рэалізоўваць гэтыя праекты", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што, знаходзячыся ў Экватарыяльнай Гвінеі, адкрыта там сказаў, што з боку Беларусі гэта не дабрачынная дапамога. "Мы не Амерыка, якая друкуе грошы. І не Кітай, у якога велізарная колькасць рэзерваў. І нават не Расія. Мы павінны дамаўляцца за грошы і выключна добрасумленна працаваць. Там вельмі добрыя перспектывы. Там трэба ўсё, што мы ўмеем рабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра Кенію, Прэзідэнт звярнуўся да Віктара Шэймана: "Я вам ужо гаварыў у час палёту: вазьміце і займайцеся Афрыкай, як некалі вы пачыналі. Яна павінна быць пад кантролем у вас як спецыяльнага пасланніка Прэзідэнта. Па Кеніі вы ведаеце пытанні, па якіх нас папрасіў Прэзідэнт дапамагчы ім: тры глабальныя выгадныя для нас пытанні. Ну і іншыя. Таму Афрыка і Кенія асобна - гэта ваша пытанне. Афрыканскі кантынент. Вы пачыналі там, вы за яго адказваеце".

Аб плённым візіце ў Кітай

Што датычыцца Кітайскай Народнай Рэспублікі, то за работу з гэтай краінай персанальную адказнасць нясе першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, які таксама прысутнічаў на нядаўніх перагаворах у Пекіне на вышэйшым узроўні разам з кіраўніком МЗС.

Аляксандр Лукашэнка назваў візіт у Кітай вельмі карысным і плённым, і кітайскі бок гатовы да сумеснай работы па абмеркаваных пытаннях: "Не" - не было чуваць такога слова (у час перагавораў. - Заўвага БЕЛТА). Усе пытанні, якія мы паставілі перад Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, атрымалі адзін адказ: "Так, мы гатовы працаваць, паглыбляцца, давайце разам, давайце па-сяброўску працаваць".

"Кітай - гэта будучыня ўсёй планеты. І тое, што ў нас з ім добрыя адносіны, - гэта наш плюс, наша дасягненне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб Эміратах

"Што датычыцца Эміратаў, яны працуюць з намі па асобных пытаннях. Нідзе няма тармажэння. І дамаўляліся, што, магчыма (у іх вельмі вялікая цікавасць), мы можам разам працаваць у Афрыцы. Там для іх вялікі кавалак работы, маючы на ўвазе іх уплыў у свеце і тыя фінансавыя рэсурсы, якія ў іх ёсць. Таму калі ў іх будзе цікавасць па асобных пытаннях працаваць, мы гатовы іх падключаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб агульных задачах

Кіраўнік дзяржавы настроіў усіх удзельнікаў нарады на эфектыўную, паслядоўную і аператыўную работу па рэалізацыі дасягнутых у розных краінах дамоўленасцей. Для гэтага важна дзейнічаць разам, а не паасобку. "Усё павінна быць сканцэнтравана ў Міністэрстве замежных спраў. Там усё павінна быць. Паглядзім, як новы міністр замежных спраў справіцца з гэтымі пытаннямі. Гэта велізарная колькасць пытанняў. Таму я і даручаю і Шэйману, і Косінцу падключыцца і гэтак далей. Ураду і міністрам давядзецца рэалізоўваць усе дамоўленасці. Я проста катэгарычна вас папярэджваю аб тым, каб не было нейкага тармажэння", - заявіў беларускі лідар.

Як паведамлялася БЕЛТА, за апошнія два тыдні Аляксандр Лукашэнка наведаў з візітамі шэраг замежных краін.

У пачатку снежня ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах ён прыняў удзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату і правёў шматлікія сустрэчы з замежнымі калегамі на палях гэтага форуму.

Пасля гэтага Прэзідэнт пабываў у Кітаі, дзе сустрэўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Пасля вяртання ў ААЭ кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам гэтай краіны шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.

З ААЭ Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Афрыку. Адбыўся афіцыйны двухдзённы візіт у Экватарыяльную Гвінею і рабочы візіт у Кенію.

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў гэтыя дні наведаў Узбекістан і В'етнам, дзе адбыліся перагаворы і сустрэчы на розных узроўнях.