Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
12.12.2023

Кітай, Эміраты, Экватарыяльная Гвінея і Кенія. Вынікі вялікага міжнароднага турнэ Лукашэнкі ў "Тыдні Прэзідэнта"

Рабочы графік Прэзідэнта Беларусі заўсёды вельмі насычаны падзеямі. Аляксандр Лукашэнка праводзіць нарады і рабочыя сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях развіцця краіны, рэгулярна бывае ў рэгіёнах, робіць замежныя візіты і сам прымае замежных гасцей, сустракаецца з журналістамі, падпісвае ўказы і законы… І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім не значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Дарэчы, і падчас адпачынку, хакейная трэніроўка гэта ці рубка дроў, Аляксандр Лукашэнка не-не ды і знойдзе падставу для чарговага даручэння. Як ён любіць гаварыць, трэба ва ўсім ісці ад жыцця.

Праект "Тыдзень Прэзідэнта" для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы, быць у курсе самых актуальных заяў і рашэнняў беларускага лідара.

Чаму хуткасць цяпер галоўнае ў беларуска-кітайскім супрацоўніцтве, за якую ініцыятыву свет павінен быць удзячны Кітаю і з кім Лукашэнка гуляў у хакей у Пекіне. Галоўнае аб чатырохгадзіннай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Што абмяркоўвалася на сустрэчы з Прэзідэнтам Эміратаў і як прайшла "зверка гадзіннікаў" па рэалізацыі сумесных праектаў.

З якімі мэтамі Беларусь ідзе ў Афрыку, чым яе падыходы адрозніваюцца ад практыкі былых каланізатараў, ці будзе расці беларуская бульбачка на экватары і дзе айчынныя спецыялісты разам з афрыканскімі калегамі "пачынаюць капаць зямлю". Вынікі візітаў Лукашэнкі ў Экватарыяльную Гвінею і Кенію.

Усе галоўныя падрабязнасці міжнародных сустрэч і перагавораў беларускага лідара ў новым выпуску спецыяльнага праекта БЕЛТА "Тыдзень Прэзідэнта".

АДЗІНЫ ЛЁС ЧАЛАВЕЦТВА. Што прываблівае ў супрацоўніцтве з Кітаем і аб чым Лукашэнка гаварыў з Сі Цзіньпінам

Рабочы тыдзень кіраўніка беларускай дзяржавы пачаўся з перагавораў 4 снежня ў Пекіне са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. У сталіцу Кітая Аляксандр Лукашэнка прыбыў напярэдадні.

Размова пачалася ў нефармальным і дружалюбным ключы. Такі фармат стасункаў - вельмі вялікая рэдкасць у міжнародным пратаколе, і гэта само па сабе сведчыць пра многае.

Старшыня КНР даведаўся ў свайго беларускага калегі, ці ўдалося адпачыць. "Вы ўчора вечарам даволі позна прыляцелі", - адзначыў ён.

"Так, восем гадзін ляцеў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У Кітаі заўсёды добра адпачываю. Прынамсі, спакойна".

"У нас можна заўсёды спакойна спаць", - сказаў у адказ Сі Цзіньпін.

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што калі на Захадзе ідуць спрэчкі аб Кітаі, гучыць тая ці іншая крытыка, ён заўсёды гаворыць: "Вы ім скажыце дзякуй, што паўтара мільярда чалавек планеты жывуць спакойна, добрым, нармальным жыццём. У наш час, як кажуць, дарагога каштуе".

Увогуле Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін размаўлялі амаль чатыры гадзіны. Пасля завяршэння перагавораў яны прадоўжылі размову за рабочым абедам.

У Пекіне ў гэты ж дзень адбылася і сустрэча на ўзроўні віцэ-прэм'ераў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць яе у час перагавораў з Сі Цзіньпінам. Гаспадары ахвотна згадзіліся. Дамоўленасці лідараў атрымалі далейшае развіццё і замацаванне. З беларускага боку ў сустрэчы прыняў удзел першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, з кітайскага - віцэ-прэм'ер Дзяржсавета КНР Лю Гачжун.

Пра дружбу, у якой нікога не трэба пераконваць

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь паслядоўна на працягу дзесяцігоддзяў выбудоўвае дружалюбныя, партнёрскія адносіны з Кітаем. "Беларусь была, ёсць і будзе надзейным партнёрам для Кітая. Думаю, ужо нікога ў Кітаі ў гэтым не трэба пераконваць. Усё гэта было на маіх вачах на працягу апошніх 30 гадоў, і нават больш: першы раз я прыехаў у Кітай, калі быў дэпутатам парламента", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, развіццё ўсебаковага і ўсепагоднага стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая вызначана адзінствам ідэалогій і самой логікай сусветных падзей і працэсаў. Гістарычнае павышэнне ўзроўню адносін надало магутны імпульс паглыбленню традыцыйных напрамкаў, дало старт новым вектарам і механізмам супрацоўніцтва.

"Наша сустрэча 1 сакавіка (2023 года. - Заўвага БЕЛТА) стала шмат у чым лёсавызначальнай і задала дынаміку на ўвесь год. З сакавіка арганізавана больш за 120 узаемных візітаў. Гэта розныя візіты. І, што больш за ўсё радуе, - гэта візіты, якія звязаны з вытворчасцю, гандлёва-эканамічнымі адносінамі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў шматгадовае знаёмства з Сі Цзіньпінам і сумесную работу над развіццём двухбаковых адносін. "У нас вялікі вопыт, мы ведаем, што трэба нашым краінам. І мы вельмі многа ў гэтым плане зрабілі, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - Мы даўно вызначыліся, што мы будзем супрацоўнічаць, жыць у дружбе з Кітаем. Як я ўжо сказаў, гэтай дружбе больш за 30 гадоў. І з гэтага шляху мы ні разу не звярнулі ні ўлева, ні ўправа".

Пра адзінае і галоўнае пытанне

Тэм для абмеркавання на вышэйшым узроўні, у тым ліку адносна беларуска-кітайскіх адносін, заўсёды хапае. І гэта лагічна: чым большы аб'ём супрацоўніцтва і напрамкаў узаемадзеяння, тым больш і пытанняў, якія лідарам краін даводзіцца час ад часу ўзгадняць.

Але Аляксандр Лукашэнка ў сваім уступным слове на перагаворах сказаў пра галоўнае: "Калі я рыхтаваўся да гэтага візіту і сваіх калег распытваў (размова пра нараду з кіраўніцтвам урада і Адміністрацыі Прэзідэнта, на якой абмяркоўваліся ў тым ліку пытанні развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА) аб тым, што трэба зрабіць, што не рухаецца наперад, каб сказаць Старшыні пра гэта, мы не знайшлі ніводнага пытання, па якім не было б руху. Адзінае пытанне, якое я хацеў бы з Вамі абмеркаваць сёння, - гэта хуткасць".

"Час настолькі спрасаваны. І ад нас (можа, на шчасце, можа, на жаль) гэта спрасаванасць не залежыць. Ён настолькі спрасаваны, што мы часам адстаём, не паспяваем. Гэта не толькі Кітай, Беларусь… Усюды так адбываецца ў свеце. І той, хто першы прыйдзе да сваёй мэты, той і будзе на вяршыні", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра інтарэс Беларусі і ўсёй планеты

Прэзідэнт Беларусі ў час перагавораў таксама заявіў аб падтрымцы вылучанай раней кітайскім лідарам канцэпцыі пабудовы Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.

"Вы толькі што сказалі пра "Пояс і Шлях". Я даўно для сябе зрабіў выснову, што "Пояс і Шлях" - гэта, як Вы сказалі, ужо не канцэпцыя сёння. Гэта практыка ўжо. Рэалізуемая. І ніхто сёння з гэтым не можа спрачацца, і ніхто не можа знайсці нават дробязь для таго, каб крытыкаваць. Самае галоўнае, што мэтай Вы вызначылі адзіны лёс чалавецтва. У адрозненне ад заходніх краін, якія спрабуюць раздзяліць усё на часткі, Вы паставілі адзіную мэту для ўсіх. Хто можа спрачацца з гэтым? Ніхто. Свет будзе за гэта ўдзячны Вялікаму Кітаю", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Мы вельмі зацікаўлены, каб Кітай быў магутнай дзяржавай, каб Кітай развіваўся. І ў гэтым не толькі наш інтарэс - гэта інтарэс усёй планеты, таму што тут (у Кітаі. - Заўвага БЕЛТА) жыве вялікая колькасць таленавітых працавітых людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пра стратэгічнае ўзаемадзеянне Кітая і Беларусі

Старшыня КНР Сі Цзіньпін у сваю чаргу заявіў, што кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў імя стварэння Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.

"Мой вялікі сябар, вельмі рады яшчэ раз Вас бачыць. У рамках Вашага дзяржаўнага візіту ў Кітай у канцы лютага і пачатку сакавіка бягучага года мы выйшлі на важныя дамоўленасці на карысць дынамічнага развіцця кітайска-беларускіх адносін. На кожным этапе ў нас атрымліваюцца новыя дамоўленасці. На працягу года ўмацоўваецца палітычны ўзаемадавер, міжнароднае ўзаемадзеянне. Відавочны новыя вынікі супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы "Пояс і Шлях", - сказаў кітайскі лідар.

Старшыня КНР канстатаваў, што калі 10 гадоў таму ініцыятыва "Пояс і Шлях" з'яўлялася канцэпцыяй, то цяпер да супрацоўніцтва ў яе рамках далучыліся больш як 140 краін і міжнародных арганізацый.

Сі Цзіньпін падкрэсліў, што Беларусі пад моцным кіраўніцтвам яе Прэзідэнта ўдалося пераадолець уздзеянне розных негатыўных фактараў, захаваць сацыяльную гармонію і стабільнасць, ажыццявіць эканамічнае аднаўленне і рост, што заклала трывалую аснову для далейшага развіцця.

"Для Кітая захаванне стабільнасці і доўгатэрміновага развіцця вельмі важна. І мы атрымалі вялікія поспехі ў гэтай рабоце", - заявіў кітайскі лідар.

