6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Свет павінен ведаць пра генацыд на беларускай зямлі, заявіла журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пасля наведвання раней невядомых месцаў масавага забойства і пахавання мірных жыхароў і ваеннапалонных ва ўрочышчы Уручча Мінскага раёна,устаноўленых у ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Свет павінен ведаць, што адбывалася на нашай зямлі, і разумець, што беларусы будуць рабіць усё, каб захаваць мір і спакой і ніколі ў далейшым не дапусціць такой трагедыі, якая разгарнулася на нашай зямлі не па навай волі. Людзі гінулі і пакутавалі за той кавалак зямлі, на якім яны хацелі жыць і гадаваць сваіх дзяцей", - сказала Наталля Качанава.
Спікер падкрэсліла, што члены Савета Рэспублікі ў свой час падтрымалі ініцыятыву Генеральнай пракуратуры і выступілі ў падтрымку распрацоўкі закона аб генацыдзе беларускага народа, і гэта, паводле яе слоў, было зроблена абсалютна правільна.
"Нізкі паклон і словы ўдзячнасці Генеральнай пракуратуры, якая выступіла з ініцыятывай правядзення такой работы, і нашаму Прэзідэнту за тое, што падтрымаў. Гэта ён настойваў на тым, што мы павінны раскрыць усю праўду аб той трагедыі, якая была на нашай зямлі", - адзначыла Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што няма апраўдання нацызму, няма апраўдання тым людзям, якія ўчынялі генацыд. Зрэшты, і людзьмі іх нельга назваць, заўважыла яна."Яны знішчалі наш народ, - звярнула ўвагу спікер. - Мы ў даўгу перад тымі, хто адстаяў свабоду і незалежнасць, хто цаной свайго жыцця даў нам мірнае неба. Мы павінны быць удзячны ўсім, хто ваяваў, змагаўся".Наталля Качанава паведаміла, што сёння ва ўрочышча Уручча прыбылі члены Савета Рэспублікі з розных рэгіёнаў краіны, прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе, каб на ўласныя вочы ўбачыць, якія зверствы чыніліся на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны."Самае страшнае, што паміралі і гінулі ні ў чым не вінаватыя дзеці, жанчыны, якіх тут пахавана шмат, у гэтых ямах",- дадала яна.
Спікер апісала пачуцці тых, хто сёння наведаў раней невядомыя месцы масавага забойства і пахавання мірных жыхароў і ваеннапалонных ва ўрочышчы Уручча, як "сэрца на разрыў". "Таму што немагчыма сабе ўявіць тое, што адбывалася на нашай шматпакутнай зямлі", - растлумачыла яна.
Старшыні Савета Рэспублікі, сенатарам прадэманстравалі экспазіцыю, што складаецца з прадметаў, знойдзеных у 2022-2023 гадах у ходзе раскопак паблізу вёскі Копішча Мінскага раёна (паблізу палігона 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Узброеных Сіл Беларусі).-0-
Фота Паўла Арлоўскага