Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.09.2023

Камбайны, трактары, тэлевізары. Рагожнік расказаў аб асартыменце прампрадукцыі для паставак у Афрыку

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Важнасць паставак у краіны Афрыкі беларускай прадукцыі адзначыў карэспандэнту БЕЛТА міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік, які ўдзельнічаў у перагаворах у пашыраным складзе ў Палацы Незалежнасці кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянгам Нгемам Мбасога, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Развіццю паставак у краіны Афрыкі мы ўдзяляем асаблівую ўвагу, - сказаў кіраўнік ведамства. - Цяпер асноўны экспарт нашай прадукцыі ажыццяўляецца ў Расію. Вельмі важным з'яўляецца пытанне дыверсіфікацыі паставак, таму наша ўвага звернута і на краіны Азіі, Афрыкі, Амерыкі".

Міністр прадоўжыў: "Мы можам прапанаваць увесь мадэльны рад тэхнікі машынабудаўнічага комплексу - гэта трактары, камбайны, грузавыя аўтамабілі. Гэта таксама і бытавая тэхніка - тэлевізары вытворчасці холдынга "Гарызонт", халадзільнікі. Гэта значыць абсалютна ўся прадукцыя, якая вырабляецца на прадпрыемствах Міністэрства прамысловасці".

Аляксандр Рагожнік падкрэсліў: "Мы мяркуем, што Экватарыяльная Гвінея стане своеасаблівым хабам для паставак беларускай прадукцыі ў краіны Афрыканскага кантынента".

Галоўным складнікам афіцыйнага візіту Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі былі перагаворы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, якія прайшлі ў вузкім і пашыраным складзе ў Палацы Незалежнасці. Па іх выніках быў падпісаны пакет двухбаковых дакументаў, накіраваных на развіццё адносін па шырокім спектры напрамкаў - ад эканомікі да гуманітарнай сферы. У іх ліку міжурадавае рамачнае пагадненне аб эканамічным, гандлёвым, культурным, навуковым і тэхнічным узаемадзеянні паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй.

Гэты візіт з'яўляецца працягам курсу Беларусі на актывізацыю супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі і пацвярджае ўзаемны інтарэс да супрацоўніцтва.