На сустрэчы было заяўлена аб тым, што КНР цвёрда падтрымлівае шлях развіцця Беларусі, які адпавядае яе нацыянальнай спецыфіцы, і выступае супраць умяшання знешніх сіл у палітыку краіны.

Кітай і Беларусь - важныя сілы, якія ўдзельнічаюць у пераўтварэнні і будаўніцтве сістэмы глабальнага кіравання. "Кітай гатовы працаваць з Беларуссю над умацаваннем каардынацыі і супрацоўніцтва ў рамках шматбаковых механізмаў, такіх як Арганізацыя Аб'яднаных Нацый і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва", - адзначыў кітайскі лідар.

Кітай гатовы разам з Беларуссю рэалізоўваць ініцыятывы на карысць усеагульнага развіцця, бяспекі, дзеля ўмацавання цывілізацыйных каштоўнасцей. Сі Цзіньпін таксама ўказаў на неабходнасць аптымізацыі трансгранічных транспартных зносін, узмацнення гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння.

Акрамя таго, кітайскі лідар прапанаваў свайму беларускаму калегу пашыраць супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў сферы культуры, адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму. Ён указаў на важнасць развіцця маладзёжных абменаў і ўмацавання ўзаемаразумення і дружбы паміж двума народамі.

Пра наведванне Пекінскага ўніверсітэта і хакейны матч

Аляксандр Лукашэнка ў час рабочага візіту ў Кітай наведаў таксама Пекінскі ўніверсітэт. У ВНУ адбылася сустрэча з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта, старшынёй педагагічнага савета, намеснікам старшыні камісіі па міжнародных справах Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Хаа Пінам.

Кіраўнік дзяржавы згадаў аб сваёй сустрэчы са Старшынёй КНР, якая толькі што завяршылася, і далейшай рабоце па ажыццяўленні дасягнутых дамоўленасцей. "Усе нашы вялікія намеры, дамоўленасці трэба прызямліць, перавесці ў канкрэтныя праекты. Па даручэнні Сі Цзіньпіна і маім даручэнні віцэ-прэм'еры якраз гэтым займаюцца", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама заявіў пра неабходнасць узмацняць камунікацыю паміж народамі дзвюх краін: "Сёння асаблівы акцэнт на гэтым зрабіў Старшыня КНР. Камунікацыю ўзмацняць паміж маладзёжнымі групамі, маладымі людзьмі ў цэлым. Таму што за імі будучыня".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у тым ліку абмяркоўваліся пытанні студэнцкага абмену. "Нам трэба ўзмацняць, інтэнсіфікаваць гэты абмен. Трэба пашыраць супрацоўніцтва, не замыкацца толькі на біятэхналогіях. Нам трэба ў галіне хіміі, фізікі, матэматыкі... Ёсць цікавасць з боку Кітая наладжваць супрацоўніцтва", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Хаа Пін расказаў, што ў 2015 годзе ў час дзяржаўнага візіту Старшыні КНР у Беларусь ён таксама знаходзіўся ў складзе дэлегацыі на пасадзе намесніка міністра адукацыі і асабіста змог адчуць гасціннасць і дружбу з боку жыхароў Мінска.

"Вы нагадалі перадгісторыю нашых адносін. Адна са старонак звязана з вамі. Гэта вельмі прыемна. Вы ведаеце Мінск, былі ў Мінску. Значыць, нам лягчэй будзе ўжо ў сферы адукацыі інтэнсіфікаваць нашы кантакты", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу расказаў, што Сі Цзіньпін у ходзе перагавораў успамінаў пра першую сустрэчу ў Мінску. "Ён быў намеснікам Старшыні і наведваў Мінск. І мне вельмі прыемна было, што ён памятае нават нюансы нашай сустрэчы", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама прыняў удзел у трэніроўцы і таварыскім матчы з хакейнай камандай ВНУ. "Многія нашы хакеісты ноч не спалі, хвалююцца. Наш універсітэт у розны час прымаў больш за 70 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Але, мабыць, гэта першы раз, калі кіраўнік замежнай дзяржавы згуляе ў хакейны матч з нашымі студэнтамі", - адзначыў Хаа Пін.

Аляксандр Лукашэнка выйшаў на лёд пад легендарную песню "Касіў Ясь канюшыну".

Пекінскі ўніверсітэт - ключавая вышэйшая навучальная ўстанова Кітая. Разам з універсітэтам Цынхуа лічыцца самай прэстыжнай ВНУ краіны. Прэзідэнт Беларусі ў верасні 2016 года выступаў перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта. У маі 2022 года заключана пагадненне з БДУ аб стварэнні сумеснай адукацыйнай праграмы па спецыяльнасці "біятэхналогія".

ЗВЕРКА ГАДЗІННІКАЎ. Як прайшла сустрэча на вышэйшым узроўні ў Эміратах

Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам прайшлі 8 снежня ў асабістай рэзідэнцыі кіраўніка ААЭ.

Аляксандр Лукашэнка і Мухамед бен Заід аль-Нахаян абмеркавалі пытанні насычанага двухбаковага парадку дня.

