Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.02.2024

Карпенка: выбарчы працэс у краіне ідзе ў штатным рэжыме

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбарчы працэс у краіне ідзе ў штатным рэжыме. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На ўчарашні вечар яўка на датэрміновым галасаванні склала 14,61 працэнта. Гэта даволі высокі ўзровень яўкі выбаршчыкаў. Радасна, што ідзе моладзь. Дарэчы, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі мы таксама атрымліваем такія добрыя, цікавыя карцінкі з месцаў. Мы бачым настрой людзей, адчуваем гэта. Ідуць званкі ў Цэнтральную выбарчую камісію. Мы ўзаемадзейнічаем з рэгіянальнымі выбарчымі камісіямі. Я кожны дзень на сувязі з усімі абласнымі, Мінскай гарадской выбарчымі камісіямі. Таму ў цэлым можна сказаць, што выбарчы працэс ідзе ў штатным рэжыме і ніякія заявы, інфармацыйныя ўкідванні ніякім чынам не ўплываюць на выбарчы працэс, - сказаў Ігар Карпенка. - Людзі ідуць. У іх ёсць свабода выбару, магчымасць свабодна прагаласаваць альбо супраць усіх, альбо за якога-небудзь канкрэтнага кандыдата. Кожны робіць свядомы выбар на кожным выбарчым участку, што зрабіў і я".

Кіраўнік ЦВК падкрэсліў, што ў краіне цяпер працуюць 45 505 нацыянальных наглядальнікаў. "Гэта вялікая армія. Цэнтр грамадскага назірання разгарнулі. Мы таксама ім удзячныя, таму што нейкія моманты мы абмяркоўваем, узаемадзейнічаем. Акрамя гэтага, на сённяшні момант у краіне акрэдытаваны 294 міжнародныя наглядальнікі. Для ўсіх гэтых, якія скуголяць за мяжой, што АБСЕ не запрасілі, Еўрасаюз не будзе прысутнічаць, магу сказаць, што 23 міжнародныя эксперты з Польшчы, Літвы, Германіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі ўжо акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь. Таму няхай не хвалююцца, з краін Еўрасаюза ў нас таксама будуць наглядальнікі на выбарах", - дапоўніў ён.-0-
Фота Паўла Арлоўскага