Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
13.06.2023

Лапіцкі: білеты на канцэрты адкрыцця і закрыцця "Славянскага базару ў Віцебску" ўжо распрададзены

12 чэрвеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Білеты на канцэрты ўрачыстага адкрыцця і закрыцця "Славянскага базару ў Віцебску" распрададзены ўжо за месяц да пачатку маштабнага форуму. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміў генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Глеб Лапіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы чакаем у гэтым годзе больш як 5 тыс. артыстаў з амаль трох дзясяткаў краін. Ужо закрыты продаж білетаў на канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю, "Залаты хіт", вось-вось раскупяць білеты і на канцэрт Саюзнай дзяржавы. Гэта сведчыць аб тым, што не толькі жыхары нашай краіны, але і вялікая колькасць турыстаў цікавяцца нашымі праектамі. Нашы класічныя лакацыі паўстануць у новым выглядзе - гэта і канцэртная зала "Віцебск", і Летні амфітэатр, да 35-годдзя якога зрабілі падарунак і абнавілі арку. Гэта таксама наша пляцоўка open air, якая вельмі добра зарэкамендавала сябе ў мінулым годзе, і нашы вулічныя пляцоўкі фэсту "На сямі вятрах". Застаюцца і прывычныя ўсім тэатральныя, музейныя пляцоўкі, якіх мы не змяншаем, а кожны год іх колькасць прырастае", - сказаў Глеб Лапіцкі.

У гэтым годзе арка Летняга амфітэатра стане часткай сцэнаграфіі, і яе візуальныя магчымасці пашырацца. Тут на экранах будуць дэманстравацца промаролікі і інфармацыя па фестывальных мерапрыемствах.

На прэс-канферэнцыі пабывалі журналісты з розных выданняў Беларусі. Яны адправіліся на экскурсію на галоўную сцэнічную пляцоўку маючага адбыцца форуму мастацтваў, убачылі імёны артыстаў на Алеі зорак і паглядзелі, як ідзе падрыхтоўка да маштабнага мерапрыемства. Удзельнікі прэс-туру, у ліку якіх былі не толькі прадстаўнікі СМІ Віцебшчыны, але і іншых абласцей, змаглі задаць пытанні спікерам, якія прысутнічалі як у студыі абласнога медыяцэнтра, так і ў анлайн-фармаце.

Фота Аляксандра Хітрова