Яшчэ ў лютым, у час папярэдняй сустрэчы, кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб паглыбленні супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў. Беларусь і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты далі старт важным праектам, сёння лідары дзвюх краін зверылі гадзіннікі па ходзе іх рэалізацыі.

ААЭ - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі сярод арабскіх дзяржаў Заліва. Тавараабарот паміж краінамі сістэмна расце, паказваючы апошнім часам значную дынаміку і вынікі. У мінулым годзе Аб'яднаныя Арабскія Эміраты занялі трэцяе месца па агульным аб'ёме ўкладзеных у беларускую эканоміку інвестыцый. Паміж краінамі склаўся высокі ўзровень палітычнага дыялогу, што таксама пацвярджаецца інтэнсіўнасцю кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях.

Цяперашняя сустрэча кіраўнікоў дзяржаў праходзіла ў асабістай рэзідэнцыі Прэзідэнта Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Перагаворы доўжыліся амаль дзве гадзіны. "Дамашні, сямейны фармат", - менавіта так яго вызначыў запрашаючы бок.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў эмірацкаму калегу за цёплы прыём і ўважлівае стаўленне да беларускай дэлегацыі.

Нагадаем, у пачатку снежня ў Дубаі кіраўнік беларускай дзяржавы прыняў удзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату, на палях якога правёў шэраг міжнародных сустрэч.

ПАЧЫНАЕМ КАПАЦЬ. Чым запомніўся візіт Лукашэнкі ў Экватарыяльную Гвінею

Афрыканскі вектар у міжнародных кантактах Беларусі апошнім часам прымае ўсё больш відавочныя абрысы. Сведчанне таго - хаця б павышаная ўвага лідараў краін гэтага кантынента да Прэзідэнта Беларусі, што можна было назіраць па кадрах з саміту ў Дубаі.

Таму навіна аб чарговым візіце Аляксандра Лукашэнкі ў афрыканскія краіны ўжо не ўспрымаецца як нешта незвычайнае. Гэта прадаўжэнне мэтанакіраванай работы па ўстанаўленні трывалых сувязей Беларусі з дзяржавамі гэтага рэгіёна, пошук стратэгічных партнёраў.

Экватарыяльная Гвінея - невялікая па тэрыторыі краіна, размешчаная ў Цэнтральнай Афрыцы на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Але вельмі важная і паважаная ў рэгіёне дзяржава. Часткова дзякуючы адкрытым у канцы XX стагоддзя салідным радовішчам вуглевадародаў і шмат у чым дзякуючы палітыцы яе Прэзідэнта Тэадора Абіянга Нгемы Мбасога. Таму гісторыя поспеху ў Экватарыяльнай Гвінеі можа стаць прыкладам і вітрынай таго, на што здольна Беларусь у супрацоўніцтве і з іншымі афрыканскімі краінамі.

Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі ў верасні бягучага года прыязджаў з візітам у Мінск. Пасля гэтага актывізавалася работа на ўрадавым узроўні, і да афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Малаба бакі выйшлі ўжо з падрыхтаванай дарожнай картай па развіцці супрацоўніцтва на наступныя тры гады з пералікам з дзясяткаў канкрэтных напрамкаў і праектаў. Літаральна на працягу некалькіх месяцаў Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі ўдалося прайсці шлях, які ў выбудоўванні адносін паміж краінамі часам расцягваецца на гады.

Пра каларытную сустрэчу ў аэрапорце і ўражанні Прэзідэнта

У аэрапорце Аляксандра Лукашэнку ў другой палове дня 9 снежня сустракаў віцэ-прэзідэнт краіны Тэадора Нгема Абіянг Манге. Але беларускага лідара чакалі не толькі афіцыйныя асобы, але і шматлікія мясцовыя жыхары, творчыя калектывы. Традыцыйныя песні і гарачыя афрыканскія танцы - прымаючы бок зрабіў усё, каб сустрэча Аляксандра Лукашэнкі была не толькі ахутана экватарыяльным цяплом, але і напоўнена атмасферай шчырай дружбы і гасціннасці.

Пазней на перагаворах з Прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка вельмі цёпла выказаўся пра краіну. Гэта яго першы візіт у Цэнтральную Афрыку, і беларускі лідар быў уражаны тым, што ўбачыў у гэтай частцы цудоўнага Афрыканскага кантынента. "Прыгожыя лясы, горы, рэкі, багаты на рыбу Атлантычны акіян - сапраўды райскія скарбы. І я сказаў Прэзідэнту, што вы жывяце ў раі. Але самы вялікі скарб любой краіны, што аднолькава прымяняльна і да Беларусі, і да Экватарыяльнай Гвінеі, - гэта нашы людзі. Добрыя, працавітыя, якія шчыра жадаюць клапаціцца аб сваёй роднай зямлі, адкрыты новым ведам, вопыту, тонка адчуваюць сяброў і аднадумцаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што бачыць вялікі патэнцыял для развіцця Экватарыяльнай Гвінеі: "Вы сапраўды невялікая краіна, але з велізарнымі магчымасцямі. Некаторыя аб'екты, якія я ўбачыў тут, проста ўражваюць сваёй прыгажосцю. Я падумаў, што і нам было б складана пабудаваць такое".

