Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.01.2024

Качанава: міралюбівая палітыка кожнай дзяржавы сёння як ніколі важна

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міралюбівая палітыка кожнай дзяржавы сёння як ніколі важна, заявіла старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па Мінску Наталля Качанава на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Мінскі трактарны завод", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нас не можа не хваляваць тое, што адбываецца ў свеце ў цэлым. Бягучыя працэсы нясуць сур'ёзную небяспеку. Канфлікт ва Украіне адышоў на другі план. Сёння ў большай ступені ўсе глядзяць на Блізкі Усход, на тую сітуацыю, якая там разгортваецца. Вядома, нас яна не можа не хваляваць, таму што так многа і часта пачалі гаварыць пра ядзерную вайну", - сказала Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што шэраг краін не гатовы выконваць дагаворныя адносіны. Аб гэтым сведчыць выхад гэтых дзяржаў з раней падпісаных пагадненняў. "У гэтым небяспека. Але я ўпэўнена, што розум чалавечы павінен перамагчы, таму што няма нічога больш важнага на зямлі, чым мір і спакой", - адзначыла яна.

Спікер нагадала, што Беларусь у бягучым годзе будзе адзначаць 80 гадоў вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праз столькі дзесяцігоддзяў у выніку расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, ініцыяванай Генпракуратурай, выяўлены новыя факты знішчэння жыхароў Беларусі. "Няўжо сёння нас можна абвінавачваць у тым, што Беларусь не стаіць на прынцыпах міру? - задалася пытаннем Наталля Качанава. - Мы разумеем, што такое мір і якая цана нават аднаго чалавечага жыцця".

Спікер нагадала, што нядаўна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіў пасяджэнне Савета бяспекі, якое было прысвечана разгляду двух важнейшых дакументаў стратэгічнага планавання - праектаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі.

"У гэтых дакументах занатавана, што Беларусь - міралюбівая дзяржава, мы ніколі нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся, але абараняць сваю краіну мы будзем, мы проста абавязаны гэта рабіць", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Тым больш, дадала яна, што фашызм, нацызм падымае галаву. "Сёння як ніколі міралюбівая палітыка любой дзяржавы вельмі важна", - сказала яна.

Разам з тым некаторыя краіны спрабуюць навязаць меркаванне, што Расія, Беларусь ім пагражаюць, таму трэба будаваць агароджы, абносіць калючым дротам, збіраць войскі на граніцы з Беларуссю, прадоўжыла старшыня Савета Рэспублікі.

"Я вам адказна заяўляю: ніколі нікому Беларусь не пагражала і пагражаць не будзе. Гэта не наша палітыка. Прэзідэнт шмат разоў вылучаў міралюбівыя ініцыятывы", - звярнула ўвагу спікер. І дадала, што зусім нядаўна ў ААЭ праходзіў Сусветны саміт па барацьбе са змяненнем клімату, на якім беларускі лідар заклікаў спыніць ваенныя канфлікты, куды накіроўваюцца мільярды долараў для знішчэння людзей.

Спікер таксама падкрэсліла важнасць такіх сустрэч у працоўных калектывах. Паводле яе слоў, такія сустрэчы заўсёды цікавыя. Гэта магчымасць не толькі давесці інфармацыю, але і атрымаць зваротную сувязь. Канкрэтныя пажаданні і пытанні, якія паступаюць ад людзей, дазваляюць бачыць актуальныя пытанні, што патрабуюць заканадаўчага рэгулявання.

Так, за мінулы год члены Савета Рэспублікі правялі больш за 2 тыс. сустрэч у працоўных калектывах і з насельніцтвам. Паступіла 7,5 тыс. розных зваротаў, праведзена больш за 360 тэлефонных ліній, 700 прыёмаў па асабістых пытаннях. Работа праводзіцца шырокамаштабная.