Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.11.2023

Карпенка: больш за 70 тыс. чалавек будзе задзейнічана ў рабоце выбарчых камісій на выбарах

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рабоце выбарчых камісій у час электаральнай кампаніі 2024 года будзе задзейнічана больш за 70 тыс. чалавек. Аб гэтым у эфіры праекта "Азаронак. Напрамую" на СТБ заявіў старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка, паведамляе БЕЛТА.

Выбарчыя камісіі яшчэ не сфарміраваны, растлумачыў ён. Ёсць адпаведная працэдура фарміравання камісій. "Для правядзення выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання будзе сфарміравана каля 7 тыс. камісій, у агульнай колькасці больш за 70 тыс. чалавек будзе задзейнічана ў іх рабоце", - удакладніў кіраўнік ЦВК.

"Раней мы публікавалі спіс усіх гэтых грамадзян з іх персанальнымі данымі. Але, як гаворыцца, хацелі ж узяць прыклад з дэмакратычных дзяржаў і паказаць, што ў нас адкрытая сістэма. А ў выніку атрымалі булінг, цкаванне гэтых людзей", - нагадаў Ігар Карпенка сітуацыю ў 2020 годзе, калі члены камісій апынуліся пад асаблівым дэструктыўным уздзеяннем, і каменціруючы, якія цяпер намаганні прыкладае Цэнтральная выбарчая камісія, каб абараніць людзей, якія ўвойдуць у склад камісій.

Цяпер жа публікаваць спісы членаў выбарчых камісій не будзем. "Гэта не значыць, што члены камісіі будуць безыменнымі, - растлумачыў ён. - Калі вы захочаце звярнуцца да старшыні камісіі, ён прадставіцца, калі ў вас ёсць нейкія пытанні і гэтак далей, ён дасць усе неабходныя тлумачэнні. А па вялікім рахунку гэта інфармацыя для радавога выбаршчыка абсалютна не патрэбна, таму што выбаршчык выконвае сваю функцыю, а камісія - сваю, прадугледжаную заканадаўствам. Таму мы ў гэтым плане робім спробы, каб засцерагчы ўсіх тых людзей, якія задзейнічаны ў правядзенні выбараў".

Сёння заканадаўствам замацавана, што ўсе члены камісій знаходзяцца пад абаронай закону. "Пэўную ролю тут будуць адыгрываць і праваахоўныя органы, якія будуць забяспечваць і грамадскі парадак, і бяспеку на ўчастках для галасавання", - сказаў Ігар Карпенка.

Ён нагадаў, што заканадаўства прадугледжвае адпаведную адказнасць для тых, хто паспрабуе нейкім чынам пагражаць членам камісіі.