Пра ўражальны рывок

"За апошнія паўгода мы зрабілі ўражальны рывок - абмяняліся візітамі на вышэйшым узроўні, стварылі сумесную пастаянную камісію па супрацоўніцтве, правялі яе першае пасяджэнне, істотна актывізавалі дзелавую актыўнасць", - канстатаваў беларускі лідар.

Ён адзначыў амбіцыйныя мэты, накіраваныя на павышэнне дабрабыту народа Экватарыяльнай Гвінеі, якія ставіць перад сабой Прэзідэнт гэтай краіны. І Беларусь гатова ў гэтым дапамагчы гэтак жа, як зрабіла ў супрацоўніцтве з яшчэ адной афрыканскай краінай - Зімбабвэ. "Краіна, якая не магла забяспечыць хлебам свой народ, сёння, як гаворыць Прэзідэнт Зімбабвэ, экспартуе збожжа. Усяго за два гады мы разам вырашылі гэту праблему", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Экватарыяльная Гвінея актыўна выступае за ўмацаванне афрыканскага адзінства, рэформу Савета Бяспекі ААН, што адлюстроўвае ролю Афрыкі на міжнароднай арэне, паглыбленне палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння ў Цэнтральнай Афрыцы.

"Мець такога сябра - вельмі вялікі гонар. Беларусь з'яўляецца надзейным партнёрам для Экватарыяльнай Гвінеі. Сваю дружбу мы падмацоўваем не толькі словам, але і справай", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што ў хуткім часе ў Малаба пачне працаваць пасольства Беларусі. Чакаецца, што да канца 2024 года пасольства Экватарыяльнай Гвінеі адкрыецца і ў Беларусі.

Пра комплексныя рашэнні для развіцця Экватарыяльнай Гвінеі

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць прадаставіць комплексныя рашэнні для развіцця Экватарыяльнай Гвінеі. "Беларусь мае вопыт механізацыі і індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі, наша тэхніка, тэхналогіі простыя і надзейныя, - запэўніў Прэзідэнт. - Упэўнены, што наша грузавая, аўтобусная, дарожна-будаўнічая, камунальная, пажарная, кар'ерная, лесанарыхтоўчая тэхніка будзе запатрабавана".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў і хуткае развіццё супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя. Тут размова ідзе аб дапамозе ў кіраванні бальнічнымі комплексамі, арганізацыі першаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву, падрыхтоўцы кадраў, пастаўках фармпрэпаратаў і медыцынскай тэхнікі. Беларускі бок прадаставіў гранты гвінейскім студэнтам для навучання ў медыцынскіх ВНУ на тэрыторыі Беларусі.

Каб яшчэ больш зблізіць народы дзвюх краін, неабходна актыўна выкарыстоўваць магчымасці гуманітарнай сферы - адукацыя, навука, спорт, турызм, культура.

У сваю чаргу беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках гвінейскай какавы, трапічных агародніны і фруктаў, сумеснай перапрацоўцы рыбнай прадукцыі.

"Беларусь гатова стаць для вашай краіны мостам у Еўразію. Разлічваем на вашу сустрэчную падтрымку ў рамках Афрыканскага саюза і іншых інтэграцыйных аб'яднанняў. Перакананы, гэта будзе садзейнічаць росту дзелавой актыўнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сумесная работа бізнес-колаў і нацыянальных гандлёва-прамысловых палат павінна стаць ключавым звяном у працэсе выбудоўвання і фарміравання новых устойлівых бізнес-сувязей.

Пра ключавы падыход да супрацоўніцтва

У ходзе перагавораў і за іх рамкамі Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў на розную аўдыторыю сказаў пра галоўнае - тое, у якой якасці Беларусь прыйшла ў Экватарыяльную Гвінею і пра які менавіта фармат супрацоўніцтва ідзе гаворка. "Мы, вядома ж, не прыехалі ў вашу краіну займацца дабрачыннасцю. Такой магчымасці ў нас няма, ды гэта і не трэба. Але і нажывацца за кошт вашых людзей, вашай краіны мы не збіраемся. Мы не каланізатары. Мы вашы сябры. Перадаючы вам тэхналогіі па многіх напрамках, у якіх вы маеце патрэбу, мы абучым вашых людзей гэтым тэхналогіям. Мы не будзем прысылаць да вас сваіх рабочых. Мы прышлём сюды дастатковую колькасць спецыялістаў, у сельскай гаспадарцы гэта, прамысловасці, ахове здароўя, ці адукацыі... А працаваць будуць вашы людзі. І наша задача - гэтаму навучыць вашых людзей", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы прыйшлі ў Экватарыяльную Гвінею як сябры, і прапанаваў зрабіць усё неабходнае, каб пашырыць супрацоўніцтва і на іншыя краіны рэгіёна. "Я вельмі хацеў бы, каб мы з вамі зрабілі ўсё, каб з Экватарыяльнай Гвінеі мы маглі рушыць у іншыя краіны Афрыканскага кантынента з тымі тэхналогіямі, якія мы асвоім тут. Мы павінны дапамагчы тым краінам, якія хочуць дабрабыту сваім народам і развіцця сваім дзяржавам. Думаю, гэта ў нашых сілах ажыццявіць", - сказаў ён.

Па выніках перагавораў кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў: "Хачу, каб і народ Экватарыяльнай Гвінеі, і ў Афрыцы народы даведаліся: мы не ідзём сюды, каб нешта ўварваць. Мы хочам з вамі супрацоўнічаць на ўзаемавыгаднай аснове. Не дабрачыннасцю займацца - гэта пойдзе толькі на шкоду нашым народам. Мы будзем супрацоўнічаць у імя нашых народаў".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Экватарыяльнай Гвінеі цяпер не патрэбны нейкія высокія тэхналогіі. Напрыклад, гэтай краіне не трэба запускаць у космас касмічныя апараты. Размова ідзе аб рэалізацыі больш прыземленых, але вельмі неабходных праектаў. І ў Беларусі ёсць неабходныя тэхналогіі, каб падняць Экватарыяльную Гвінею на адну-дзве прыступкі вышэй.

"Краіна не павінна траціць валюту на закупкі тых прадуктаў і тавараў, якія магчымы да вытворчасці ў Экватарыяльнай Гвінеі. Аксіёма", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра дарожную карту і сем дзясяткаў праектаў

Пасля завяршэння перагавораў у Малаба прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Тэадора Абіянг Нгема Мбасога падпісалі дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея. Яна распрацоўвалася з улікам патрэбнасцей экватагвінейскага боку і мае комплексны характар. Дакумент ахоплівае 15 ключавых напрамкаў узаемадзеяння, уключаючы кааперацыйныя праекты, пастаўкі беларускай тэхнікі і арганізацыю яе абслугоўвання, сельскагаспадарчую сферу, ахову здароўя, фармацэўтыку і рэалізацыю медыцынскага абсталявання, лясную гаспадарку. Дарожная карта разлічана на 2024-2026 гады.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны пакет дакументаў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва ў розных сферах.

"Па выніках візіту і перагавораў мы, без перабольшання, далі старт новаму этапу ў адносінах Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі. Усяго за год праведзена работа, на якую ў многіх краін ідуць дзесяцігоддзі. Гэты факт вельмі выразна сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці і імкненні вывесці партнёрства на якасна новы ўзровень", - заявіў беларускі лідар.

У ліку перспектыўных праектаў: будаўніцтва аграгарадка з неабходнай інфраструктурай; узвядзенне ста сацыяльных жылых дамоў; стварэнне завода па вытворчасці керамічнай цэглы магутнасцю да 40 млн штук у год; пастаўка пажарных машын, будаўнічай і іншай тэхнікі, у тым ліку для рэалізацыі сумеснага праекта па лесанарыхтоўцы і стварэнні новых сельгасугоддзяў; правядзенне работ па электрыфікацыі аддаленых раёнаў. "Я ўжо не гавару аб ахове здароўя, адукацыі і гэтак далей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ёсць дамоўленасці па вырошчванні асобных відаў сельгаскультур, адкрыцці аграхімічных лабараторый і іншыя.

"Хацеў бы асабліва адзначыць, што дасягнуты пагадненні па рэалізацыі першага этапу стварэння рэгіянальнага хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі на рынкі краін Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вырашана пачаць актыўную работу адразу - без разварушвання і бюракратычнай цяганіны. Усе ўзнікаючыя праблемныя пытанні будуць аператыўна вырашацца, калі спатрэбіцца - з падключэннем кіраўнікоў дзяржаў. Урадам дадзены даручэнні ў сціслыя тэрміны прыняць неабходныя меры - фінансавыя, прававыя, арганізацыйныя", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што падпісаныя бакамі дакументы маюць агульны характар, але ў развіццё гэтых дакументаў ужо дамовіліся аб 74 канкрэтных праектах. "Вось гэта подзвіг, які здзейснілі члены ўрадаў Экватарыяльнай Гвінеі і Беларусі, нашы спецыялісты. 74 канкрэтныя праекты, якія мы павінны рэалізаваць у бліжэйшыя 2-3 гады. Заўтра пачынаем капаць зямлю ў Гвінеі і вырашаць праблемы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пра незалежнасць Экватарыяльнай Гвінеі і чаму варта навучыцца ў Беларусі

У сваім выступленні па выніках перагавораў Тэадора Абіянг Нгема Мбасога адзначыў вялікую колькасць падпісаных пагадненняў і сур'ёзнасць намераў па рэалізацыі дамоўленасцей, якая дэманструецца Беларуссю. "Я ўжо сказаў свайму сябру, за што мы змагаемся ў гэты момант - за эканамічную незалежнасць. Мы набылі палітычную незалежнасць, але ўсё яшчэ эканоміка працягвае заставацца стрымліваючым фактарам. Ёсць краіны, якія не хочуць развіцця для Афрыкі, - сказаў Тэадора Абіянг Нгема Мбасога. - Але афрыканцы прачынаюцца. Мы бачым ужо, што нас падманулі. Мы расчараваны. І там, дзе мы мелі надзею, мы не зможам нічога атрымаць ад нашых былых каланізатараў".

У сувязі з гэтым, упэўнены Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі, неабходна мяняць сферы ўзаемадзеяння ў гэтым новым працэсе, і ў тым ліку сур'ёзна працаваць з беларускім бокам. "Гэта дысцыплінаваны народ. Гэта народ, які выконвае тое, што абяцае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён заклікаў і народ сваёй краіны дзейнічаць у тым жа ключы: "Мы павінны выканаць тое, што прадастаўляецца нашай краіне. Наш менталітэт з'яўляецца часткай тармажэння нашага развіцця. Таму я заклікаю суайчыннікаў уключыцца ў гэта супрацоўніцтва з вялікай дысцыплінай. Мы павінны зразумець і навучыцца ад нашай дружалюбнай краіны".

Тэадора Абіянг Нгема Мбасога заявіў аб рашучасці надаць імпульс стварэнню альянсу Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі, каб забяспечыць устойлівае развіццё і сумесна процістаяць глабальным выклікам. "Упэўнены, што наш альянс Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі будзе цвёрда рухацца наперад, каб выканаць нашы абавязацельствы ў рамках Парадку дня-2030. Для нас Беларусь з'яўляецца прыярытэтам у нашай знешняй палітыцы", - сказаў экватагвінейскі лідар.

Ён узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Незалежнасці Экватарыяльнай Гвінеі. Гэты ордэн - адна з вышэйшых дзяржузнагарод краіны.

Прымаючы ордэн, Прэзідэнт Беларусі заявіў: "Выхаду няма. Экватарыяльная Гвінея павінна быць незалежнай!"

Пра будучыню Афрыкі

Пасля завяршэння перагавораў і цырымоніі падпісання дакументаў адбыўся афіцыйны прыём у гонар Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад імя Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянга Нгемы Мбасога.

"Свет мяняецца. Ён будзем іншым. І вяртання да таго, што было, ніколі ў далейшым не будзе. Народы свету разумеюць. У большасці сваёй зразумелі, што будучыня за Афрыкай. Надышоў час Афрыкі. Скажу адкрыта, што будзе вельмі складана такім краінам, як Экватарыяльная Гвінея, Беларусь, устаяць паасобку ў гэтым шалёным свеце. І для таго, каб не проста выстаяць, а заняць сваё месца ў гэтым зменлівым свеце, каб не загінуць, не згінуць, мы павінны быць бліжэй адзін да аднаго. Толькі разам, ідучы плячо ў плячо, трымаючыся за рукі, мы зможам у гэтым свеце ўстаяць", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што многія з паўсотні афрыканскіх дзяржаў здабылі палітычную свабоду, але гэта нават не палавіна шляху. "Вельмі цяжкія часы чакаюцца. Афрыканскім краінам трэба здабыць эканамічную свабоду і эканамічную незалежнасць. Амаль палавіна прыродных рэсурсаў тут, у Афрыцы. І гэта палавіна прыродных рэсурсаў свету павінна працаваць на карысць народаў Афрыканскага кантынента. У гэтым сутнасць эканамічнай свабоды, да якой вы павінны прыйсці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што на гэтым шляху Беларусь будзе надзейным сябрам Экватарыяльнай Гвінеі і яе народа.

"Давайце зробім усё, каб на працягу трох гадоў (дарожная карта разлічана на 2024-2026 гады. - Заўвага БЕЛТА) рэалізаваць гэтыя праекты. Для таго каб ажыццявіць нашы планы, у нас ёсць усё. Але самае галоўнае, у нас з вамі ёсць жаданне і людзі, накіраваныя ў будучыню, якія гатовы ажыццявіць запланаванае", - упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пра новую сталіцу і сустрэчу на мацерыку

У другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з астраўнога сталічнага горада Малаба прыбыў на мацерыковую частку Экватарыяльнай Гвінеі. Прэзідэнцкі борт прызямліўся ў аэрапорце горада Менгамеен. Аляксандра Лукашэнку ля трапа сустрэў Прэзідэнт краіны Тэадора Абіянг Нгема Мбасога. Ён запрасіў беларускага лідара паглядзець на новую сталіцу Экватарыяльнай Гвінеі - Сьюдад-дэ-ла-Пас, назва якога з іспанскай мовы перакладаецца як Горад міру.

Па гатовых аб'ектах будучай сталіцы прэзідэнты вырашылі паехаць на адной машыне. У час праезду па будучай сталіцы Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі паказаў кіраўніку беларускай дзяржавы Афра-Амерыканскі ўніверсітэт Цэнтральнай Афрыкі, шпіталь "Ла Пас Аяла", Дом урада.

Горад размешчаны на ўсходзе кантынентальнай часткі краіны і раней называўся Аяла, але ў 2020 годзе быў перайменаваны ў Сьюдад-дэ-ла-Пас. Ініцыятыва пераносу сталіцы належыць Прэзідэнту Экватарыяльнай Гвінеі. Прадугледжваецца, што новая сталіца будзе спалучаць новыя павевы ў архітэктуры і традыцыйныя культурныя элементы, пашыраць ідэнтычнасць горада. Чакаецца, што ў гарадской гаспадарцы вялікая роля будзе адведзена аднаўляльным крыніцам энергіі.

