Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
27.12.2022

Качанава: мая галоўная мара - каб усе дзеці выхоўваліся бацькамі

26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзеці павінны быць жаданымі і выхоўвацца бацькамі, заявіла журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Спікер 26 снежня ў час рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" наведала сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Ленінскага раёна Мінска і павіншавала дзяцей з Новым годам і Калядамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Акцыя "Нашы дзеці", якая праходзіць у Беларусі ўжо шмат гадоў, - слаўная і добрая традыцыя, калі мы сустракаемся з дзецьмі, якія знаходзяцца ў інтэрнатных установах, сацыяльна-педагагічных цэнтрах, ды і наогул з усімі дзецьмі нашай краіны. Мы гаворым, што чужых дзяцей не бывае. Яны сапраўды ўсе нашы, і акцыя чарговы раз гэта пацвярджае. Але самае галоўнае, што завязваецца дружба, якая прадаўжаецца на працягу многіх гадоў і ператвараецца ў традыцыю для канкрэтнай арганізацыі або ўстановы, - расказала Наталля Качанава. - У нас склаліся дружалюбныя адносіны з гэтым сацыяльна-педагагічным цэнтрам. Мы дзяцей запрашалі да сябе ў Савет Рэспублікі, у мінулым годзе мы тут былі напярэдадні Новага года і дамовіліся, што яшчэ раз запросім дзяцей да нас у госці, таму што яны гэта памятаюць і цэняць. І ў мяне заўсёды вельмі добрыя і цёплыя адносіны да дзяцей".

Навагоднія дні напоўнены асаблівай атмасферай для кожнага чалавека, ці гэта дзіця, ці гэта дарослы. "Мая галоўная мара - каб усе дзеці выхоўваліся бацькамі і каб яны былі жаданымі. Вось гэта самае галоўнае. А дзяржава робіць усё для таго, каб усе дзеці былі нашымі. Напэўна, ні ў адной краіне няма столькі прынятых на заканадаўчым узроўні рашэнняў, якія даюць магчымасць падтрымліваць гэтых дзетак. Яны маюць патрэбу проста ў чалавечай спагадзе, ім патрэбны наша цяпло і падтрымка. Усё гэта даюць ім людзі, якія працуюць з імі кожны дзень у такіх установах. А мы стараемся зрабіць так, каб дзеці верылі ў цуды, каб іх жаданні спаўняліся. Калі бываеш у такіх цэнтрах, то разумееш, што ў іх адно жаданне - быць дома разам з бацькамі, і няхай гэта жаданне збудзецца", - адзначыла спікер.

Наталля Качанава прызналася, што ўдзел у акцыі "Нашы дзеці" дае ёй шмат станоўчых эмоцый. "Толькі радасць і шчасце ад таго, што ўсміхаюцца дзеці. Важна, каб нашы дзеткі былі здаровыя, каб яны раслі ў мірнай краіне. Зусім нядаўна я ўбачыла інтэрв'ю па тэлебачанні хлопчыка, які прыехаў на адпачынак у Беларусь разам з іншымі дзецьмі з Данецкай і Луганскай абласцей. Ён гаварыў, як тут у нас добра: ёсць вада, газ, святло. Гэтыя словы пранікаюць у сэрца вельмі глыбока, і разумееш, што мы павінны зрабіць усё, каб нашы дзеці ніколі гэтага не адчулі, каб яны жылі, як цяпер, у мірнай і шчаслівай краіне і заўсёды ўсміхаліся, - дадала яна. - Вельмі хочацца пажадаць усім дарослым, каб яны па-добраму ставіліся да дзяцей і разумелі, што маму і тату цяжка замяніць. Гэтыя дзеці зведалі столькі ўсяго, чаго часам дарослыя не зведвалі ў сваім жыцці. І яны вельмі любяць сваю краіну. Заўсёды гавораць: перадайце гэта Аляксандру Рыгоравічу. Дзеці спагадлівыя. Вельмі шкада, вядома, што не ва ўсіх атрымліваецца жыць у сям'і. Яшчэ раз паўтаруся: дзеці павінны быць жаданымі, а бацькі часам проста аб гэтым не думаюць".

Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 15 снежня па 15 студзеня. У гэты час ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізуюцца навагоднія паказы. Кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі мясцовай улады наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы і дамы сямейнага тыпу, бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем'і, віншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні існуючых пытанняў. Да дабрачыннай акцыі далучаюцца грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі.