Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.10.2021

Карпенка: ад вакцынацыі залежыць эпідэміялагічны стан нашага грамадства

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад вакцынацыі залежыць эпідэміялагічны стан нашага грамадства. Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Сёння ён наведаў сярэднюю школу нумар 1 Фаніпаля, дзе прыняў удзел у інфармацыйна-адукацыйным праекце "Школа актыўнага грамадзяніна" і сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю Дзяржынскага раёна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У час сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю ўзнімаліся пытанні здаровага ладу жыцця навучэнцаў, уладкаванасці спартыўных залаў і школьных стадыёнаў, наяўнасці сучаснага інвентару. У фармаце адкрытага дыялогу з удзелам старшакласнікаў абмяркоўвалася тэма "Гонар за Беларусь. Здароўе кожнага з нас - галоўная каштоўнасць".

Безумоўна, у час пандэміі актуальнае пытанне вакцынацыі, і старшакласнікі пацікавіліся ў міністра, як ён ставіцца да прышчэпак. "Прышчэплівацца ці не - усвядомлены выбар кожнага чалавека. Аднак ад вакцынацыі сёння залежыць эпідэміялагічны стан нашага грамадства. Выбар трэба рабіць на карысць грамадства і дзяржавы. Асабіста я вакцынаваўся яшчэ ў красавіку. Нядаўна прышчапіўся ад грыпу. Наперадзе яшчэ рэвакцынацыя", - расказаў Ігар Карпенка.

Сустракаючыся з педагогамі раёна, міністр нагадаў, што вядзецца актыўная работа над двума важнымі дакументамі - Кодэксам аб адукацыі і канцэпцыяй развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Адобраны новыя правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ, дзе прадугледжваецца здача сумешчаных выпускных і ўступных экзаменаў, а таксама пашыраюцца прэферэнцыі для алімпіяднікаў. На заканчэнне сустрэчы Ігар Карпенка падарыў школьнікам мячы і кнігі.