Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.11.2022

Качанава - Маладзёжнаму парламенту: наша работа патрэбна і павінна прыносіць вынікі

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа парламентарыяў патрэбна і павінна прыносіць вынікі. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы з Прэзідыумам Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы з вамі дамовіліся, што будзем сустракацца, каб абмяркоўваць пытанні, якія з'явіліся ў вас. Пачаў работу новы склад Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе. Для некага гэта работа не новая, таму што вы працавалі ў папярэднім скліканні, для некага абсалютна новая. Але разам з тым я бачу, што вы актыўна ўключыліся ў гэту цікавую работу. Я бачу, як асвятляецца ваша дзейнасць у СМІ, - сказала Наталля Качанава.- Калі мы праводзім выязныя прэзідыумы, прыёмы па асабістых пытаннях, вы заўсёды з намі. Гэта вельмі важна".

Спікер адзначыла, што ад Маладзёжнага парламента чакаюць цікавых прапаноў і ініцыятыў. "Я хацела б пачуць сёння, якія праблемы ў вас з'явіліся, якія прапановы ёсць па нашай асноўнай рабоце над законапраектамі. Мы дамовіліся ў цэлым, што калі ў вас будуць нейкія ініцыятывы, якія будуць цікавыя, вядома, мы будзем вас падтрымліваць, - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. - У папярэднім скліканні было 70 чалавек, цяпер ужо ёсць прадстаўнікі ад усіх рэгіёнаў краіны: з кожнага горада, раёна. Хочацца даведацца, як у вас складваюцца ўзаемаадносіны, ці дастаткова вы мабільныя, як даносіце інфармацыю да моладзі свайго горада, раёна? Таму што наша работа павінна быць патрэбнай і прыносіць вынікі".

"Вы бачыце, як мы ўсенародна абмяркоўваем законапраекты. Зусім нядаўна праходзіла абмеркаванне законапраекта аб Усебеларускім народным сходзе, аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс. Мы заўтра праводзім пасяджэнні трох экспертных саветаў. Мы дамовіліся, што будзем запрашаць вас, каб вы таксама валодалі інфармацыяй, чым займаемся мы, над якімі законапраектамі, указамі Прэзідэнта цяпер працуем, - дапоўніла Наталля Качанава. - Мы дамовіліся, што будзем сустракацца. Закрытых тэм у нас няма".