Размова лідараў краін прадоўжылася за нефармальным абедам. Нягледзячы на больш аблегчаны фармат, Аляксандр Лукашэнка і Тэадора Абіянг Нгема Мбасога прадоўжылі сур'ёзную размову на тэму развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.

Кіраўнік беларускай дзяржавы пагутарыў і з першай лэдзі Экватарыяльнай Гвінеі - жонкай Прэзідэнта Канстансіяй Манге дэ Абіянг, якая ўжо была ў Беларусі і курыруе ў сябе ў краіне сферу медыцыны.

На завяршэнне візіту Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі праводзіў Аляксандра Лукашэнку да трапа самалёта.

СУМЕСНАЯ БУДУЧЫНЯ. Што Лукашэнка прапанаваў Прэзідэнту Кеніі на сустрэчы ў Найробі

Самалёт беларускага лідара ўвечары 10 снежня ўзяў курс на сталіцу Кеніі - горад Найробі. Сустрэцца лідары краін дамовіліся яшчэ ў пачатку снежня на палях саміту па клімаце ў Дубаі.

Ля трапа кіраўніка беларускай дзяржавы сустрэў міністр сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі Кеніі Міціка Лінтуры. Дарэчы, у чэрвені ён разам з міністрам гандлю, інвестыцый і прамысловасці Кеніі прыязджаў у Беларусь. Тады на сустрэчах у профільных ведамствах і ў МЗС абмяркоўваліся тэмы супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы, у тым ліку ў частцы механізацыі і індустрыялізацыі працэсаў, паставак тэхнікі, угнаенняў, падрыхтоўкі кадраў.

Прэзідэнт Кеніі Уільям Рута цёпла вітаў Аляксандра Лукашэнку. "Мы вельмі рады, што Вы знайшлі час прыехаць да нас. Разумею, што візіт будзе кароткатэрміновым, але тым не менш ад гэтага не менш сардэчным з нашага боку. Гэта не афіцыйны візіт. Тым не менш гэта дае нам магчымасць запланаваць афіцыйны візіт. Зразумела ж, мы вельмі рады, што Вы знайшлі час наведаць нас і быць сёння з намі", - сказаў ён.

Кенійскі лідар нагадаў, што ў час мінулай сустрэчы на Сусветным саміце па клімаце ў Дубаі кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы аб неабходнасці інтэнсіфікаваць кантакты паміж Беларуссю і Кеніяй. "Мы дамовіліся, што сумесна паглядзім на нашы магчымасці і сферы, дзе мы маглі б супрацоўнічаць, і выбудоўваць адносіны ўжо на той аснове, якую мы стварылі паміж нашымі дзвюма краінамі", - адзначыў Уільям Рута.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў выпрацаваць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва з Кеніяй. "Мы з вамі дамовіліся ў Дубаі, што сустрэнемся і абмяркуем нашы першыя крокі па ўстанаўленні гандлёва-эканамічных і больш цесных палітычных адносін", - сказаў у пачатку сустрэчы беларускі лідар.

Паводле яго слоў, цяпер трэба вызначыць напрамкі далейшага супрацоўніцтва і выйсці на нейкі канкрэтны план па гэтых напрамках. "Калі мы хочам супрацоўнічаць, я ўпэўнены, што мы такі план - дарожную карту - зможам выпрацаваць. Так, як мы гэта зрабілі з іншымі краінамі Афрыканскага кантынента", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"Вы павінны ведаць, спадар Прэзідэнт, што калі мы дамовімся, мы пройдзем хутка гэты шлях. Таму што Ваша краіна вельмі важнае стратэгічнае становішча займае ў Афрыцы. Вы ў многім вызначаеце палітыку Афрыканскага кантынента. Пра гэта мне расказваў Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

З улікам таго, што на вышэйшым узроўні прынята рашэнне інтэнсіфікаваць двухбаковыя адносіны, кіраўнік дзяржавы прапанаваў групам спецыялістаў з Беларусі і Кеніі абмяняцца візітамі, блізка пазнаёміцца з краінамі, каб падрыхтаваць канкрэтны план дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка таксама запрасіў свайго кенійскага калегу зрабіць візіт у Беларусь. "Я буду рады сустрэць Вас у любы час. Думаю, у першым паўгоддзі будучага года Вы знойдзеце такі час, каб прыехаць да нас у Мінск", - сказаў ён.

У Найробі Прэзідэнт Беларусі зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей: "Мінск зацікаўлены сур'ёзна ўмацаваць супрацоўніцтва з Найробі па шырокім спектры напрамкаў, перш за ўсё ў гандлёвай і інвестыцыйнай сферах. Упэўнены, у нашых краін вялікая сумесная будучыня. Жадаю Прэзідэнту Кеніі шчасця і здароўя, а дружалюбнаму кенійскаму народу - працвітання і дабрабыту".

У канцы Аляксандр Лукашэнка напісаў таксама фразу на беларускай мове: "Сардэчна дзякую i да новых сустрэч!"

Пасля завяршэння сустрэчы сам-насам Уільям Рута запрасіў беларускага калегу на вячэру.