Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.09.2021

Качанава: філіялы буйных вытворчасцей у малых гарадах забяспечваюць раўнамернае развіццё рэгіёнаў

8 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Філіялы буйных вытворчасцей у малых населеных пунктах дапамагаюць забяспечваць раўнамернае развіццё рэгіёнаў. Такім меркаваннем з журналістамі падзялілася старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час наведвання ААТ "Бабуліна крынка" - кіруючая кампанія холдынга "Магілёўская малочная кампанія "Бабуліна крынка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Магілёве я перш за ўсё хацела сустрэцца з калектывам "Бабулінай крынкі", паглядзець на работу гэтага прадпрыемства. Сёння, нягледзячы на эканамічную сітуацыю, якая складваецца ў свеце, мы бачым тут значны рост. Больш за ўсё мяне парадавала тое, што тут дружны і добры калектыў. У кіраўніка холдынга я ўбачыла асноўнае - любоў да людзей і жаданне зрабіць гэта прадпрыемства лепшым. Для таго каб людзі мелі камфортныя ўмовы работы, добры сацыяльны пакет. Прадпрыемства працуе эфектыўна, у людзей добрая заработная плата і ўмовы працы. І прадукцыя, якая выпускаецца, запатрабавана не толькі на ўнутраным рынку, яна ідзе на экспарт. Магутнасці па перапрацоўцы "Бабуліна крынка" можа павялічваць. Для гэтага неабходна больш сыравіны, а значыць сельгаспрадпрыемствы павінны працаваць больш эфектыўна", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава наведала вытворчасць, азнаёмілася з традыцыйнай прадукцыяй і навінкамі малочнага холдынга. "Я чарговы раз пераконваюся ў тым, што там, дзе ёсць кіраўнік, які зацікаўлены ў тым, каб прадпрыемства працавала эфектыўна, - вынік будзе безумоўна. І людзі, якія хочуць зарабіць, змогуць гэта зрабіць дзякуючы такім вытворчасцям, - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. - Што вельмі важна для нас, і гэта адзін з асноўных напрамкаў, аб якіх заўсёды гаворыць Прэзідэнт нашай краіны, - гэта раўнамернае развіццё рэгіёнаў, моцныя рэгіёны. Гэты пасыл стаў адным з асноўных на VI Усебеларускім народным сходзе. "Бабуліна крынка" працуе не толькі ў Магілёве, а таксама мае шэраг філіялаў у многіх раёнах вобласці - гэта вельмі важна. Гэта дае рабочыя месцы, заработную плату, сацыяльны пакет. І тыя перспектывы, якія ўжо намечаны, забяспечаць прадпрыемству паспяховае развіццё. Мы ведаем, што ў свеце ёсць тыя людзі, у якіх няма магчымасці якасна харчавацца і ў якіх ёсць праблемы з прадуктамі харчавання. Таму, я ўпэўнена, будучыня за такімі вытворчасцямі".

За першае паўгоддзе бягучага года ААТ "Бабуліна крынка" перапрацавала каля 277 тыс. т малочнай сыравіны. Тут вырабляюць натуральнамалочную прадукцыю, масла, цвёрдыя сыры, сухое абястлушчанае малако. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за студзень - чэрвень гэтага года склала больш за Br3,6 млн, на экспарт адпраўлена прадукцыі на $5,2 млн. Цяпер на прадпрыемстве рэалізуецца інвестыцыйны праект "Тэхнічная мадэрнізацыя лініі вытворчасці сыроў і абсталявання станцыі другога пад'ёму філіяла "Слаўгарадскі". Праект прадугледжвае мадэрнізацыю лініі вытворчасці цвёрдага сыру з пашырэннем асартыменту выпускаемай прадукцыі, зніжэнне выдаткаў за кошт скарачэння затрат на паліўна-энергетычныя рэсурсы.

Пасля знаёмства з вытворчасцю Наталля Качанава сустрэлася з калектывам магілёўскага малочнага холдынга, дзе расказала аб асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны, адказала на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. "Такія сустрэчы з калектывамі павінны праходзіць у форме дыялогавай пляцоўкі, калі людзі задаюць пытанні", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Акрамя таго, Наталля Качанава сустрэлася з кіраўніцтвам Магілёўскага аблвыканкама і прыняла ўдзел у разглядзе зваротаў грамадзян, якія паступілі ў Савет Рэспублікі з Магілёва.

"Неаднаразова да нас, у Савет Рэспублікі, звярталіся жыхары Магілёва па пытаннях функцыянавання праваслаўнай царквы. Пытанне няпростае, якое хвалюе сёння прыхаджан. На сустрэчы прысутнічаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Для сябе мы даведаліся шмат фактаў, якія будуць узяты на кантроль. І па ўсіх гэтых пытаннях у бліжэйшы час я сустрэнуся з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, каб яшчэ раз гэта абмеркаваць, - падкрэсліла Наталля Качанава. - Дзяржаўная ўлада не можа заставацца ўбаку. Некаторыя свяшчэннаслужыцелі гавораць, што сёння царква аддзелена ад дзяржавы. Але мы бачым, што прыхаджане звяртаюцца да дзяржаўнай улады па дапамогу, каб знайсці агульны кантакт. І мы зробім усё, каб дэталёва разабрацца ў гэтых пытаннях".